Пятница, 18 июня 2021

Гісторыя аднаго экспаната. Першы палёт у космас

3 113

Сярод велізарнай калекцыі паштовак у музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” маю ўвагу прыцягнулі савецкія навагоднія паштоўкі з выявай Дзеда Мароза з… ракетай. Што прымусіла савецкіх мастакоў да стварэння такіх паштовак? Давайце разбірацца.


60 гадоў таму, 12 красавіка 1961 года, свет быў узрушаны паведамленнем пра тое, што на арбіту вакол Зямлі быў выведзены першы ў гісторыі касмічны карабель, пілатуемы чалавекам. Гэтая дата назаўсёды ўвайшла ў гісторыю і стала адзначацца як Дзень касманаўтыкі.


Першы касмічны палёт доўжыўся 108 мінут. У нашы дні, калі здзяйсняюцца шматмесячныя экспедыцыі на арбітальных касмічных станцыях, ён здаецца вельмі кароткім. Але кожная з гэтых мінут была адкрыццём невядомага. Палёт Юрыя Гагарына даказаў, што чалавек можа жыць і працаваць у космасе. Так з’явілася на Зямлі новая прафесія — касманаўт.


І амаль адразу ж тэма першага палёту ў космас адлюстравалася на навагодніх паштоўках: іх у СССР імкнуліся рабіць тэматычнымі, паказваць самыя важныя падзеі краіны. Таму нядзіўна, што Дзед Мароз у тыя часы не на аленях раз‘язджаў, а прылятаў на ракеце.
У хуткім часе на навагодніх паштоўках з’явіўся новы герой – хлопчык-касманаўт, якога малявалі разам з Дзедам Марозам і Снягуркай.


У фондах нашага музея захоўваюцца навагоднія паштоўкі знакамітага савецкага мастака і мультыплікатара Уладзіміра Зарубіна, творы якога цэняцца калекцыянерамі. Калекцыяніраванне паштовак Зарубіна з’яўляецца самастойнай тэмай у філакартыі. На адной з такіх паштовак намаляваны мішка з зайчыкам, якія вырашылі скарыстацца касмічнай поштай, каб павіншаваць хлопчыка-касманаўта са святам.


Вось так у СССР паштоўка адлюстроўвала не толькі святочны настрой, але і дух эпохі.
Марына Каўтунюк.