Воскресенье, 20 июня 2021

Наступствы аварыі на ЧАЭС: асноўнай крыніцай паступлення ў арганізм чалавека радыенуклідаў цяпер з‘яўляюцца дары лесу

286

Мерапрыемствы ў адпаведнасці з Дзяржаўнымі праграмамі па пераадоленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы ўсе гэтыя 35 гадоў праводзіліся ў тым ліку і на тэрыторыі нашага раёна. У выніку плошча забруджанай радыенуклідамі тэрыторыі Брэсцкай вобласці зменшылася з 14% да 5,9%.


Штогод на пастаяннай аснове лабараторыяй санітарна-эпідэміялагічнай службы Пружанскага раёна ажыццяўляецца радыеметрычны кантроль харчовых прадуктаў, пітной вады і аб’ектаў навакольнага асяроддзя.


У мінулым годзе намі было даследавана 70 проб харчовых прадуктаў на ўтрыманне радыенуклідаў цэзію-137 і стронцыю-90, у тым ліку 58 проб з грамадскага сектара і 12 — з асабістых падсобных гаспадарак. У грамадскім сектары і ў асабістых падсобных гаспадарках усе пробы адпавядалі дапушчальнаму ўзроўню.


Асноўнай крыніцай паступлення ў арганізм чалавека радыенуклідаў цяпер з‘яўляюцца дары лесу. Таму ў перыяд масавага збору ягад і грыбоў сумесна з Пружанскім лясгасам намі ажыццяўляецца работа па іх даследаванні. Заўважу, што ў цяперашні час рэгіструюцца забруджаныя радыенуклідамі дары лесу, сабраныя ў лясах Лунінецкага, Столінскага, Пінскага раёнаў, перыядычна — на тэрыторыях Іванаўскага і Драгічынскага раёнаў. Пераканаўча просім праводзіць радыеметрычны кантроль харчовых прадуктаў у спецыялізаваных лабараторыях, удакладняць у прадаўцоў на рынках наяўнасць дакументаў, якія пацвярджаюць бяспеку дароў лесу, не купляць дадзеную прадукцыю ў неўстаноўленых для гандлю месцах і на аўтатрасах.


Нашымі спецыялістамі праводзіцца пастаянны радыяцыйны маніторынг натуральнага гама-фону ў кантрольных кропках на адміністрацыйнай тэрыторыі, радыяцыйны кантроль зямельных участкаў, якія адводзяцца для будаўніцтва жылых дамоў, аб’ектаў грамадскага і вытворчага прызначэння, пры здачы аб’ектаў у эксплуатацыю, дзеючых аб’ектаў і тэрыторый жылога, вытворчага і грамадскага прызначэння, а таксама прыродных аб’ектаў.


Цяпер магутнасць дозы гама-выпраменьвання на тэрыторыі Пружанскага раёна знаходзіцца ў межах натуральнага гама-фону.

Варта ведаць, што даследаванні прадуктаў харчавання, якія выкарыстоўваюцца для асабістага спажывання, можна зрабіць бясплатна пры звароце ў раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.
Марына Мялешка, памочнік урача-гігіеніста ДУ «Пружанскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі».