Воскресенье, 20 июня 2021

Прадукцыя ААТ «Пружанскі малочны камбінат» высока ацэнена на выставе «Прадэкспа» ў Маскве

1 155

Штогадовая выстава «Прадэкспа» ў Маскве — адна з буйнейшых міжнародных пляцовак, на якой прадстаўляе прадукцыю каля 2500 прадпрыемстваў з больш чым 70 краін свету. Не ў першы раз часткай гэтай маштабнай падзеі ў галіне харчовай прадукцыі становіцца і ААТ «Пружанскі малочны камбінат».


Пружанскія сыраробы зрабілі фурор і сёлета: прадпрыемства вярнулася з 28-й выставы «Прадэкспа» ганаровым прызёрам «Лепшае прадпрыемства-2021» — за высокую якасць выпускаемай прадукцыі. Акрамя таго, вышэйшай узнагародай — залатымі медалямі — былі адзначаны масла сметанковае з тлустасцю 82,5%, сыры элітнай лінейкі «Van Gold» — «Status» і «Benua», а таксама сыры «Армель» з пажытнікам, «Пармезан Old’ультра», фасаваныя «МонБлан» і «Монбарон».


Дырэктар таварыства Аляксандр Лось зазначае, што перамога на конкурсе — гэта чарговае пацвярджэнне якасці пружанскай прадукцыі, таго, што яна цэніцца не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. «Плюсы» такіх маштабных мерапрыемстваў у тым, што вытворцы могуць пацвердзіць свой статус лепшага прадпрыемства і ў магчымасці знайсці новых пакупнікоў, паказаць свой асартымент, пазнаёміць з навінкамі старых партнёраў і пакупнікоў.


Да слова, сёння ў Пружанах вырабляецца больш за паўсотню відаў сыроў, сярод якіх шмат навінак, некалькі відаў масла і тварагу, якія цяпер выпускаюцца пад новым брэндам — «Шчодрыя Пружаны». Змяненні, якія апошнім часам адбываліся на прадпрыемстве, у яго мэтах і бачанні далейшага развіцця, тэхналагічнага ўкладу — усё гэта падштурхнула таварыства на рэбрэндынг.


— Любы брэнд развіваецца. Гэта як жыццёвы шлях чалавека, які складаецца з этапаў. Кожны этап — гэта пераасэнсаванне, абнаўленне знешняга і ўнутранага. Рэбрэндынг — гэта вынік здаровай стратэгіі, — гаворыць спецыяліст па маркетынгу Іна Іванова. — Назвай гандлёвай маркі «Шчодрыя Пружаны» мы хацелі сказаць пра шчодрасць нашага калектыву, ды і жыхароў Пружан увогуле, якія не шкадуюць ні сіл, ні часу, каб зрабіць лепшы прадукт. Гасцям даюць самае лепшае, а наш спажывец — таксама свайго роду госць. Купляючы прадукт пад назвай «Шчодрыя Пружаны», ён атрымлівае лепшае, атуляецца клопатам і ўвагай з боку гаспадара.


Каб пружанцы маглі першымі пакаштаваць прадукцыю ААТ «Пружанскі малочны камбінат», у горадзе працуе два фірменныя магазіны «Верас». Там запрашаюць купіць не толькі выпускаемую прадукцыю. А да Вялікадня ў гэтых гандлёвых кропках будзе прадстаўлены шырокі асартымент выпечкі, прывоз якой ажыццяўляецца па серадах і суботах.


Акрамя таго, для святочнага стала можна зрабіць заказ на торт пад брэндам «Пякарня хатняя» вытворчасці ПВУП «ДабрыняДар», у тым ліку і па тэлефоне: 2-13-11 у магазіне, які знаходзіцца па вуліцы Горына-Каляды, 2-11-22 — у магазіне па вуліцы Палескай.
Як вядома, пакупнік выбірае лепшае.


НА ЗДЫМКУ: работнікі ААТ «Пружанскі малочны камбінат» з узнагародамі выставы «Прадэкспа».
Марына Вакульская. Фота Кацярыны Масік.