Воскресенье, 20 июня 2021

Ці з’явіцца яшчэ адзін пешаходны пераход на скрыжаванні вуліц Свабоды і Чырвонаармейскай? Ці занізяць у горадзе высокія бардзюры? Адказы шукаў «дзяжурны карэспандэнт»

786

“Часам ствараецца ўражанне, што ў камісію па бяспецы дарожнага руху ўваходзяць людзі, якія на веласіпедах не ездзяць і пешшу не ходзяць. Сагналі нас, веласіпедыстаў, на тратуары, а там — ездзіце, як хочаце. Добра яшчэ, калі белай паласой аддзелена веласіпедная дарожка. Усім зразумела: веласіпедыст рухаецца па паласе, якая бліжэй да дарогі. А як быць там, дзе ніякай разметкі няма? Веласіпедысты і пешаходы кідаюцца ў розныя бакі. Чаму я ў такіх выпадках павінен выслухоўваць абразы ад пешаходаў, якім, безумоўна, ствараю нязручнасці, хоць і не па сваёй віне?
Да таго ж, хачу заўважыць, што яшчэ не на ўсіх гарадскіх тратуарах абсталяваны зручныя з’езды для веласіпедыстаў. У прыватнасці, такі высокі бардзюр на вуліцы Піянерскай, каля будынка міліцыі. Яго вышыня — больш за 12 см”.
Міхаіл, в.Плябанцы.

Што тычыцца высокага бардзюра на тратуары па вул.Піянерскай, то, сапраўды, яго вышыня больш за 12 см .

Мы паведамілі пра гэта ў камісію па бяспецы дарожнага руху, якую ўзначальвае намеснік старшыні райвыканкама С.М.Гук. Сяргей Міхайлавіч узяў на кантроль заўвагу чытача, а таксама адказаў на першую частку пытання:
— Згодна з Правіламі дарожнага руху, на тратуарах, дзе белай лініяй не вызначана веласіпедная дарожка, захоўваецца правабаковы рух. Таму і пешаходы, і веласіпедысты павінны прытрымлівацца правага боку.

“Мне, як вадзіцелю, даводзіцца некалькі разоў на дзень перасякаць скрыжаванне вуліц Свабоды і Чырвонаармейскай. Пасля таго, калі там усталявалі агароджы, ездзіць, прызнаюся, некаторы час было значна камфортней. А потым пешаходы налаўчыліся перасякаць вуліцу Чырвонаармейскую з боку алеі ў неналежным месцы: пасля аптымізацыі скрыжавання тут не быў прадугледжаны чацвёрты пешаходны пераход. Гэта, шчыра кажучы, напружвае”.
Сяргей, г.Пружаны.

Адказвае намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Міхайлавіч Гук:
— Гэтае пытанне неаднаразова ўздымалася на пасяджэннях камісіі па бяспецы дарожнага руху. Некалькі разоў мы выязджалі на месца, каб вырашыць, што зрабіць, каб рух пешаходаў стаў больш зручным. Вядома, пешаходам патрэбна чацвёртая “зебра”. Але, на жаль, зрабіць яе на тым перакрыжаванні на зручнай для пешаходаў адлегласці немагчыма: будуць перакрыты выезды аўтамабіляў з прыватных падворкаў. Дапусціць гэтага мы не можам.

Больш пытанняў на адказы ў нумары «Рб» за 17 красавіка, а таксама ў бліжэйшых выпусках газеты.
Падрыхтавала Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік.