Воскресенье, 20 июня 2021

“Велікасельскае Агра”, “Агра-Калядзічы”, “Шані-аграпрадукт” і “Мурава” актыўна вядуць сяўбу буракоў

876

Ці задумваліся вы пра тое, што цыкл сельгасработ можна параўнаць з будаўніцтвам дома? Калі ўборачная кампанія – гэта фінальны этап, то пасяўная – закладка падмурка. Ад таго, наколькі граматна яна будзе праведзена, залежаць і ўраджайнасць, і фінансавае становішча гаспадаркі. Зараз у раёне актыўнымі тэмпамі ідзе сяўба цукровых буракоў.


Іх вырошчваннем займаецца чатыры сельгаставарыствы Пружаншчыны – “Велікасельскае Агра”, “Агра-Калядзічы”, “Шані-аграпрадукт” і “Мурава”.


Салодкую культуру ў ААТ “Мурава” сёлета пасеялі
на плошчы 150 га. Гэта крыху менш, чым летась. На палетках сельгаставарыства ў гэтым сезоне пасеяны гібрыды замежнай селекцыі “лімузін”, “мелроўз”, “чарльстоўн”, “федэрыка”, а таксама “гунар” і “францыск”.


Сяўба цукровых буракоў пачалася 12 красавіка. Як расказаў галоўны аграном ААТ “Мурава” С.С.Сцяпанаў, папярэднічала гэтаму вялікая карпатлівая работа. Так падрыхтоўка глебы пачалася яшчэ восенню, калі ў яе былі ўнесены хлорысты калій і суперфасфат разам з арганічнымі ўгнаеннямі. Непасрэдна перад сяўбой таксама ўносіцца азот і прэпараты для глебы, якія ўкатваюцца агрэгатамі. Толькі пасля гэтага па палетку праходзіць сеялка.


На самаходным апырсквальніку «Berthoud Boxer 4000R» працуе механізатар В.А.Рудчык.


Тэмпы сяўбы ў гаспадарцы высокія: за дзень засявалі па 20-25 гектараў і ўжо 21 красавіка здолелі завяршыць сяўбу буракоў. Па словах Сяргея Сяргеевіча, першыя ўсходы ў залежнасці ад умоў надвор‘я павінны з’явіцца праз 12-14 дзён. Затым салодкую культуру чакае дзве вегетатыўныя апрацоўкі. Перад смыканнем бацвіння ў радках у глебу ўнясуць азот. Некаранёвая борная апрацоўка папярэджвае гніенне «сардэчка» караняплодаў, а марганцавыя ўгнаенні дазваляюць лепш назапашваць цукар.

Ужо восьмы сезон на пасадцы цукровых буракоў у ААТ «Мурава» шчыруе механізатар І.У.Карунас.


Дарэчы, па выніках мінулага сезона цукрыстасць культуры ў гаспадарцы была вышэйшай за сярэдняраённую, а забруджанасць, наадварот, ніжэйшай. Як паабяцалі ў таварыстве, такіх жа паказчыкаў паспрабуюць дасягнуць і сёлета.
Уладзіслаў Шпарла, Кацярына Масік (фота).