Пятница, 18 июня 2021

11252 жыхары Пружанскага раёна прынялі ўдзел у рэспубліканскім суботніку. Па папярэдніх падліках зароблена каля 32000 беларускіх рублёў (+відэа)

1 050

Медыкі і настаўнікі, дарожнікі і работнікі камунальнай службы, кіраўнікі і падначаленыя… 17 красавіка прадстаўнікоў самых розных арганізацый аб’яднаў рэспубліканскі суботнік.


У Год народнага адзінства людзі працавалі разам, каб зрабіць родны куточак больш чыстым, прыгожым і ўтульным.


Праўда, суботнік не стаў зыходнай кропкай для навядзення парадку. Гэтая работа стартавала ў раёне яшчэ ў сакавіку, калі пачаўся месячнік добраўпарадкавання. Але менавіта суботнік здолеў па-сапраўднаму аб‘яднаць людзей у памкненні зрабіць агульную, добрую і патрэбную справу.

За кожнай арганізацыяй быў замацаваны пэўны фронт работ. Намаганнямі работнікаў райвыканкама і інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ля дома №39 па вуліцы Інтэрнацыянальнай з’явілася прыгожая алея амаль з сотні соснаў. Побач, ля аптэкі «Бальзам», працавалі медыкі, работнікі цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, а таксама камунальшчыкі, якія высадзілі туі. Добраўпарадкоўвалі новы мікрараён і супрацоўнікі РУП «Белпошта»: яны ўскапалі кветнікі ўздоўж вул. Інтэрнацыянальнай. А вось супрацоўнікі «Раённых будняў» новымі дрэўцамі дапоўнілі сквер, закладзены да 80-годдзя раённай газеты побач з рэдакцыяй.
Вялікая ўвага падчас суботніка была нададзена памятным аб’ектам.

Актыўна вяліся работы ў скверы Гудзімава па вуліцы Чырвонаармейскай. Сіламі «Камунальніка» тут была пракладзена пешаходная дарожка да ваенных экспанатаў, усталявана святлодыёдная падсветка цэнтральнай алеі, абрэзаны галіны дрэў, выкарчаваны хмызняк, адрамантавана і пафарбавана агароджа.

Разам з супрацоўнікамі ваенкамата камунальшчыкі пафарбавалі і ваенныя экспанаты ў скверы. Працаўнікі «Белтэлекама» і завода радыёдэталяў выканалі работы па ўпарадкаванні газонаў, а навучэнцы каледжа сфарміравалі ў скверы кветнікі.


У гэты ж час наводзілі парадак на яўрэйскіх могілках па вул. Горына-Каляды работнікі ААТ «Пружанскі малочны камбінат». Месца пахавання прывялі ў належны стан і высеклі хмызняк. Таксама супрацоўнікі «малочкі» прыбралі смецце ў раёне вул. Палескай.
Яшчэ адным месцам суботніка сталі праваслаўныя могілкі ў райцэнтры. Тут шчыравалі супрацоўнікі райвыканкама, члены ГА «Белая Русь» і «БРСМ», падлеткі, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх.


Дзякуючы супрацоўнікам санаторыя «Ружанскі», праведзена санітарная абрэзка дрэў вакол Кургана Славы пад Ружанамі. Таксама побач з мемарыялам з’явіўся флагшток. Удзел у добраўпарадкаванні мемарыялаў прынялі і вучні Ружанскай СШ.


Высечку хмызняка і вываз смецця, якое пружанцы пакінулі ўздоўж вадаёмаў і каля гаражных кааператываў, ажыццяўлялі падчас суботніка такія арганізацыі, як і льнозавод, філіял «Пружанскі райпалівазбыт», ДЭУ-25, аўтапарк №11, станцыя хімізацыі і доследная станцыя, аддзел па надзвычайных сітуацыях, УП «Белавежскія віны» і многія іншыя.


Не абмінулі ўвагай падчас суботніка цэнтральную частку горада. Работнікі райспажыўтаварыства перакапалі кветнікі па вул. Савецкай і высеклі хмызняк уздоўж праезду паміж вул. Лазо і Р.Шырмы. Паралельна з гэтым супрацоўнікі «Белдзяржстраху» пафарбавалі мост праз р.Мухавец, а работнікі райвыканкама прывялі ў парадак кветнікі побач з будынкам органа ўлады.


Разам з тым, у шэрагу арганізацый работнікі правялі суботу на працоўных месцах. Статыстыка рэспубліканскага суботніка-2021 у раёне наступная: у масавым навядзенні парадку ўдзельнічалі 11252 жыхары Пружаншчыны. Падчас суботніка, згодна з папярэднімі данымі, зароблена каля 32000 беларускіх рублёў.


Жыхарам раёна хочацца нагадаць, што для навядзення парадку не трэба шукаць нагоду. Рабіць сваё месца пражывання ці работы чыстым можна і патрэбна заўсёды, незалежна ад пары года.
Уладзіслаў Шпарла, Кацярына Масік (фота).

Многа здымкаў тут: https://vk.com/album-23306785_278879148