Воскресенье, 20 июня 2021

Музей-сядзіба «Пружанскі палацык» запрашае ўсіх жыхароў раёна стаць удзельнікамі акцыі «Падары музею экспанат»

2 465


На працягу многіх гадоў супрацоўнікамі музея вядзецца плённая праца па камплектацыі і захаванні гісторыка-культурнай спадчыны раёна. На дадзены момант у палацыку захоўваецца каля дзевяці тысяч экспанатаў, якія адлюстроўваюць розныя перыяды гісторыі і жыцця людзей Пружаншчыны. Значная частка фондавых калекцый сабрана неабыякавымі да гістарычнай спадчыны роднага краю жыхарамі раёна.

Палацык у 1916 годзе


Прапануем і сёння ўсім жадаючым прыняць удзел у гэтай выдатнай акцыі і папоўніць музей новымі экспанатамі. Гэта дапаможа вам не толькі далучыцца да краязнаўства, але і паспрыяе папулярызацыі музейнай дзейнасці, што, без сумнення, акажа станоўчы ўплыў на выхаванне падрастаючага пакалення. Узамен ваша імя назаўжды будзе занесена ў кнігу паступлення фондаў музея — і такім чынам вы пакінеце высакародны след у гісторыі раёна.


У якасці экспанатаў могуць быць старыя фатаграфіі, дакументы, кнігі, значкі, манеты, прадметы адзення, аксесуары, музычныя інструменты, карціны, вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, посуд, прадметы побыту…


Музей з радасцю прыме іх у дар. Стаўшы музейнымі прадметамі, гэтыя рэчы атрымаюць новае жыццё, будуць прадстаўлены на выставах і ў экспазіцыях музея.
Марына Каўтунюк, галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык».