Воскресенье, 20 июня 2021

Навучэнцы каледжа атрымалі шэраг перамог на рэспубліканскім конкурсе “Аграмайстэрства”

1 052

Як стаць сапраўдным майстрам сваёй справы? Для гэтага трэба не толькі старанна працаваць, але і ўвесь час удасканальваць тэарэтычныя веды. А яшчэ ўдзельнічаць у прафесійных конкурсах. І абавязкова перамагаць! Такой думкі прытрымліваюцца навучэнцы аграрна-тэхнічнага каледжа. Нядаўна яны вярнуліся з узнагародамі з рэспубліканскага конкурсу “Аграмайстэрства”.


Спаборніцтва, па выніках якога вызначаюцца лепшыя навучальныя ўстановы аграрнага профілю, праводзіцца ў краіне ўжо больш за 20 гадоў. І ўдзел Пружанскага каледжа ў ім – добрая традыцыя. Як адзначыла выкладчыца агранамічных дысцыплін В.В.Ільяшэвіч, лічаныя разы навучэнцы вярталіся без узнагарод. Сёлета дыпломы прывезлі ўсе тры каманды: аграномы, механікі і электрыкі.


Навучэнцы аддзялення “Аграномія” змагаліся на базе Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта. Выкладчыца Т.А. Жогал падкрэсліла, што на падрыхтоўку да конкурсу было вельмі мала часу: “Аграмайстэрства” не раз пераносілася з-за эпідсітуацыі. Але навучэнцы 4-га курса Валерый Кавалевіч, Павел Гвай і Уладзіслаў Клімашэвіч не падвялі.

Яны выдатна справіліся з тэарэтычным турам, а ў практычным увогуле набралі максімальную колькасць балаў. Такое ўпэўненае выступленне прынесла камандзе першае месца. Адметна, што адрыў ад канкурэнтаў склаў ажно 22 балы! Акрамя таго, Уладзіслаў заняў другое, а Павел – трэцяе месца ў асабістым заліку.

З трыма дыпломамі прыехалі з конкурсу і навучэнцы спецыяльнасці “Энергетычнае забеспячэнне сельскагаспадарчай вытворчасці”. Выпрабаванні праходзілі ў Мінску, у дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце. Гонар каледжа абаранялі трэцякурснікі Аляксандр Свідуновіч, Дзмітрый Ягораў і Раман Гвоздзік. Рыхтавалі хлопцаў да конкурсу выкладчыкі А.А.Багдановіч, Л.М.Лукашук і Я.І.Кашуба. Вынікам стала другое агульнакаманднае месца.

Навучэнцы таксама былі адзначаны і ў асабістым заліку: Аляксандр стаў другім, а Дзмітрый – трэцім. Хлопцы прызнаюцца: калі будзе такая магчымасць, з радасцю па-ўдзельнічаюць у конкурсе ў наступным годзе, бо перамога ў ім улічваецца пры паступленні ў ВНУ пасля заканчэння кале-джа.

Усміхнулася ўдача на конкурсе “Аграмайстэрства” і механікам. Дарэчы, яны – адзіныя, каму ў практычным туры трэба было працаваць рукамі. Выкладчыкі, якія рыхтавалі хлопцаў да конкурсу, – А.М.Чэга, А.В.Мацаюк і С.М.Ляхаў падкрэслілі: навучэнцы вельмі матываваныя, а веданне механікі для хлопца – толькі плюс. Сёлета каманда механікаў у складзе ўжо амаль выпускнікоў Аляксея Собаля, Уладзіслава Карповіча і Івана Пашко заняла другое месца сярод чатырнаццаці каманд. Іван вызначыўся ў асабістым заліку, заваяваў дыплом трэцяй ступені.

Перамогі навучэнцаў каледжа на рэспубліканскім узроўні ў чарговы раз пацвярджаюць: установа рыхтуе спецыялістаў, здольных працаваць якасна і адказна. Хтосьці з пераможцаў сёлетняга конкурсу яшчэ год будзе вучыцца, адны хлопцы адправяцца на работу па размеркаванні, іншыя плануюць паступаць у вышэйшую навучальную ўстанову. Але ўсе запэўніваюць: далейшае жыццё хочуць звязаць з прафесіяй, атрыманай у каледжы.


Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік.