Пятница, 18 июня 2021

Гісторыя з фатаграфіяй. Красавік 1961-га, г.Масква

1 107

Гэты здымак да рубрыкі «Гісторыя з фатаграфіяй» некалькі тыдняў таму — незадоўга да свайго сыходу з жыцця — прынёс у рэдакцыю Георгій Георгіевіч Разанка. Маўляў, хутка — 60-гадовы юбілей з дня першага палёту чалавека ў космас, а фота было зроблена якраз з гэтай нагоды.
Так атрымалася, што фота стала памятным не толькі з пункта гледжання Дня касманаўтыкі, але і апошнім прывітаннем ад чалавека, які шмат гадоў быў актыўным чытачом і сябрам «раёнкі».


«12 красавіка 1961 года група навучэнцаў Пружанскага тэхнікума механізацыі сельскай гаспадаркі ад’язджала на шасцімесячную вытворчую практыку на цаліну. Якраз падчас невялікага мітынгу з нагоды нашага ад’езду па радыё было перададзена паведамленне ТАСС пра запуск на каляземную арбіту савецкага касмічнага карабля, які пілатаваў Ю.А.Гагарын.
13 красавіка мы апынуліся ў Маскве, дзе павінны былі рабіць перасадку. На жаль, затрымацца на суткі, каб на свае вочы ўбачыць сустрэчу першага касманаўта Зямлі, было немагчыма. Таму паспяшаліся ў памяць аб значнай даце сфатаграфавацца на святочна ўпрыгожанай Чырвонай плошчы (палотнішчы з выявамі гербаў саюзных рэспублік вывешваліся на Крамлёўскай сцяне з нагоды дзяржаўных свят).
З прыўзнятым настроем праз некалькі дзён мы прыступілі да працы ў саўгасе «Кзылтускі» Ленінградскага раёна Какчатаўскай вобласці Казахскай ССР. Аралі, сеялі, збіралі ўраджай. У тым годзе гаспадарка сабрала 50 000 тон збожжа, намалаціўшы з 1 гектара па 12 цэнтнераў (па тых часах гэта былі вельмі нядрэнныя вынікі).
Пасля заканчэння тэхнікума мы былі накіраваны на працу спецыялістамі ў сельгаспрадпрыемствы. Большасць пасля атрымала вышэйшую адукацыю, многія сталі кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый, працавалі ў савецкіх і партыйных органах.
Прайшло ўжо 60 гадоў з тых часоў, але гэты дзень, які пазней пачаў адзначацца як Дзень касманаўтыкі, мы памятаем усё жыццё».
З успамінаў Георгія Разанкі.
НА ЗДЫМКУ: Г.Г.Разанка стаіць першы злева.