Пятница, 18 июня 2021

Эканаміст Таццяна Рыпінская і яе няпросты шлях да прафесіі мары

801

Рубрыку “Першае працоўнае месца” мы пачалі ў верасні
мінулага года, каб дапамагчы выпускнікам вызначыцца з будучай прафесіяй, даведацца пра яе асаблівасці, а магчыма, і выпрацаваць стратэгію падрыхтоўкі да ўступнай кампаніі. Дарэчы, на некаторыя спецыяльнасці яна ўжо пачалася. Для астатніх прыйшоў час зрабіць апошнюю “рэпетыцыю”, каб праверыць свае сілы і ўбачыць, якія тэмы неабходна падцягнуць (ідзе трэці этап РТ). Магчыма, нехта і цяпер яшчэ не ўпэўнены ў тым, ці абраў правільны кірунак…
Наша сённяшняя гераіня – эканаміст ААТ “Пружанскі малочны камбінат” Таццяна Рыпінская – расказвае не толькі пра любімую прафесію, але і пра пакручасты шлях да яе.


— Таццяна, кім Вы марылі стаць у дзяцінстве?
— Ужо тады мяне вабілі лічбы, лёгка давалася матэматыка, і будучыню хацелася звязаць з разнастайнымі падлікамі. Але час паступлення прыпаў на складаныя 90-ыя, атрымаць эканамічную спецыяльнасць можна было толькі на камерцыйнай аснове. А шанцаў на бясплатнае навучанне існавала вельмі мала, таму на сямейнай нарадзе мы прынялі рашэнне падаваць дакументы ў Пінскі мяса-малочны тэхнікум. Так я стала кваліфікаваным тэхнолагам па перапрацоўцы малака. Я добра вучылася і ў спісе на размеркаванне была ў ліку першых. Пружанскі малочны завод выбрала свядома і самастойна, пакінула родны Пінск і прыступіла да працы.

— І як Вам жыццё ў маленькіх Пружанах пасля досыць шумнага Пінска?
— На той момант Пружаны выглядалі сапраўдным экалагічным раем, таму пераехала без якіх-небудзь хваляванняў. Зразумела, што да некаторых рэчаў давялося прывыкаць. Памятаю, як мне паказалі Мухавец і сказалі, што гэта —рака. Я нават не паверыла: на Піншчыне меліярацыйныя каналы шырэйшыя. У іншым гарадок мне падабаецца і сёння, нездарма я працягваю тут жыць і працаваць.

— І як адбылося пераўтварэнне тэхнолага ў эканаміста?
— У мяне вельмі цікавы працоўны шлях. Глядзіце самі. Я ўладкавалася на работу сыраробам 3-га разраду, а праз два тыдні ўжо стала майстрам-масларобам. На гэтай пасадзе з задавальненнем працавала некалькі гадоў. У 2000-м годзе з’явілася магчымасць па скарочанай праграме атрымаць вышэйшую адукацыю, і, як на дзіва, сярод прапаноўваемых спецыяльнасцей была эканамічная. Адміністрацыя завода мяне падтрымала, і я паступіла ў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Часу на падрыхтоўку да экзаменаў у мяне не было: ад прыняцця рашэння да паступлення прайшло каля двух тыдняў. Для ажыццяўлення дзіцячай мары мне хапіла ведаў, хаця з часу заканчэння школы прайшло ўжо і нямала часу.

— Вы скончылі ўніверсітэт і перайшлі на пасаду эканаміста?
— Я атрымала дыплом і працягнула працаваць у сваім цэху старшым майстрам, а пасля і начальнікам. Гэта была вельмі цікавая работа: цэх быў новым, мы наладжвалі новую вытворчасць, распрацоўвалі новыя віды прадукцыі. Але недзе ў глыбіні душы я разумела, што гэта ўсё “не маё”. Так атрымалася, калі прыйшоў час выходзіць з другога дэкрэтнага водпуску, наш цэх ужо належаў іншаму прадпрыемству… Вось тады дырэктар і прапанаваў мне пасаду эканаміста.

— Вы радаваліся, што мара дзяцінства нарэшце спраўдзілася?
— Шчыра скажу, што ў той момант было больш асцярогі, чым радасці. Ужо нават пасля заканчэння ўніверсітэта прайшло шэсць гадоў. Але мне пашанцавала з калектывам. Мне ўсё тлумачылі, падказвалі, былі цярплівымі, і ў хуткім часе я пачала адчуваць сябе “на сваім месцы”. А дапамагло мне яшчэ і тое, што я выдатна ведаю ўвесь працэс вытворчасці, разумею, дзе ёсць рэзервы для зніжэння сабекошту, а на чым нельга эканоміць. Без майго папярэдняга вопыту было б вельмі складана займацца планаваннем і цэнаўтварэннем у малочнай прамысловасці.

— На што Вы б звярнулі ўвагу тых, хто вырашыў стаць эканамістам?
— Гэта вельмі цікавая прафесія. Яна не манатонная, як некаму здаецца. Не бывае аднолькавых сітуацый, кожны новы дзень патрабуе новых рашэнняў. Давядзецца працаваць з вялікімі аб’ёмамі інфармацыі, сачыць за зменамі ў заканадаўстве і нават за адзін раз вырашаць некалькі розных задач. Калі ўсё гэта прываблівае вас так, як і мяне, застаецца толькі пажадаць удачы пры паступленні!
Гутарыла Кацярына Пашкевіч.Фота Кацярыны Масік.