Воскресенье, 20 июня 2021

У музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” адкрылася персанальная выстава мастака з Бярозы Мікалая Чалея

3 339

Жывапісам ён пачаў захапляцца яшчэ ў школе, удзельнічаў у выставах дзіцячых работ, займаў прызавыя месцы на розных конкурсах. Вучыўся маляваць па фатаграфіях, ствараючы рэпрадукцыі карцін вядомых майстроў. У якасці свайго роду настаўнікаў вылучае Івана Шышкіна і Юлія Клевера, заўсёды натхняецца іх творчасцю.
Мікалаем Мікалаевічам на сённяшні дзень створана больш за 200 палотнаў, якія ён перыядычна дэманструе на выставах у Беларусі і Расіі.

Галоўны матыў у яго творчасці — адлюстраванне прыгажосці навакольнай прыроды, яе дынамічнасць і ў той жа час гармонія.

На выставе ў палацыку прадстаўлена тры дзясяткі работ з выявамі чатырох пор года, кожная з якіх па свойму ўнікальная: веснавое адраджэнне прыроды, нібы пачатак новага жыцця, летняе асляпляльнае буйства фарбаў, ціхая зіма, якая напаўняе ваколіцы алмазным бляскам, а шыбы пакрывае дзівоснымі ўзорамі… Але найбольшую ўвагу прыцягваюць карціны з адлюстраваннем восені. У гэты час лісце дрэў афарбоўваецца ва ўсе адценні жоўтага колеру. Нездарма восень празвалі “залатым часам” года.

Палюбавацца работамі Мікалая Чалея можна будзе да канца чэрвеня.
Марына Каўтунюк, галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы “Пружанскі палацык”.