Воскресенье, 20 июня 2021

У вёсцы Стойлы прайшла прэм’ера батлеечнага спектакля «Самі з вусамі»

538

Драўляныя лялькi, вогнiшча і… лясныя прыгоды разумнага коціка. Днямі ў славутай в.Стойлы, дзе калісьці жыў і тварыў народны майстар Рэспублікі Беларусь Мікалай Тарасюк, адбылася прэм’ера чарговага батлеечнага спектакля «Самі з вусамі». Наладзілі яго ў сваім культурна-асветніцкім цэнтры «Вясковы рэнесанс» гаспадары сядзібы «Стулы» Ларыса і Аляксандр Быцко.


— Прататыпам галоўнага героя, ад імя якога і вядзецца аповед, стаў наш уласны кот па мянушцы Самі. Спектакль пра тое, як мы прывезлі яго з Брэста на сядзібу, а ён, «гарадскі жыхар», заблукаў у Белавежскай пушчы і сустрэў там шмат яе насельнікаў… Над спектаклем працавалі каля года: крок за крокам, сцэна за сцэнай стварылі прыгодніцкую гісторыю. Па задумцы спектакль стане часткай новага экалагічнага тура, на які вельмі хутка запросім турыстаў, — адзначаюць гаспадары сядзібы, якія дзіўным чынам паспяваюць ствараць свае спектаклі паміж асноўнай працай, стварэннем музейных экспазіцый і прыёмам гасцей.


Нагадаем, сёння ў рэпертуары батлеечнага тэатра сям‘і Быцко ўжо чатыры спектаклі: «Цар Ірад» прысвечаны калядным падзеям, «Прытулак памяці» — пра славутага майстра Мікалая Тарасюка, яго драўляны люд і знікаючую беларускую вёску. Трэці спектакль «Палеская батлейка» таксама прысвечаны Божаму Нараджэнню, яго адметнасць у тым, што расказ вядзецца на палескім дыялекце. І нарэшце вось гэты, чацвёрты, — пра ката, пушчу і экалагічныя праблемы.
Алена Зялевіч.