Пятница, 18 июня 2021

На Пружаншчыне прайшлі вучэнні лесаводаў па ахове лесу ад пажараў

912

Галоўнай пляцоўкай мерапрыемства стала тэрыторыя гарадскога возера. Лесаводам дэманстравалі тэхніку і сродкі, якія сёння прымяняюцца на Пружаншчыне пры тушэнні пажараў.


— Ахова лесу, у тым ліку і ад вогненнай стыхіі, застаецца асноўнай задачай лесаводаў. І дэманстрацыйна-практычныя вучэнні ў гэтым плане з’яўляюцца нядрэнным спосабам абмену вопытам: у кожнага лясгаса ёсць свае напрацоўкі па лесапажарным уладкаванні з улікам асаблівасцей сваёй мясцовасці, — зазначыў Аляксандр Мацюшэўскі, галоўны ляснічы Брэсцкага ДВЛГА . — Не за гарамі пажаранебяспечны перыяд, таму зараз самы час зверыць гадзіннікі: прааналізаваць сваю дзейнасць у мінулым перыядзе і зрабіць работу над памылкамі, пазнаёміцца з новымі тэхналогіямі, каб максімальна абараніць лясны фонд ад пажараў.
Тут галоўнае, як зазначыў Аляксандр Мікалаевіч, — сістэмная работа, якая ўключае і прафілактычныя, і папераджальныя мерапрыемствы, і ўкамплектаванасць пажарна-хімічных станцый, і ўкараненне сістэм ранняга выяўлення пажараў.

Што тычыцца Пружанскага лясгаса, на базе якога сёлета прымалі ўдзельнікаў штогадовага абласнога дэманстрацыйна-практычнага вучэння па выяўленні і тушэнні лясных пажараў, ён з’яўляецца не самым праблемным на Брэстчыне: пажары тут здараюцца нячаста. А значыць, ёсць пэўны вопыт для пераймання.


Як расказаў галоўны ляснічы Дзмітрый Козел, сёння на тэрыторыі лясгаса функцыянуе пяць пажарна-хімічных станцый, укамплектаваных спецаўтамабілямі. У рамках абнаўлення пажарнага аўтапарка летась у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях быў набыты і мадэрнізаваны пажарны аўтамабіль. А для своечасовага выяўлення лясных пажараў у лесагаспадарчых установах ёсць шэсць пажарна-назіральных вышак і адна мачта, якія абсталяваны сістэмамі відэаназірання. Яны даюць практычна стапрацэнтнае пера-крыццё ляснога фонду камерамі.


Удзельнікам семінара прадэманстравалі і беспілотны лятальны апарат, які лясгас набыў некалькі гадоў таму не толькі для адсочвання сітуацыі пры тушэнні лясных пажараў, але і выяўлення ўчасткаў хваёвых насаджэнняў, якія ўсыхаюць, парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства. Варта адзначыць, пружанцы былі першымі сярод лесаводаў вобласці, хто ўкараніў гэтую тэхніку.


Але ў Пружанскім лясгасе трымаюць руку на пульсе, таму разглядаюць магчымасць укаранення яшчэ больш новых тэхналогій. Новым словам у тэхніцы сёння з’яўляецца аўтаматызаваная дыстанцыйная сістэма «Лясны вартаўнік». Яна вылучаецца павялічаным радыусам агляду камер і высокай дакладнасцю вызначэння каардынат дыму ці агню. Гэты сучасны праграмна-тэхнічны комплекс для сістэмы маніторынгу і ранняга выяўлення лясных пажараў дазваляе рэагаваць на ўзгаранне на працягу літаральна дзесяці мінут. Акрамя мінімізацыі ўрону, у комплекса ёсць перавага ў выглядзе зніжэння выдаткаў за кошт выключэння дубліравання работы дзяжурных, пажарных вартаўнікоў і ляснічых: ён прадугледжвае стварэнне адзінага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра.

Другім этапам вучэння сталі спаборніцтвы лесапажарных камандаў лясгасаў Брэстчыны, дзе яны памераліся сіламі ў хуткасці і спрыце пры выкарыстанні супрацьпажарнага інвентару. Найлепшы вынік паказалі гаспадары: менавіта пружанская каманда заняла першае месца. Другая і трэцяя прыступкі п’едэстала пераможцаў дасталіся лесаводам са Століна і Пінска.
Марына Вакульская. Фота аўтара.