Воскресенье, 20 июня 2021

Судмедэксперт Сяргей Пінчук: «Прачнуўся раніцай і павінен думаць, што сёння можаш памерці»

1 336

Любы выпадак ненатуральнай, або кажучы мовай спецыялістаў гвалтоўнай, смерці патрабуе заключэння судова-медыцынскай экспертызы. У Пружанскім раёне з гэтымі пытаннямі разбіраецца судмедэксперт Дзяржкамітэта судовых экспертыз Сяргей Пінчук. І разбіраецца, відавочна, з усёй адказнасцю: пра гэта сведчаць шматлікія граматы і падзякі, сярод якіх ёсць і ад Прэзідэнта краіны.
Што падштурхнула Сяргея Мікалаевіча стаць судмедэкспертам, з якімі стэрэатыпамі яму даводзілася сутыкацца, якія выпадкі найбольш запомніліся? Пра гэта і многае іншае ў нашым інтэрв’ю, нагодай для якога стала прафесійнае свята: 22 красавіка ў нашай краіне адзначаецца Дзень судовага эксперта.


— Сяргей Мікалаевіч, раскажыце пра сябе.
— Родам я з Пружан. Бацькі былі звычайнымі служачымі: мама — бухгалтар, тата — землеўпарадкавальнік. З дзяцінства яны пераконвалі: толькі вышэйшая адукацыя здольна зрабіць з мяне чалавека. Напэўна, таму я быў вельмі цікаўным, шмат чытаў, працаваў над сабой. І добра вучыўся. Але, здаецца, інакш і быць не магло: настаўніцкі калектыў нашай СШ №2 быў вельмі моцны і даваў трывалыя веды.
У перадвыпускным класе я ніяк не мог вызначыцца, куды паступаць. Ды, здаецца, і сённяшнія выпускнікі не зусім дакладна ўяўляюць сваю прафесійную будучыню: за многіх прымаюць рашэнне бацькі, якія, на жаль, часта зыходзяць толькі са сваіх жаданняў. Мне ж абмежаванняў з выбарам прафесіі бацькі ніякіх не ставілі, выбар быў толькі за мной. Гуманітарныя навукі ў школьныя гады цікавілі мяне мала, чаго не скажаш пра дакладныя: матэматыку, фізіку, хімію. І тут настаўніца фізікі В.А.Чатырка неяк сказала: «А чаму б табе не пайсці ў медыцынскі?». У той час слова «ўрач» гучала вельмі горда. Бацькі падтрымалі.

— Ну, і як? Зараз Вы лічыце, што зрабілі правільны выбар?
— У нашай сям‘і медыкаў не было, і што з сябе ўяўляе прафесія ўрача, мне не было ў каго распытаць падрабязней. Проста ведаў, што ратаваць людзей — гэта добра.
Паступіць у медыцынскі ва ўсе часы было нялёгка. Таму паступленне стала для мяне выклікам самому сабе: атрымаецца ўзяць гэтую вяршыню ці не? Тое, што я зрабіў гэта, — заслуга і маіх настаўнікаў. Напрыклад, А.Л.Кулеша, калі даведаўся аб тым, куды я паступаю, прапанаваў бясплатна са мной пазаймацца, каб падцягнуць хімію. У выніку здаў гэты прадмет на «выдатна».
Калі ўбачыў сваё прозвішча ў спісе студэнтаў Гродзенскага медінстытута, вельмі ганарыўся сабой. І, ведаеце, аддаўшы абранай прафесіі ўжо больш за два дзясяткі гадоў, ні разу не расчараваўся ў такім стыхійным выбары, зробленым у юныя гады.

— Цікава, што Вас пад-штурхнула абраць судова-медыцынскі накірунак?
— Увогуле, вучоба ў медыцынскім хаця і складаная, але цікавая. Вялікі аб’ём матэрыялу, які трэба засвоіць, з-за сваёй разнастайнасці дазваляе іншымі вачыма глядзець на свет.
Калі надышоў час вызначацца са спецыялізацыяй, са мной здарылася падобная сітуацыя, як і пры заканчэнні школы. Вучыўся па ўсіх дысцыплінах аднолькава добра, але, які накірунак больш па душы, так і не зразумеў. Пайшоў ад адваротнага: дакладна ведаў, што не хачу быць тэрапеўтам, гінеколагам і псіхіятрам.
Вызначальным у рэшце рэшт стала тое, што ў Пружанскай бальніцы, напрыклад, вакансіі хірурга ці нейкага вузкага спецыяліста не было, а мне хацелася размеркавацца сюды, аказацца бліжэй да бацькоў. А неўзабаве дзядзька сказаў, што ў Пружанах шукаюць судмедэксперта.
Што гэта была за работа, я меў уяўленне: у інстытуце была моцная кафедра. Засмучала толькі адно — адносіны да патолагаанатамаў былі як да выпівох: маўляў, на цвярозую галаву ім працаваць немагчыма.

— З часам гэтае меркаванне ў грамадстве змянілася?
— З часам я падобныя меркаванні зусім выкінуў з галавы. Але сёння, на мой погляд, грамадству сапраўды варта задумацца над праблемай алкагалізму. Бадай, самымі распаўсюджанымі ў маёй практыцы з’яўляюцца выпадкі смяротнага атручвання алкаголем. Прычым нармальнымі якаснымі напоямі, а не нейкімі невядомымі спіртаўтрымліваючымі вадкасцямі. Навошта столькі піць? Пры ўскрыцці ў памерлага вызначаецца па чатыры, пяць, а нядаўна сустрэлася і таго больш — восем праміле — алкаголю. І вельмі засмучае, калі родныя шкадуюць нябожчыка, маўляў, сэрца не вытрымала, хаця гэта — банальнае атручванне. Каб аналіз крыві дужага мужчыны паказаў два праміле, ён павінен выпіць бутэльку гарэлкі залпам, не закусваючы, а пяць праміле — гэта тры бутэлькі…
Што тычыцца сённяшняга статуса судмедэксперта, то ён адназначна вырас. У 1993 годзе, калі я размяркоўваўся, гэтая служба толькі аргані- зоўвалася. Год давялося яшчэ адвучыцца на базе Вышэйшай школы міліцыі. Перыядычна працягваю ўдасканальваць веды на курсах. Пакуль у 2013 годзе не быў сфарміраваны камітэт судовых экспертыз, даводзілася шмат працаваць звышурочна, перакрываць патрэбу ў спецыялісце ў суседніх раёнах.
За апошнія восем гадоў найбольш зроблена для паляпшэння ўмоў працы экспертаў. Гэта тычыцца і матэрыяльна-тэхнічнай базы, і ўпарадкавання нагрузкі.

— Ці заўсёды патрэбна даследаванне цела нябожчыка?
— Калі памерлы чалавек цяжка хварэў, часта звяртаўся па медыцынскую дапамогу, а на яго целе няма ніякіх цялесных пашкоджанняў, урач проста выпісвае даведку аб смерці. Цела адпраўляецца на даследаванне, калі ёсць падазрэнні на гвалтоўную смерць. Напрыклад, у выпадках заўчаснай смерці, калі на фоне поўнага здароўя чалавек раптоўна памірае.
Дарожна-транспартныя здарэнні, самазабойствы, смяротныя траўмы — усё гэта таксама не праходзіць міма судмедэксперта.
Але ж судмедэксперты не толькі даследуюць трупы: нашымі пацыентамі з’яўляюцца і жывыя людзі. Эксперт засведчвае факты гвалту, нанясення пабояў і не толькі. Напрыклад, такі выпадак: сабака пакусаў дзіця і яго бацькі звярнуліся ў міліцыю з заявай на гаспадара жывёлы. Заключэнне судмедэксперта тут абавязковае.

— Вы — адзіны такі спецыяліст у нашым раёне. Работы шмат?
— Правільней сказаць, што нельга прадбачыць, калі работы будзе больш, а калі — менш. І вельмі хочацца, каб гэта разумелі людзі, якія прыходзяць у мой працоўны час, напрыклад, зняць пабоі, а мяне не аказваецца на месцы, бо літаральна хвіліну таму выехаў на месца ДТЗ.
Нямала часу займае і работа з дакументамі.

— Першае самастойнае даследаванне памятаеце?
— Гэта быў вельмі запамінальны выпадак — для раёна, можна сказаць, рэзанансная справа: пад мостам знайшлі цела немаўляці.
Хачу сказаць, што звычайна запамінаюцца выпадкі, якіх магло б і не быць, за якімі стаіць чалавечы лёс. Адзін з іх — ДТЗ з недарэчнай смерцю. Ноччу пры абгоне фуры ў старэнькага «Мерседэса» адляцела кола, яно падскокнула, трапіла ў лабавое шкло велікагруза, а затым — у лоб вадзіцеля. Гэта ж трэба было, каб так супала: кола падскочыла так высока і так трапна!
Вадзіцель атрымаў чэрапна-мазгавую траўму, аўтацягнік з‘ехаў на абочыну, далей — у лес, ламаючы дрэвы, і спыніўся ў лесапаласе. У гэты час вадзіцель легкавіка шукаў сваё кола і не бачыў з’ехаўшую фуру. Нарад ДАІ таксама ў начной цемры не заўважыў у лесе машыну.
І толькі раніцай, калі развіднела, паступіў званок у міліцыю, што на прасецы стаіць фура. Да таго моманту вадзіцель памёр. У яго быў пералом лобнай косці і гематома: пры своечасовым аказанні дапамогі мужчына меў высокі шанец выжыць.

— Пры выманні органаў для трансплантацыі даводзіцца прысутнічаць?
— Так, пры правядзенні падобных маніпуляцый абавязковая прысутнасць судмедэксперта: дзе гарантыя, што на карысць нейкага пацыента не забралі орган у жывога чалавека? Вось па гэтай прычыне судмедэксперт і засведчвае ў ліку іншых спецыялістаў, што на момант вымання органа смерць мозга пацыента ўжо наступіла.
Але падобнае здараецца нячаста. Выманне органаў праходзіць пад канкрэтнага чалавека, які мае ў гэтым патрэбу, а не ва ўсіх выпадках запар. І не ад усіх донараў: як правіла, гэта маладыя людзі, у якіх у выніку ДТЗ мозг памёр пасля чэрапна-мазгавой траўмы, інфаркту мозга, несумяшчальнага з жыццём, але засталіся жыццяздольныя органы і тканкі. У прыватнасці, я засведчваў факт, калі ныркі ад-праўлялі на перасадку ў Брэст, а сэрца і лёгкія — верталётам з гарадскога стадыёна ў Мінск.
Гаворачы пра трансплантацыю органаў у краіне, хочацца заўважыць, што з краін СНД мы займаем лідзіруючую пазіцыю па колькасці перасадак органаў і тканак. Але выманне органаў для перасадкі мае маральна-этычны бок. Справа ў тым, што органы могуць за-бірацца па ўмаўчанні, калі чалавек пры жыцці не пакінуў пісьмовую адмову ад падобнага. Тым не менш, калі родныя нябожчыка катэгарычна супраць, ніхто не ідзе супраць іх волі. Хаця мне, шчыра кажучы, такая пазіцыя здаецца незразумелай: нябожчыку дапамагчы ўжо немагчыма, але існуе шанец выратаваць іншага чалавека.

— Ад заключэнняў судмедэксперта залежаць чалавечыя лёсы: зыходзячы з іх, у судзе выносяцца прыгаворы…
— Гэтую адказнасць я заўсёды адчуваю. У нашай рабоце недапушчальна станавіцца на нечы бок: эксперт павінен даць незалежнае, навукова абгрунтаванае заключэнне па любой справе. А інакш і быць не можа: гэтае заключэнне правяраецца калегай, следствам, пракуратурай…
Станавіцца на той ці іншы бок для судмедэксперта проста непрафесіянальна. Нас вучаць быць непрадузятымі.

— Ваша работа пакінула нейкі адбітак на ўспрыманне жыцця і смерці?
— У Японіі кажуць: прачнуўся раніцай і павінен думаць, што сёння можаш памерці. Смерць — гэта частка чалавечага жыцця. Каб працаваць у моргу, урачу не патрэбна вялікай мужнасці: ускрыццё — звычайная медыцынская маніпуляцыя.
Хаця цяжкія моманты здараюцца і ў нашай рабоце: асабіста мне зусім нялёгка, калі сутыкаюся са смерцю дзяцей і недарэчнай смерцю маладых людзей.

— Каву на рабоце п’яце?
— У нас звычайны офіс, таму кавапаўзы бываюць. Я такі ж чалавек, як і ўсе.

— Якія сны Вам сняцца?
— Часта і каляровыя. Але жахі — ніколі.

— Калі б не судмедэкспертыза, то што?
— Ніколі не думаў пра гэта.

Гутарыла Марына Вакульская.