Воскресенье, 20 июня 2021

Прыступкі ў музычнай школе дапамаглі маленькай Караліне вызначыцца з інструментам

449

Яе завуць Караліна. І гэтым усё сказана: яна імкнецца адпавядаць свайму імю, быць «каралевай». Актыўная, цікаўная, жыццярадасная і вельмі таленавітая дзяўчынка, на якую ўскладаюць вялікія надзеі бацькі, настаўнікі і выкладчыкі Шарашоўскай дзіцячай школы мастацтваў, у якой яна вучыцца іграць на фартэпіяна.


— Спытаеце, чаму фартэпіяна? Ды таму, што, калі я сюды прыйшла, убачыла прыгожыя прыступкі, падобныя на клавішы, і адразу вырашыла, што буду піяністкай, — кажа Караліна Літвіновіч, якая, аказваецца, не толькі добра іграе, але і прыгожа спявае. Пра што сведчыць яе прызавое месца на конкурсе “Мінута славы”, які праводзіўся ў пасёлку.


— Караліна выступала там нароўні з дарослымі і саступіла толькі больш дасведчанаму выканаўцу, — адзначае педагог ДШМ Марына Іванаўна Свістун. — Дзяўчынка вельмі мэтанакіраваная і матываваная асоба. Калі сказала: “Хачу навучыцца” — так і будзе, права на адпачынак сабе не дае. Дзякуй бацькам за выхаванне такога валявога чалавека!


— Ну, нашай заслугі тут мала, — засмучаецца мама юнай піяністкі Святлана Іванаўна. — Хіба толькі ў тым, што з самага нараджэння дачкі ў нашым доме пастаянна гучыць класічная музыка. Караліна з маленькіх гадоў любіць танцаваць пад яе, падпяваць, імправізаваць.


І пры гэтым, як мы даведаліся, паспявае яшчэ паміж заняткамі ў звычайнай і музычнай школах рабіць урокі, клапаціцца пра малодшых брацікаў, майстраваць чарговы выраб з паперы або кардону, бегаць у цэнтр культуры і вольнага часу на чарговую рэпетыцыю. У мінуты адпачынку дзяўчынка шмат чытае, а потым…


— Абавязкова раблю гімнастычную расцяжку, скачу на скакалцы, гуляю ў мяч… Трэба ўсё паспяваць! – здзіўляе сваім насычаным распарадкам дня маленькая “каралева”.
Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік.