Суббота, 12 июня 2021

На тыя ж граблі? Пружанцы зноў паляць сухую траву і смецце з парушэннем правілаў і насуперак здароваму сэнсу

538

Канец сакавіка парадаваў цеплынёй. Але хапіла некалькіх сонечных дзён, каб рэзка ўскладнілася пажарная абстаноўка ў раёне: як паведамляе райаддзел па надзвычайных сітуацыях, за тры дні апошняга сакавіцкага тыдня чатыры разы давялося выязджаць на тушэнне сухой травы і бескантрольных кастроў, агонь ад якіх пагражаў пабудовам або экасістэме.


Сапраўды, спальванне расліннага смецця — просты, бясплатны і хуткі спосаб навядзення парадку на прысядзібных участках. Заканадаўства дазваляе прымяняць падобную «тэхналогію», акрамя строгай забароны выпальвання сухой расліннасці на корані, але пры строгім захаванні правілаў развядзення кастроў. Гэтыя патрабаванні былі распрацаваны не проста так, а з улікам надзвычайных здарэнняў, якіх, на жаль, штогод не меншае.


Як паказала прафілактычнае мерапрыемства, праведзенае інспектарамі райаддзела, у якім прынялі ўдзел і карэспандэнты «раёнкі», вогненная статыстыка папаўняецца з-за чалавечай нядбайнасці. Кожны парушальнік правілаў запэўніваў пажарных, што ніякай бяды няма, маўляў, «усё пад кантролем», нават калі касцёр пакінуты без нагляду, калі вогнішча раскладзена побач з сухой расліннасцю або тэхнікай.

Як, напрыклад, мы ўбачылі ў в.Гарадняны. Гаспадыня прыбрала двор пасля зімы і вырашыла спаліць смецце. Але на вялікім участку лепшага месца не знайшлося, як зрабіць касцёр побач… з трактарам мужа.

Раптоўны парыў ветру, невялікая іскра на заліты маслам рухавік… Што будзе далей, наўрад ці варта расказваць, гэта вядома ўсім з трывожных паведамленняў.


Пра што пацвердзіў і жыхар в.Вялікія Якавічы Віктар Аляксеевіч. Гаспадар таксама распаліў касцёр, але месца для яго падабраў на полі, далей ад пабудоў або сухіх зараснікаў. Ды і дзяжурыў побач, пакуль агонь поўнасцю не прагарыць, каб потым заліць вуголле вадой.

— Я добра ведаю супрацьпажарныя правілы, яны накіраваны на захаванне менавіта нашай бяспекі,— расказвае вясковец.
Хочацца спадзявацца, што словы гэтага мужчыны возьмуць на ўзбраенне іншыя: напрыклад, жыхары Сланімцоў, дзе мы таксама бачылі мясцовых гаспадароў, якія бяздумна выпальвалі смецце каля сваіх хлявоў, Арабнікаў, дзе пагаварылі з гаспадыняй, якая збіралася падпаліць спілаваныя галіны ў метры ад дома.


Тут варта ўзгадаць статыстыку мінулага года, калі супрацоўнікамі райаддзела МНС было зафіксавана амаль чатыры дзясяткі выпадкаў спальвання смецця з парушэннем правілаў пажарнай бяспекі: у 32 выпадках гарэлі трава і кустоўе, было ўзгаранне тарфяніку і ў трох выпадках адбыліся пажары ў лесе. Дзевяць грамадзян прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці, вінаватымі ў трох пажарах сталі дзеці.


Памятайце, што, згодна з арт.16.40 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, незаконнае выпальванне сухой расліннасці, травы на корані, а таксама пожні на палях або непрыняцце мер па ліквідацыі выпальванняў на зямельных участках пагражае штрафам ад 10 да 30 базавых велічынь.

Каб не дапусціць бескантрольнага загарання сухой расліннасці:
— рэгулярна прыбірайце ўчастак ад сухой травы, лісця і смецця;
— не разводзьце кастры паблізу дачных пабудоў і жылых дамоў;
— не выкідвайце ў сухую траву непатушаныя цыгарэты і запалкі.
Пры развядзенні кастроў неабходна прытрымлівацца наступных мер бяспекі:
— спальваць толькі ў тых месцах, дзе няма рызыкі распаўсю-джання агню;
— пастаянна кантраляваць;
— мець пад рукой сродкі тушэння (вогнетушыцель, ёмістасць з вадой, рыдлёўку);
— спецыяльныя прылады гатавання ежы на адкрытым агні (мангалы, барбекю) устанаўліваць на адлегласці не менш за 4 м ад будынкаў.
Спальваць смецце на сваім участку можна, але рабіць гэта трэба толькі ў зацішнае надвор’е. Вогнішчы лепш разводзіць як мага далей ад будынкаў, лесу або сціртаў саломы.

Райаддзел па надзвычайных сітуацыях заклікае:
— ні ў якім разе не выпальвайце траву на корані, акрамя таго, што гэта шкодна для раслін і жывёл, выпальванні могуць быць небяспечныя і для чалавека;
— калі вы заўважылі пажар — не праходзьце міма, неадкладна паведамце аб здарэнні па тэлефоне 101 або 112, а самі як мага хутчэй пакіньце месца пажару.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік.