Воскресенье, 20 июня 2021

Вучні 22 школ прынялі ўдзел у раённай спартакіядзе

1 927

Не па-вясноваму халоднае надвор’е напрыканцы мінулага тыдня не перашкодзіла правядзенню раённай спартакіяды школьнікаў па лёгкай атлетыцы.


Вучні з 22 школ раёна на працягу двух дзён вызначалі лепшых у бегу, кіданні ядра і дыска, скачках у даўжыню. Традыцыйныя спаборніцтвы праходзілі на гарадскім стадыёне “Мухавец” і ў ДЮСШ №1.

Выступленне кожнага школьніка ішло ў агульнакамандны залік. Лепшых спартсменаў адзначылі і па выніках індывідуальнага першынства.


Усе навучальныя ўстановы былі падзелены на тры групы. У першай, куды ўваходзілі гарадскія школы, безагаворачным лідарам стала каманда Ліноўскай СШ. На другім месцы — СШ №4, на трэцім — каманда СШ №3.


У другой групе, сярод сельскіх сярэдніх школ, залатыя ўзнагароды заваявалі вучні Кляпацкай СШ. У тройцы лідараў таксама зборныя Слабадской СШ і Шчарчоўскага ВПК д/с-СШ.


У трэцюю групу ўваходзілі каманды спартсменаў базавых школ. Перамогу тут атрымала каманда Зеляневіцкага ВПК д/с-БШ, другія – вучні са Старавольскага ВПК д/с-БШ, а замыкае тройку зборная Бакунскага-1 ВПК д/с-БШ.


У індывідуальным заліку ўзнагароды атрымалі школьнікі, якія перамаглі ў пэўных відах спаборніцтваў. Некаторым пакарылася адразу некалькі відаў. Напрыклад, Мікіта Вакульчык з Ліноўскай СШ стаў лепшым у трайным скачку і скачках у даўжыню, а Надзея Паўзун са Слабадской СШ адзначана як пераможца забегаў на 1500 і 3000 м.
Падрыхтаваў Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік.