Воскресенье, 20 июня 2021

З успамінаў былога вязня канцлагера Паўла Абяргана: «А мы павіснем на бярозцы і плачам. Ад адчаю: нам было крыху больш за дваццаць гадоў, і каго з нас снайпер выберэ наступным, ніхто не ведаў»

966

Тэма вайны актуальная для людзей любога ўзросту. А з гадамі, калі сталееш, мяркую па сабе, яшчэ і пачынаеш задумвацца, як бы наша пакаленне паводзіла сябе ў такі нялёгкі час. Ці не страцілі б чалавечнасць? У чарговы раз да такіх роздумаў падштурхнула мяне прачытаная нядаўна кніга Аляксея Карпюка «Пушчанская адысея». Асабіста перажытая праўда пра вайну і пасляваеннае жыццё, якая лягла ў аснову аповесці, чымсьці нагадала мне лёс майго бацькі — Паўла Абяргана.


Тата нарадзіўся ў 1920 годзе ў вёсцы Баяры тагачаснага Ружанскага раёна. Калі яго маці раптоўна засталася адна з чатырма дзецьмі: трыма дочкамі і ім, — сын аказаўся яе апорай, адзіным мужчынам у сям’і, на плечы якога пералёг клопат пра гаспадарку. Толькі па гэтай прычыне ён не быў прызваны ў рады польскай арміі. Магчыма, пазней гэта выратавала бацьку ад ссылкі: пасля вызвалення Заходняй Беларусі шэраг яго аднавяскоўцаў, якія служылі ў польскай арміі, адправілі ў Сібір. Але і ў рады Чырвонай арміі яго чамусьці не спяшаліся прызваць. Таму, калі прыйшла вестка пра вайну, бацька знаходзіўся ў родных сценах.


На акупаванай немцамі тэрыторыі працаздольную моладзь вывозілі на прымусовыя работы ў Германію. Аднойчы прыйшлі і ў хату маёй бабулі: камусьці аднаму — альбо бацьку, альбо адной з яго сясцёр — трэба было адпраўляцца на чужыну. Так мой тата і трапіў на сельгасработы да баўэра.

Паўсядзённая руцінная работа: араць, сеяць, касіць, даглядаць жывёлу, даіць кароў… Але самымі цяжкімі былі сум па радзіме, родных і, вядома, жыццё ў недасведчанасці: ці жывыя маці і сёстры? І праз год юнак адважыўся на ўцёкі. Але каб ведаць свой лёс наперад!
Памятаю, як я распытваў у бацькі пра яго шлях дамоў. Перш чым рушыць на ўсход, доўгі час ён вывучаў карту, якая пылілася ў хляве.
— Як жа ты арыентаваўся на мясцовасці? — цікавіўся я.
— Па зорках — ішоў толькі ноччу і толькі лесам.
— Хіба ж ты з чатырма класамі польскай школы ведаў размяшчэнне зорак на небе?
— Я любіў глядзець на зорнае неба, таму добра запомніў, у якім парадку сузор‘і свяцілі над роднай вёскай.
— Ну, добра. А ў пахмурную ноч, калі зорак не бачна? — не ўтаймоўваўся я.
— Тады арыенцірам служылі дрэвы: зялёны мох расце толькі на паўночным баку.
— А як магчыма было прайсці больш за тысячу кіламетраў? Трэба ж нешта есці, піць…
— Дык праходзіў дзясяткі і крынічак, і рачулак, нават з балота здабываў ваду. А летам, якое выбраў для ўцёкаў, у лесе хапае і ягад, і грыбоў. Ды і здабываць агонь у наш час людзі ўмелі. Днём адсыпаўся пад густой елкай.
Каля паўтара месяца спатрэбілася яму, каб амаль дабрацца да родных мясцін.

Менш за сотню кіламетраў заставалася да Баяраў… Пад Бярозай бацьку схапілі. На світанку ён пераходзіў поле, за якім быў глухі лес, калі яго заўважылі «бобікі» — паліцаі. На ўцекача зрабілі аблаву, падчас якой яго моцна пакусалі сабакі, а затым пабілі падчас допыту.
Але сапраўднае пекла чакала наперадзе. Аслабелага, пакалечанага бацьку адправілі назад у Германію — на гэты раз у канцлагер, ва Усходнюю Прусію, у горад Іяганэсбург (зараз гэта г.Піш на тэрыторыі Польшчы). Такіх, як ён, хто аднойчы ўжо ўцякаў, пазначалі чырвонымі крыжыкамі на грудзях і спіне паласатай робы — і забіць маглі з-за любога капрызу наглядчыка.


«Лагер быў інтэрнацыянальны: акрамя ўсходніх славян, там змяшчаліся палякі, чэхі, бельгійцы, сербы, грэкі і нават немцы-антыфашысты. Рускім, украінцам і беларусам, акрамя індывідуальнага нумара, выпальвалі аднолькавую літару — «R», якая азначала «рускі», — расказваў бацька. — Да нас была павышаная ўвага і вельмі жорсткія адносіны. Але іншаземцы часам атрымлівалі пасылкі ад Чырвонага Крыжа і дзяліліся з намі.


Праца была цяжкая, знясільваючая: рабілі шпалы, драбнілі каменне ў друз. Па нядзелях, лічылася, у нас быў адпачынак. Але менавіта гэтага дня ўсе баяліся больш за ўсё. Лагернае начальства адпраўлялася на выхадны, і абавязак арганізоўваць для палонных «вольны час» ляжаў на дзяжурнай змене. Вось маладыя немцы і весяліліся: хваліліся адзін перад адным зброяй, мераліся сваім спрытам і трапнасцю ў стральбе па жывых мішэнях, зняволеных».

Адна з такіх нядзель запомнілася Паўлу Абяргану на ўсё жыццё.
«Немцы вырашылі правесці «спартыўнае мерапрыемства». У барак прывезлі кавалак чыгуначнай рэйкі. Мала хто з абяссіленых вязняў мог падняць такую рэйку самастойна. Тых, хто не мог адарваць «спартыўны снарад» ад зямлі, запісвалі ў асобны сшытак. Калі падышла мая чарга, я рвануў рэйку ды яшчэ па папярэдняй дамоўленасці папрасіў, каб на ёй з абодвух бакоў павісла два чалавекі», — успамінаў ён.


Я здзіўляўся, як бацька, які не выйшаў ні ростам, ні целаскладам, здолеў такое зрабіць. «Ад безвыходнасці ў той момант, здаецца, я ўклаў усю сваю моц і злосць. Секунды здаваліся вечнасцю, — тлумачыў ён. — Акрамя таго, не забывай, я страціў бацьку, калі мне было шэсць гадоў, і быў адзіным мужчынам у сям’і. Таму дзяцінства ў мяне, лічы, не было — адразу дарослае жыццё, напоўненае цяжкай працай. Сусед зрабіў пад мяне маленькую касу, дык я за лета паволі нарыхтоўваў сена на зіму».


Як пераможца спаборніцтваў бацька быў «узнагароджаны» новай паласатай робай — ужо без чырвонага крыжыка. Як казаў сам, пасля гэтага стаў спаць крыху спакайней.

Слухаючы бацьку, я думаў, калі будзе канец яго выпрабаванням. Аказалася, яшчэ няхутка.


Справы на фронце ў немцаў ішлі зусім дрэнна. Побач з лагерам пачалося будаўніцтва запаснога аэрадрома. Вязням трэба было карчаваць малады лес. Гітлераўцы фарміравалі брыгады па 20 чалавек. Лес вывозілі пад узмоцненай аховай: тэрыторыю абгарадзілі калючым дротам, на вышцы стаяў вартаўнік. Ні сякеры, ні рыдлёвак, ні пілы — абсалютна нічога не давалі: карчаваць дрэвы трэба было… голымі рукамі. Як? Тата ўспамінаў:


«Палова брыгады лезе на верх дрэва, нахіляе яго, а другая рукамі стараецца выдраць карэнні. Рвалі з такой нянавісцю! Адкуль і сілы браліся?! Здаралася, дзеля забавы немец на вышцы выбіраў ахвяру і страляў у яе… А мы павіснем на бярозцы і плачам. Ад адчаю: нам было крыху больш за дваццаць гадоў, і каго з нас снайпер выберэ наступным, ніхто не ведаў… Назад у барак везлі не менш трох-чатырох забітымі. Брыгада папаўнялася, і на наступны дзень нас ізноў працавала дваццаць чалавек. І так кожны дзень, у любое надвор’е. З чырвонай адзнакай на робе, якая яшчэ нядаўна была і ў мяне, не выжываў ніхто.


Не адступаў страх і пасля вяртання ў барак. Пасля вячэрняй праверкі вязні клаліся спаць. Немец прыходзіў іх лічыць — па нагах. Увогуле ногі ноччу не дазвалялася накрываць. За гэтым сачылі «актывісты» — вязні з ліку закаранелых крымінальнікаў, якія сядзелі ў турме (з маўклівай згоды немцаў у бараках яны ўстанаўлівалі свае парадкі). За невыкананне патрабавання вязня моцна білі бізуном. У выніку раніцай у бараку магло не прачнуцца да дзесяці чалавек — як правіла, зусім знясіленых і хворых. Крэматорый працаваў кругласутачна».

Знаходжанне ў канцлагеры для вязня Паўла Абяргана зацягнулася амаль на год. Але раптам пашанцавала: забраць яго раптам прыехаў той самы баўэр, у якога ён спачатку працаваў. Ізноў пачаліся сельгасработы. Пасля лагера гэтая праца ўжо здавалася ледзь не раем.


Вызвалення бацька дачакаўся толькі ў студзені 1945 года. Усяго праз тыдзень, як вярнуўся дадому, яго забралі ў армію. Пасля непрацяглай падрыхтоўкі радавы Абярган апынуўся ўсё ў той жа Усходняй Прусіі — на гэты раз пад Кёнігсбергам. Вайсковая часць, у складзе якой ён нёс службу, лічылася рэзервовай. Ад ранення гэта бацьку не ўратавала: асколак снарада трапіў у галаву. Але ўрача ў медсанбаце малады чалавек не стаў слухаць: апрацаваць рану згадзіўся, а ад шпіталізацыі адмовіўся. Балазе, абышлося.


Неўзабаве пасля вяртання з вайны бацька ажаніўся. Усё жыццё ён пражыў у Асошніках: пабудаваў там дом, выгадаваў дзяцей. Тым, хто яго ведаў, ён запомніўся як вельмі працавіты, сціплы, спакойны чалавек.


Ён пайшоў з жыцця ў 1999 годзе.

Неяк у школе нам далі заданне запісаць успаміны ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны. Падумаў: што можа быць прасцей? Ветэранаў жа ў нас цэлая вуліца! У нядзелю былыя франтавікі збіраліся разам, бавілі час за няхітрымі заняткамі. Але пакалечаныя не столькі фізічна, колькі маральна, франтавыя дарогі ўспамінаць не любілі.

Бацька таксама на маю просьбу расказаць пра вайну адмахваўся: «Дык я ж не ваяваў». Гэта ўжо пасля, праз шмат гадоў, ён пачаў пакрыху дзяліцца страшнымі эпізодамі са свайго жыцця. Было бачна, што яму вельмі цяжка гаварыць на гэтую тэму: умомант падступаў камяк да горла, на вочы накатваліся слёзы, падымаўся артэрыяльны ціск. Некалькі гадоў мне спатрэбілася, каб скласці ўрыўкі ўспамінаў у адзіны аповед.
Запомніліся словы аднаго франтавіка: «Мы прайшлі праз неймаверныя выпрабаванні, столькі разоў глядзелі ў твар смерці і сутыкнуліся з нечалавечай жорсткасцю і злом… І самым складаным у пасляваенным жыцці было застацца чалавекам». Мой бацька змог застацца ім.
Мікалай Абярган, в.Асошнікі.