Пятница, 18 июня 2021

Людміла Богдан пра сваю прафесію: «Урач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг павінен быць моцным і духам, і целам»

1 698

Урач – яшчэ адна прафесія, пра якую кожны ведае з дзяцінства. Многія ў малым узросце мараць ратаваць людзей, прыдумаць лекі ад смяротных хвароб, зрабіць так, каб лячэнне ніколі не было балючым. Але ўжо ў старэйшых класах рамантычнае ўяўленне змяняецца разуменнем таго, наколькі гэта адказная справа. Таму і абіраюць самую паважаную прафесію на свеце нямногія.
Пра вучобу ў медыцынскім і пра тое, чаму не вучаць ва ўніверсітэце, пра работу ў камандзе і “баявое хрышчэнне” пандэміяй расказвае ўрач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг Людміла Богдан.


— Стандартнае пытанне нашай рубрыкі: як Вы прыйшлі да выбару прафесіі?
— Не магу сказаць, што ажыццявіла мару дзяцінства, але ў старэйшых класах я свядома выбірала сярод “адказных” прафесій. Скончыла школу з залатым медалём. Таму, у прынцыпе, выбіраць магла любы накірунак, але хацелася, каб мае веды прыносілі канкрэтную карысць. Прахадны бал на лячэбны факультэт адзін з самых высокіх у краіне (летась 368 балаў, заў.рэд.). Каб не рызыкаваць, а дакладна паступіць з першага разу, два гады я займалася з рэпетытарамі па біялогіі і хіміі. Так стала студэнткай Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Дарэчы, ні разу не пашкадавала, што зрабіла такі выбар і асвоіла менавіта гэтую прафесію.

— Атрымліваецца, што студэнтам медыцынскай ВНУ выбіраць даводзіцца двойчы: спачатку прафесію, затым – спецыяльнасць. Чаму такая далікатная дзяўчына выбрала адну з самых складаных спецыяльнасцей — анестэзіёлаг-рэаніматолаг?
— Мне хацелася ўжо калі ратаваць людзей, то ратаваць у прамым сэнсе гэтага слова. Наогул прынесці як мага больш карысці — гэта жаданне ўсіх студэнтаў-медыкаў, нездарма ў нас нават жарт ходзіць, што ўсе першакурснікі збіраюцца стаць нейрахірургамі або кардыёхірургамі.
Стаць анестэзіёлагам-рэаніматолагам складаней, чым проста паступіць у медыцынскі. У год, калі ішло наша размеркаванне, на Брэсцкую вобласць патрабавалася толькі тры такія спецыялісты. Але я вырашыла рызыкнуць! Пры адборы ўлічваўся сярэдні бал, тое, як ты сябе зарэкамендаваў падчас вучобы. Калі даведалася, што працягну вучобу па гэтай спецыяльнасці, то вельмі абрадавалася.

— Мяркую, што вучоба ў медыцынскай ВНУ моцна адрозніваецца ад іншых?
— Думаю, найперш, тымі аб’ёмамі інфармацыі, якія даводзіцца асвойваць у кароткія тэрміны. Здараюцца выпадкі, калі студэнты добраахвотна адлічваюцца ўжо з першага курса, бо разумеюць, што “не пацягнуць”. У медыцынскім нельга не вывучыць тэму і разлічваць, што “пранясе”. Але калі і “пашанцуе” на экзамене, то на практыцы ты абавязкова сустрэнешся з тым, што не вывучыў, а гэта ўжо можа каштаваць чалавеку жыцця. Нельга ўдзяляць менш часу “нецікавым” тэмам. Праз два гады работы (без уліку інтэрнатуры) магу з упэўненасцю сказаць, што на практыцы спатрэбіцца абсалютна ўсё, чаму вучылі, і нават больш.
Але наша прафесія гэта не толькі веды, гэта яшчэ і характар. Урач павінен быць стрыманым, умець узяць сябе ў рукі і хутка прыняць рашэнне. Асабіста я лічу, што з усімі гэтымі складанасцямі можна справіцца, калі ў вас вельмі моцнае жаданне дапамагаць людзям.

— Страшна пераходзіць ад тэорыі да практыкі?
— Страшна бывае і сёння. Але пра твой страх ніхто не павінен ведаць. Ён не павінен табе перашкаджаць. Падчас вучобы хапае практычных заняткаў, ва ўніверсітэце вітаецца, калі студэнты знаходзяць падпрацоўку ў лячэбных установах. Вельмі важна, як пройдзе інтэрнатура. Мне пашанцавала трапіць у выдатны калектыў Брэсцкай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі з мудрым кіраўніком Марынай Міхайлаўнай Паляковай. А пасля пашчасціла прыступіць да работы ў Пружанах. Тут таксама склаўся надзейны калектыў на чале з таленавітым доктарам Алегам Цеаміравічам Лазаковічам, да таго ж, у нашым аддзяленні дзяжурыць два ўрачы: ты ў любы момант можаш разлічваць на параду і дапамогу.

— Што сабой уяўляюць будні анестэзіёлага-рэаніматолага?
— Мы сочым за станам і карэкціруем лячэнне тых, хто знаходзіцца ў палатах рэанімацыі, уводзім наркоз і выводзім з наркозу пацыентаў хірургічнага аддзялення, суправаджаем цяжкіх хворых у Брэст. Расслабляцца нельга ні на адну мінуту, работа ў рэанімацыі цяжкая. Трэба ўмець працаваць у любы час сутак, нягледзячы на тое, што ты стаміўся. Трэба заўсёды памятаць, што кожнае выратаванае жыццё каштуе вельмі дорага і вялікае шчасце бачыць чалавека, якога ты выратаваў.
Акрамя моцнага характару, урач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг павінен быць дужым і фізічна: некаторыя маніпуляцыі патрабуюць і сілы, і вынослівасці.
Нашы ўрачы чытаюць цяпер больш, чым у гады вучобы: спецыяльная літаратура, блогі, вебінары, у тым ліку і ад замежных калег, — гэта ўсё таксама неад’емная частка нашага жыцця.

— Калі Вы выбіралі прафесію, то маглі ўявіць, што давядзецца працаваць ва ўмовах пандэміі?
— Такое ўявіць было немагчыма. Пандэмія стала сапраўдным выпрабаваннем для чалавецтва, а нагрузка на медыцынскіх работнікаў усяго свету павялічылася ў разы. У нашым аддзяленні ў рознай ступені перахварэлі ўсе супрацоўнікі. Таму, як толькі з’явілася магчымасць зрабіць прышчэпку ад каранавіруса, многія ў ліку першых прышчапіліся.
Зразумела, што мы больш стамляліся і фізічна, і маральна. Адным з самых складаных момантаў у нашай рабоце з‘яўляецца паведамленне родным пра смерць блізкага ім чалавека. У рэанімацыі падобнае наогул не рэдкасць, а ў перыяд другой хвалі COVID-19 даводзілася рабіць гэта часцей. На жаль, ніякі ўніверсітэт гэтаму не навучыць…
Гутарыла Кацярына Пашкевіч.
Фота Кацярыны Масік.