Четверг, 3 декабря 2020

Кодекс об образовании РБ: что нужно знать родителям?

2 127

13 студзеня 2011 года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка падпісаў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. Зроблены важны крок да ўдасканалення нацыянальнага заканадаўства, якое рэгулюе грамадскія адносіны ў сферы адукацыі. 1 верасня кодэкс уступіў у сілу.

Сёння мы хацелі б засяродзіць увагу на тых абавязковых момантах, якія павінны ведаць вучні і іх бацькі. Па каментарыі звярнуліся да намесніка начальніка аддзела адукацыі райвыканкама І.А.Валянцюк.

— Іна Антонаўна, кодэкс называюць “канстытуцыяй у  адукацыі”, што сведчыць аб яго важнасці. Але ж і да прыняцця кодэкса грамадскія адносіны ў адукацыі рэгулява-ліся. У чым прынцыповае адрозненне гэтага дакумента ад папярэдніх?

— Пачнем з таго, што з прыняццем  кодэкса сваю сілу страцілі ажно 22 дакументы! Сярод іх такія важныя, як Закон “Аб адукацыі”, Закон “Аб адукацыі асоб з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця”, Закон “Аб прафесійна-тэхнічнай адукацыі” і іншыя. Варта пры гэтым заўважыць, што вопыту стварэння заканадаўчага акта, які б забяспечваў комплекснае рэгуляванне грамадскіх адносін у сферы адукацыі, у свеце пакуль няма.

Беларускі кодэкс не толькі ўвабраў у сябе ўвесь вопыт папярэдніх заканадаўчых актаў, але і рэгламентуе шэраг новаўвядзенняў.

— Давайце спынімся на іх падрабязней.

— Першае тычыцца дашкольнікаў і іх бацькоў. Калі раней у першы клас па заяве аднаго з бацькоў ці законных прадстаўнікоў прымаўся вучань, якому на першае верасня было шэсць або больш гадоў, то цяпер дазваляецца ісці ў першы клас і пяцігодкам, якім на працягу верасня споўніцца 6 гадоў. Заўважу, што гэта не з’яўляецца абавязковым, але пры жаданні бацькі могуць скарыстацца гэтым момантам.

— Не сакрэт, што ў навучальных установах яшчэ нярэдкія выпадкі парушэнняў школьнікамі дысцыпліны. Кодэкс прадугледжвае нейкія меры ўздзеяння на такіх парушальнікаў?

— Так. На пытаннях дысцыплінарнай адказнасці вучняў хачу спыніцца асобна. Неабходна ведаць, што, пачынаючы з 14-гадовага ўзросту, вучні могуць быць прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці за шэраг парушэнняў. Гэта і псаванне маёмасці, неналежныя адносіны да вучобы, пропускі, спазненні, абраза настаўніка ці аднакласнікаў і многае іншае.  Кіраўнік установы адукацыі мае права выключыць такога навучэнца, але толькі пры дасягненні ім 16-гадовага ўзросту і наяўнасці базавай адукацыі. Акрамя таго, прычынай для адлі-чэння з навучальнай установы можа стаць непаспяховасць па трох і больш вучэбных прадметах або адсутнасць на занятках больш 30 дзён у годзе.

— Ці ёсць месца экстэрнатуры ў новым кодэксе?

Грамадзяне Рэспублікі Беларусь, іншаземцы, асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі, маюць права атрымаць даведку аб базавай або атэстат аб сярэдняй адукацыі экстэрнам. Для гэтага трэба звярнуцца ў аддзел адукацыі з пісьмовай заявай не пазней 20 красавіка, прадаставіць даведку з месца жыхарства і даведку з месца вучобы (школа, прафесійна-тэхнічнае вучылішча, сярэдне-спецыяльная навучальная ўстанова), якую па нейкіх прычынах не скончылі. Пляцоўкай для правядзення экзаменаў для экстэрнаў у нашым раёне вызначана СШ №1. Адразу хачу папярэдзіць, што, нягле-дзячы на прывабнасць экстэрнатуры,  здача экзаменаў — справа складаная. Яна патрабуе сур’ёзнай самастойнай падрыхтоўкі. Экстэрны павінны здаць экзамены па ўсіх вучэбных прадметах, якія ўключаны ў пасведчанне аб агульнай базавай адукацыі або ў атэстат аб агульнай сярэдняй. Абмежаванняў па ўзросту няма.

— А якія-небудзь прыемныя новаўвядзенні чакаюць вучняў і бацькоў у гэтым навучальным годзе?

— Па загаду Міністэрства адукацыі ад 22 жніўня гэтага года ўводзіцца безадзнакавае навучанне па прадметах эстэтычнага цыклу і фізічнай культуры для вучняў трэціх класаў. У наступным навучальным годзе да іх далучацца вучні чацвёртых, а яшчэ праз год і пятых класаў па вучэбным прадмеце “выяўленчае мастацства”. Ва ўсякім разе, так плануецца. Звязана гэта з тым, што гэтыя прадметы патрабуюць пэўнай адоранасці, якая, пагадзіцеся,  ёсць не ва ўсіх. Што тычыцца музыкі, тут таксама вырашылі абыходзіцца без адзнак, паколькі работа на ўроку ў асноўным калектыўная. Наколькі апраўданы гэтыя новаўвядзенні, безумоўна, пакажа толькі час.

Гутарыла Кацярына Пашкевіч.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *