Воскресенье, 20 июня 2021

«Папараць-кветка» апранулася ў джынсы і заваявала дыплом ІІ ступені

1 094

Днямі адбыўся адкрыты абласны фестываль-конкурс юных мадэльераў “Brest junior fashion”, у якім прынялі ўдзел студыі моды і калектывы аб’яднанняў па інтарэсах з Мінска, Брэста і Брэсцкай вобласці. Гонар нашага раёна ў “модных” спаборніцтвах абараняла ўзорная студыя моды і дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Папараць-кветка”.


Усяго на суд журы было прадстаўлена 20 калекцый адзення. У намінацыі “Тэатр моды” дзве калекцыі паказалі пружанскія мадэльеры.


Іх праца была ацэнена па заслугах: за калекцыю “Азбука беларускага арнамента” пружанцы былі ўзнагароджаны дыпломам III ступені, а за новую і вельмі незвычайную калекцыю “Юнацтва” — дыпломам II ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі. Ідэяй для яе паслужылі звычайныя… джынсы.


У наш час цяжка знайсці чалавека, у шафе якога не было б хоць адной пары джынсавых штаноў. Людзі любяць гэты від адзення за камфортнасць і просты дызайн.

Цікава, што першыя джынсы былі выраблены ў сярэдзіне XIX ст. як рабочае адзенне для ніжэйшых слаёў грамадства. Толькі ў 60-х гадах мінулага стагоддзя джынсы сталі модным трэндам і, як любая модная рэч, з часам падвяргаліся зменам. Пэўны час былі папулярныя “дудачкі”, потым — шырокія “бананы”, якія змяніліся джынсамі-“клёш”.


Старыя і неактуальныя джынсавыя вырабы часам проста ляжаць на паліцах шафы, але з дапамогай фантазіі ім можна даць другое жыццё. Што і зрабілі ўдзельнікі студыі “Папараць-кветка”. Для стварэння сваёй калекцыі юныя мадэльеры падабралі джынсавую тканіну класічных адценняў — сіняга і блакітнага, якія ўвасабляюць таямнічую, містычную, высакародную, чыстую бездань неба. Вырабы аздобілі заклёпкамі, упрыгожылі вышыўкай. Гэтыя модныя ўборы, як адзначылі члены журы, выдатна падыдуць людзям мэтанакіраваным і ўпэўненым у сабе.
Анастасія Карповіч, юны журналіст ЦТДМ.