Воскресенье, 20 июня 2021

Да 35-годдзя аварыі на ЧАЭС: Афганістан і Чарнобыль прапаршчыка Уладзіміра Кердоля

932

Афганістан або Чарнобыль, трэцяга не дадзена: у 1986 годзе лёс паставіў перад падобным выбарам многіх савецкіх вайскоўцаў. Не стаў выключэннем і прапаршчык 330-га верталётнага палка, які на той момант базіраваўся ў Новых Засімавічах, Уладзімір Кердоль.

—Я пабываў ужо ў Афганістане ў 1982-м. Прызнацца, другі раз ехаць туды не хацелася… Але давялося накіравацца за Прыпяць. Праз чарнобыльскую зону прайшло больш за 80% асабовага саставу нашай часці. Чым я быў горшым ці лепшым за астатніх? — усміхаецца мужчына.


Сёння, праз 35 гадоў пасля катастрофы, пра тыя падзеі ён успамінае з зайздросным спакоем. І не таму, што на свае вочы не бачыў 150-метровае барвовае полымя і воблака-грыб над злашчасным чацвёртым энергаблокам. І не таму, што не збіраў кавалкі гарачага графіту і не застываў, як зачараваны, гледзячы на слуп блакітнага святла, які высока ў небе знікаў у бясконцасці… А таму, што ворага пад назвай “радыяцыя” ніхто не ведаў ў твар.


— Мы змагаліся з нябачным ворагам, толькі трэск дазіметраў, якія зашкальвалі, падказваў, што яна, радыяцыя, побач, — успамінае Уладзімір Сцяпанавіч.

Як усё пачыналася
Характэрна, што аб катастрофе на ЧАЭС вайскоўцы, у адрозненне ад звычайных грамадзян, даведаліся адразу 26 красавіка, не да канца былі зразумелымі толькі маштабы аварыі.


— Памятаю, што ў часці ў той дзень аб‘явілі трывогу. Паднялі 2-ю эскадрыллю 330 палка… Я ішоў па вуліцы і сустрэў намесніка камандзіра: “Што здарылася?” – пытаю. — “Ай, недзе там, ва Украіне, на атамнай станцыі паломка. Два нашыя экіпажы адправіліся на радыяцыйную разведку”… Яны праз пару дзён вярнуліся з дапушчальнай, як тады казалі, нормай радыяцыі.


Праз некаторы час у Чарнобыль адправілі наземную брыгаду. Затым экіпажы МІ-8… Верталётчыкі з Новых Засімавіч скідвалі на рэактар сумесь са свінцом і даламітам для прадухілення далейшага разагрэву і памяншэння выкідаў радыеактыўных аэразоляў у атмасферу.


— Скідвалі і гліну: навукоўцы з Чаркаскага ўніверсітэта вызначылі, што яна заглушае радыяцыю, — распавядае ліквідатар.


А ў гэты час па ўсёй краіне актыўна рыхтаваліся да традыцыйных першамайскіх шэсцяў — і прайшлі яны ў штатным рэжыме ў сталіцах савецкіх рэспублік, і ў абласных, і ў раённых цэнтрах. Ніхто нават не спрабаваў неяк засцерагчы людзей ад радыяцыі ў тыя дні. Толькі 14 мая Міхаіл Сяргеевіч Гарбачоў выступіў з афіцыйным зваротам пра чарнобыльскую катастрофу і ў лепшых традыцыях таго часу заявіў пра тое, што “ўсё пад кантролем”…

Праз 10 месяцаў
— Тады цяжка было меркаваць: правільнае гэта было рашэнне або не — не паведамляць усё і адразу. Магчыма, улады баяліся, што пачнецца паніка, — паціскае плячыма Уладзімір Кердоль. — Мы, ваенныя, загады не абмяркоўвалі… Экіпажы з Новых Засімавіч працягвалі лётаць у Чарнобыль да таго часу, пакуль рэактар не быў заглушаны… А што тычыцца мяне, памятаю, як у лютым 1987 г. з Гродна, са штаба арміі, прыйшла тэлеграма: мяне адпраўлялі другі раз у Афганістан. Я, вядома ж, расхваляваўся: зноў жонка з двума маленькімі дзецьмі застанецца адна… Аднак праз некаторы час тэлефануюць з часці: не хвалюйся, ніякага Афганістана табе, едзеш у Чарнобыль. І паехаў. У арміі ж не скажаш: “Не хачу”.
Цягнік хутка даставіў прапаршчыка Кердоля ў Кіеў, у штаб фарміравання ваеннай калоны. Адтуль чарговая змена будучых ліквідатараў на аўтобусах адправілася ў горад Чарнобыль.

— Прыбылі на галоўны кантрольна-прапускны пункт, які размяшчаўся на мяжы 30-кіламетровай зоны адчужэння ў сяле Дзіцяткі. Там перасадзілі на іншыя машыны і без усялякіх індывідуальных сродкаў абароны адправілі далей. Добра запомніў першую “чарнобыльскую” вёску Залессе. Жудасна. Усе брамкі і веснічкі ў сядзібах былі адкрыты… Відавочна, што гаспадары спяшаліся… Што дзіўна, на снезе наогул не было слядоў. І галасоў не было. Толькі злавесная цішыня постапакаліпсіса. Здавалася, не толькі людзі, але і жывёлы, і птушкі зніклі.

43 дні «пад кантролем»
Ліквідатараў размясцілі ў будынку былога райкама партыі, насупраць працавалі навукоўцы, фізікі-ядзершчыкі.


— Сярод іх — адзін з кіраўнікоў аператыўнымі работамі па ліквідацыі наступстваў катастрофы, вядомы акадэмік Яўген Паўлавіч Веліхаў. Часта перасякаліся з ім па дарозе на працу, — успамінае мой суразмоўца, да моманту прыезду якога ў Чарнобылі над чацвёртым рэактарам ужо быў узведзены саркафаг.


— Абгарэлых людзей я не бачыў, хворых на прамянёвую хваробу таксама. Гэта змякчала ўспрыманне таго, што адбывалася. Радыяцыю ж не бачыш. Аднак норма яе ў паветры і ў глебе, а значыць, і ў вадзе, была перавышаная ў разы… У першы ж дзень нас пераапранулі, выдалі дазіметры і назапашвальнікі. А сваю вопратку мы склалі ў цэлафанавыя пакеты і запаялі… На другі дзень у горле пачалося дзіўнае пяршэнне, якое не праходзіла, пакуль мы адтуль не з’ехалі.
Кожны дзень Уладзімір Кердоль з саслужыўцамі атрымліваў сакрэтныя зводкі са штаба, а потым адпраўляў іх на 24 важныя адрасы, пачынаючы ад міністра абароны да галоўнакамандуючага Узброенымі Сіламі СССР.


— Са штаба ішла самая аб’ектыўная інфармацыя. Іншае пытанне, што цэнтр яе не мог афішаваць. Памятаю такі выпадак: днявальны замяраў радыяцыю ў нашым будынку, да яго падышоў адзін афіцэр і кажа: “Што ты тут замяраеш, калі вы пяць разоў на дзень дэзактывацыю праводзіце! Выйдзі на вуліцу”. Якраз пачаў снег раставаць, паставілі дазіметр на зямлю — зашкаліў… Павінны, мабыць, прайсці сотні гадоў, перш чым перастануць стракатаць дазіметры і чалавек скажа: нарэшце радыяцыю перамаглі.

Абед, медагляд і саўна па раскладзе
— Кармілі нас добра, — сцвярджае ліквідатар. — Сняданак, абед, вячэра па раскладзе. Не ведаю, праўда, адкуль толькі свежыя агародніна і садавіна ў нашу сталовую (пад гучнай назвай “Прыпяць”) завозіліся. Памятаю, як здзівіўся, калі ўпершыню пабачыў хлеб і батоны, запакаваныя ў цэлафан. Цяпер гэта – норма. Сырую ваду мы не пілі, толькі “Баржомі” з магазіна, які размяшчаўся непадалёк ад нашай базы. У ім жа атаварваліся пажылыя людзі, якія не захацелі з Чарнобыля выязджаць…


— Кожны дзень мы хадзілі ў саўну. Абавязкова ішлі ў парылку, спадзяваліся такім чынам вывесці з арганізма назапашаныя за дзень таксіны. Хлопцы з Масквы, якія працавалі са мной, заўсёды бралі ў лазню японскія дазіметры, якія былі адчувальныя нават да мінімальнага ўзроўню радыяцыі. Вядома, трашчалі…


У кожнага з ліквідатараў быў пропуск у “мёртвы горад” Прыпяць, але Уладзімір Кердоль ім так і не скарыстаўся.


— Стараліся менш не толькі выязджаць, але і выходзіць з будынкаў. Аднойчы, праўда, вечарам вырашылі прайсціся па пустых вуліцах старога Чарнобыля. І чуем: “Ку-ка-рэ-ку!” Адкуль? Аказалася, што людзі, выязджаючы са сваёй хаты, пакінулі пеўня. Вось пашчасціла яго пачуць…


У абавязковым парадку раз у тыдзень ліквідатары праходзілі медагляд, вымяралі ціск, здавалі аналізы.

Дарога дадому
— 27 сакавіка, пасля заканчэння змены, мы здалі свае назапашвальнікі. Нам сказалі, што адразу складана праверыць, колькі ў арганізме назапасілася радыяцыі, гэта, маўляў, вельмі доўгі працэс. Нам выдалі вялікую раздрукоўку з усімі вынікамі даследаванняў, яна доўга захоўвалася ў маёй медыцынскай картцы. А ў 1994 годзе, калі пакінуў службу, яе ўжо ў картцы не было. Хто выдаліў — не ведаю, — здзіўляецца Уладзімір Сцяпанавіч.
Па ўласным прызнанні, ён толькі з узростам адчуў пагаршэнне здароўя, але заўсёды звязваў гэта з тым, што восем гадоў пасля службы ў войску працаваў яшчэ на асфальтавым заводзе.


— Малады быў, дужы. Але ўсё роўна тады, у 87-м, з Чарнобыля ад’язджаў з лёгкім сэрцам… У зоне адчужэння нашу машыну ніхто не спыняў, а вось пасля КПП некалькі разоў патруль тармазіў, каб замераць узровень радыяцыі… Па прыездзе дадому ў мяне пачала вельмі моцна лупіцца, як пасля апёку, скура на руках. Неяк сустрэў начальніка медслужбы і спытаў, што рабіць? А ён прамаўчаў…
Алена Зялевіч.
Фота Кацярыны Масік.