Воскресенье, 20 июня 2021

На гэтым тыдні Пружанская ЦРБ атрымала новую партыю «Спадарожніка V». Пагутарылі з людзьмі, якія ўжо зрабілі прышчэпку

1 647

Вакцынацыя ад каранавіруса працягваецца. Як паведаміла загадчыца паліклінікі В.П.Барысюк, у сераду пружанская медустанова атрымала чарговую партыю вакцыны “Гам-Кавід-Вак” (“Спадарожнік V”).
Вольга Паўлаўна расказала, што на Пружаншчыне з 4 лютага па 8 красавіка першым кампанентам вакцыны “Гам-Кавід-Вак” ужо было прышчэплена 450 чалавек. 349 з іх – людзі да 60-ці гадоў, якія працуюць. У асноўным гэта медработнікі, настаўнікі, работнікі сацыяльнай сферы.


Другім кампанентам гэтай расійскай вакцыны па стане на 8 красавіка было прышчэплена ўжо 115 чалавек.


Новыя 500 доз вакцыны чакаюць сваёй чаргі. Вольга Паўлаўна звяртае ўвагу: пацыенту зробяць прышчэпку толькі пасля кансультацыі з урачом.


Для запісу на вакцынацыю звяртайцеся ў каб. №54 паліклінікі або па тэл. 3-05-60.


“Раёнка” ўжо не раз расказвала вам, паважаныя чытачы, пра вакцынацыю ад каранавіруса. Разам са спецыялістамі Пружанскай ЦРБ мы вывучалі найбольш папулярныя пытанні і разбіраліся з тэарэтычнай часткай. А што на практыцы? Як адчуваюць сябе пасля вакцынацыі тыя, хто зрабіў прышчэпку? Яны расказалі пра гэта самі.

Наталля Віктараўна Дзевянцейчык, настаўніца рускай мовы і літаратуры Навасёлкаўскага ВПК д/с-СШ:


— Пра пачатак вакцынацыі настаўнікаў “Спадарожнікам V” даведалася са сродкаў масавай інфармацыі. Мае дзеці хварэлі на COVID. Дзякуй Богу, у лёгкай форме. Каб абараніць сябе ад каварнага віруса, вырашыла зрабіць прышчэпку.
Першы кампанент мне ўвялі напрыканцы сакавіка. Прышчэпку перанесла лёгка, пабочных эфектаў не было, таму пасля яе вяла звычайны лад жыцця. У сераду прыйшла ў паліклініку, каб атрымаць другі кампанент вакцыны.
Рабіць прышчэпку ці не – канечне, асабісты выбар кожнага чалавека. Як ён перанясе вакцынацыю, можа залежаць ад стану здароўя. Зразумела, варта параіцца і з урачамі. Але для сябе я вырашыла зрабіць прышчэпку і пра гэта не шкадую. Вакцынацыя – гэта, перш за ўсё, клопат пра сябе.


Сяргей Міхайлавіч Кніга,тэхнічны работнік ЦТДМ:


— Ніякай іншай вакцыне, акрамя “Спадарожніка V”, я не давяраю. Мне здаецца, што я перахварэў на каранавірус у вельмі лёгкай, амаль бессімптомнай форме пару месяцаў таму. Фактычна, проста адчуваў млоснасць. А вось у дачкі і жонкі падымалася тэмпература, яны не адчувалі пахі. Але ж ведаю, што перанесеная хвароба не засцерагае ад магчымага паўторнага заражэння. Таму, як толькі нам з жонкай паведамілі пра магчымасць зрабіць прышчэпку, мы запісаліся на яе. Мне ўжо ўвялі і сіні, і чырвоны кампаненты. Жонка пакуль чакае сваёй чаргі
Пасля прышчэпкі ў мяне не было тэмпературы і нейкіх іншых пабочных эфектаў. Раю ўсім рабіць прышчэпку ад “кароны”.

Рыма Канстанцінаўна Грыгор’ева, санітарка Пружанскай ЦРБ:


— Першы кампанент вакцыны “Гам-Кавід-Вак” — “Спадарожнік V” — мне ўвялі 4 лютага, у той жа дзень, калі ў нашай бальніцы стартавала вакцынацыя ад COVID-19. Згадзілася на прышчэпку адразу ж, як прапанавалі. Па-першае, я давяраю расійскай навуцы. Па-другое, давяраю ўрачам і медсёстрам, побач з якімі працую, іх меркаванню. Па-трэцяе, вакцынацыя для мяне – добрая прывычка: штогод я раблю прышчэпку ад грыпу.
Пасля ўвядзення першай дозы вакцыны некаторы час была слабасць, хацелася спаць, але такі стан даволі хутка прайшоў. Баяцца прышчэпкі не трэба. Я лічу, што, калі чалавек не мае супрацьпаказанняў, яе патрэбна зрабіць абавязкова.
Падрыхтаваў Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік.