Воскресенье, 20 июня 2021

Як жывяце, шарашэўцы? Даведаліся, што хвалюе жыхароў пасёлка

673

Менавіта з такім пытаннем некалькі гадоў таму, як толькі пачыналі весці старонку “Пушчанскі куфэрак”, мы звярнуліся да жыхароў Шарашэва. Тады іх хвалявалі недастатковасць у пасёлку працоўных месцаў, адсутнасць разгалінаванай цэнтралізаванай каналізацыі, нязручны расклад руху аўтобусаў, забруджаны вадаём і іншыя праблемы. Што змянілася за гэты час? Якія пытанні хвалююць сёння? Пра гэта мы даведаліся адчас апошняй паездкі.

Святлана Іосіфаўна:


— Марым, каб наша цэнтральная плошча была больш добраўпарадкаванай. Вы паглядзіце на дарогу вакол яе — адны ямы і калдобіны! А яшчэ жадаем, каб зімой своечасова чысцілі не толькі праезную частку дарогі, але і тратуары, і абочыны. Ва ўсякім разе, сёлета дзецям было складана дабірацца да дзіцячага садка і школы…

Станіслава Іванаўна:


— Усё, на першы погляд, тут добра: і магазіны ёсць, і садок са школай, і аптэка з бальніцай. Але моладзь па-ранейшаму збягае адсюль, таму што ў пасёлку ім складана знайсці працу па душы… Чаго хацелася б уласна мне? Нават і не ведаю, хіба што не хапае тут “Еўраопта” ці яшчэ якога супермаркета.

Тамара Піліпаўна:


— Ну, як мы жывём?! Неяк жывём! Пенсіянерам, вядома, лягчэй, чым моладзі… Але хочацца, каб больш разнастайнымі былі мерапрыемствы для баўлення часу. Таксама было б добра, каб у пасёлку ўладкавалі дарожкі для веласіпедыстаў, а то плацім з-за нязручнага праезду штрафы, а выніку ніякага.

Фелікс Адольфавіч:


— Ёсць адна праблема: у нашым цэнтры культуры і вольнага часу няма… прыбіральні. Падчас масавых мерапрыемстваў гэта вельмі нязручна артыстам і гледачам. А аднойчы прыязджалі да нас палякі, дык сорамна было перад імі. Мне здаецца, каб рашыць праблему, можна было б усталяваць у цэнтры хоць бы адну біяпрыбіральню.

Крысціна:

— Мне шкада, што сябры з’язджаюць з Шарашэва і больш сюды не вяртаюцца… Вельмі хвалюе і тое, што ў цёплае надвор’е на дзіцячай пляцоўцы, што за цэнтрам культуры, “адпачываюць” далёка не дзеці. Накідаюць шмат смецця і акуркаў, а хтосьці па-вінен прыбіраць за імі. Не хапае культуры нашым людзям.

Анатоль Васільевіч:


— А мяне ўсё тут задавальняе! Магазіны розныя ёсць, універмаг такі, што пружанскі можа пазайздросціць. І на здароўе не скарджуся.

Таццяна:


— Зразумела, у нашым шарашэўскім жыцці не толькі станоўчыя моманты. Да апошніх, можна аднесці не толькі адсутнасць прыбіральні ў цэнтры… Таксама хочацца адзначыць не самы лепшы асартымент адзення і абутку ў нашых магазінах. Вымушаны ездзіць у Брэст ці праз інтэрнэт заказваць…

Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік