Воскресенье, 20 июня 2021

Месяц з жыцця нашай групы «УКантакце», або Як адны пружанцы ратуюць жывёл, а іншыя — здзекваюцца

749

У нашых групах у сацыяльных сетках часта з’яўляюцца фотапаведамленні з выявамі катоў і сабак, якія шукаюць добрых і любячых гаспадароў. У пераважнай большасці такія аб’явы даюць неабыякавыя людзі, якія не з’яўляюцца гаспадарамі гэтых жывёл: іх ім падкідваюць, яны знаходзяць іх у суседзяў, падбіраюць у небяспечных месцах. За кожнай такой аб’явай стаіць свая гісторыя. А 13 сакавіка мы атрымалі ліст са Швецыі…


Пісала мая сяброўка дзяцінства Марына Вільхельм, якая ўжо больш за 10 гадоў жыве ў гэтай прыгожай краіне. Нейкія нядобрыя людзі падкінулі пад плот яе старэнькай бабулі ў вёсцы Залессе шэсць падрошчаных шчанюкоў. Аднавяскоўцы, у большасці таксама сталыя людзі, не кінулі жанчыну сам-насам з праблемай, а дапамагалі іх карміць.

Але ж усе выдатна разумелі, што шчанюкі растуць і абавязкова трэба шукаць ім дом. Вось гэтым і занялася шведская ўнучка. Думаю, сабачкам пашанцавала, што нехта з іх бацькоў быў лабрадорам: прыгажуны знайшлі сабе новыя дамы літаральна за два дні. Трэба сказаць вялікі дзякуй валанцёрам, якія актыўна ўключыліся ў работу і нават развозілі сабачак на ўласным транспарце, і гаспадарам магазіна “Заамаркет”, якія забяспечылі шчанят кормам.

Здаецца, цудоўная гісторыя пра тое як незнаёмыя людзі аб’ядналіся і дапамаглі сабакам. Але ж пачалася яна з чалавека, які проста выкінуў шэсць жывых істот… У хуткім часе з’явіліся сведкі, якія раней бачылі гэтых шчанят на падворку адной паважанай сям’і з суседняй вёскі. І высветлілася, што ніхто з былымі гаспадарамі не вёў ніякіх гутарак “на тэмы маралі”, зразумела, што не было і ніякага пакарання, акрамя маўклівага асуджэння тых, каму сталі вядомы падрабязнасці гэтай гісторыі. Заўважым, што ў Законе «Аб абыходжанні з жывёламі», не толькі прапісаны абавязкі ўладальнікаў сабак і катоў, але і прадугледжана адказнасць за негуманныя ўчынкі людзей у адносінах да братоў меншых.


На гэтым фота — Чарнышка. Яе забралі першай і цяпер нарадавацца не могуць! Цікава, што яна трапіла ў рукі былога вучня Марыны Вільхельм Сяргея Стэльмаха. У свой час Марына Міхайлаўна выкладала беларускую мову, літаратуру і гісторыю.

Прыкладна праз тыдзень мы размясцілі яшчэ адну аб’яву: “добрыя рукі” шукалі шчанюкі, падобныя на ягдтэр’ера. Па дапамогу звярнуліся суседзі нядбайнага гаспадара, якому не было справы ні да малых, ні да таго, што яго сабака прыносіць прыплод двойчы на год. Па аб’яве было некалькі тэлефанаванняў, але ніхто так і не знайшоў сабе дом… Праз некалькі дзён маленькія сабачкі проста зніклі з двара.

А яшчэ праз тыдзень нашы чытачы паведамілі больш жудасную навіну: у Лінове да старога стадыёна прыходзіць вялікі сабака з пятлёй на шыі і пасткай на лапе, да людзей не ідзе, чакае, пакуль усе разыдуцца, і толькі тады прымаецца за ежу. Да звароту ў рэдакцыю мясцовыя жыхары ўжо шукалі дапамогу сама-стойна, але ва ўсіх раённых службах атрымалі адмову. Прызнаюся, думала, што ў гэтай гісторыі не будзе шчаслівага завяршэння.


Але выратавалі сабаку валанцёры. Вялікай групай злавілі, знялі пастку і павезлі ў Кобрын на аперацыю. Металічная пятля проста ўрасла ў шыю няшчаснай жывёлы. Як нам стала вядома, выратаваннем займаліся ў тым ліку і Аліна і Марыя Вайтовічы.


9 красавіка ў нашай суполцы https://vk.com/publicbudniby з’явіўся каментарый ад Аліны: “Надышоў час распавесці вам, як справы ў Фенікса. Прайшло больш за ты-дзень, як сабака ў нас. Ён патроху прывыкае да новага жыцця — жыцця без дроту на шыі і пасткі на лапе. У сераду знялі павязку з лапкі, ён спрабуе асцярожна на яе ступаць. Гоіцца рана на шыі. Нягледзячы на ўсё, што ён перанёс, Фенікс застаецца лагодным і прыязным сабакам. А яшчэ ён вельмі любіць, калі яму гладзяць жывоцік”.


На здымках унізе бачна, якім быў Фенікс да аказання дапамогі, і як выглядае зараз.

Я не буду падводзіць вынікі, разумным людзям і так усё зразумела… Але ўсё ж чаму мы так па-рознаму адносімся да братоў нашых меншых?
Кацярына Пашкевіч.