Вторник, 22 мая 2018

Кинотеатр «Спутник»: нам есть что показать!

1 212

Ніхто зараз, відаць, не ўяўляе сваё жыццё без фільмаў. Кінаіндустрыя настолькі развіваецца, што на экра-
ны нашых тэлевізараў і камп‘ютараў амаль штодзённа паступаюць новыя карціны. Але глядзець фільм у хатніх умовах, часам не лепшай якасці паказу ды яшчэ з перарываннем на рэкламу — малое задавальненне. На тое нам і патрэбны кінатэатры, каб можна было належным чынам паглядзець добрае кіно. Тым больш, што ў нашым горадзе ёсць цудоўны кінатэатр, дзе ўстаноўлена сістэма Dolby Digital (гук з усіх бакоў).

Аб магчымасцях раённага кінапракату мы гутарым з галоўным адміністратарам Ангелінай Дзямідавай.

— Ангеліна Юр’еўна, якім чынам вы плануеце афішу? Самі выбіраеце, якія фільмы вам прывязуць, ці не маеце такой магчымасці?

— Вязуць нам усё, што было ў пракаце. А мы ўжо выбіраем, што пускаць на экран. Трэба ж улічваць некаторыя асаблівасці аўдыторыі нашага горада. Тое, што ў вялікім горадзе будзе карыстацца попытам, у нас можа не мець такой папулярнасці.

— А якія фільмы ў нас карыстаюцца бясспрэчным аўтарытэтам?

— Больш за ўсё ходзяць на камедыі і баявікі, а меладрамы і фільмы жахаў — для аматараў.

— На якую аўдыторыю разлічаны ваш рэпертуар?

— Безумоўна, ёсць фільмы для ўсіх катэгорый насельніцтва. Але трэба ўлічваць сезон. Летам, напрыклад, калі ў горад вяртаецца на канікулы вялікая колькасць студэнтаў, пракат разлічаны ў асноўным на моладзь. Акрамя таго, бярэм на заметку і дзень, на які ставім той ці іншы фільм: у выхадныя гэта камедыі (бо людзям трэба адпачыць пасля рабочага тыдня), а ў буднія дні можна паставіць нешта іншага жанру.

— Ёсць нейкія паслугі, акрамя кінасеансаў?

— Як і ва ўсіх кінатэатрах, мы даем у пракат DVD-дыскі, кошт паслугі невялікі, асартымент шырокі, таму людзей звяртаецца шмат. Акрамя таго, ёсць магчымасць заказаць малую залу для прагляду фільма. Кошт нязначны (усяго 4 тысячы рублёў з чалавека), але вы маеце магчымасць сабрацца толькі сваёй кампаніяй… Дык яшчэ і са сваім фільмам можаце прыйсці!

— У вас цяпер ёсць магчымасць паказваць фільмы ў фармаце 3D. Атрымліваецца?

— Яшчэ як! Мы заключылі дагавор з мінскай фірмай, і цяпер такое кіно ў нас будуць паказваць пастаянна. Ужо былі ў пракаце два такія фільмы, а наступны такі паказ плануем пачаць з  серады. У працэсе распрацоўкі яшчэ і ідэя паказу фільмаў у фармаце 5D. Спадзяемся, што такі фармат таксама знойдзе сваіх гледачоў.

— Напэўна, ёсць людзі, якія наведваюць кінатэатр пастаянна, якіх без сумненняў можна аднесці ў разрад сапраўдных прыхільнікаў кіно. Вам ніколі не паступала прапаноў стварыць кінаклуб?

— Сапраўды, такія людзі ёсць. Але падобных прапаноў мы не атрымлівалі. Магчыма, у будучыні нас чакае і такая форма работы. Было б вельмі цікава, бо заўсёды пазнавальна абмяркоўваць фільм з людзьмі, якія маюць у гэтым разуменне, якія могуць нешта параіць ці сказаць нешта цікавае. Ёсць жа практыка, калі на прагляд фільма запрашаюць яго акцёраў, а потым ідзе размова і абмеркаванне карціны. Раней мы не маглі сабе такога дазволіць: не было ўмоў. Цяпер жа нам не сорамна запрасіць каго-небудзь з тых жа беларускіх акцёраў, бо ведаем, што ўмовы ў нас ужо на высокім узроўні.

— Значыць, у вас ёсць чаму навучыцца. І няхай так будзе і далей. Поспехаў вам і вялікіх касавых збораў!

Фільм у фармаце 3D — гэта магчымасць паглядзець карціну ў трохмерным вымярэнні, г.зн., што ўсё, што адбываецца на экране, вы бачыце і чуеце, быццам знаходзіцеся непасрэдна на месцы дзеяння. А прагляд фільма ў фармаце 5D дазволіць вам яшчэ і адчуваць тое, што дзеецца навокал: крэсла дакладна паўтарае перамяшчэнне ў фільме, а новыя тэхналогіі дазволяць адчуць на сабе, скажам, пырскі вады, подых ветру і т.п. Фільм 5D — гэта не поўнамятражная стужка, а ролік, які доўжыцца ад 5 да 15 хвілін. Глядзець такія фільмы трэба ў спецыяльных акулярах.

Гутарыла Алеся Шумовіч.

Фота Аляксандра МЕЛЕША.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *