Суббота, 12 июня 2021

У раённым этапе рэспубліканскага конкурсу акцябрацкіх груп “Суперзорачка” перамаглі вучні Хараўской СШ

1 439

Апазнавальны знак самых юных членаў рэспубліканскай піянерскай арганізацыі – зорачка. Па ёй з лёгкасцю можна вызначыць акцябрат. Іх дружыны, якія існуюць пры навучальных установах раёна, садзейнічаюць творчаму развіццю школьнікаў. У СШ №4 прайшоў своеасаблівы агляд талентаў – раённы этап рэспубліканскага конкурсу акцябрацкіх груп “Суперзорачка”.


Сёлетні конкурс сярод акцябрат – другі па ліку. Ідэя яго стварэння ўзнікла ў БРПА летась. “Суперзорачка” дзятве спадабалася, таму вырашана было зрабіць яе штогадовай.


Удзельнікамі раённага этапу сёлета сталі вучні 7-10 гадоў з шасці школ раёна. Кожная каманда складалася з пяці акцябрат. Школьнікам неабходна было праявіць сябе ў шэрагу конкурсаў. Пры гэтым відэавізітоўкі і партфоліа каманды здалі да пачатку выпрабаванняў на сцэне.


А пачаліся яны з “IQ-пракачкі” – конкурсу на хуткасць мыслення і рэагавання. Ад удзельнікаў патрабавалася скласці адказ на пытанне з набору літар, які даваўся камандзе. Выдатна справіліся з заданнем прадстаўнікі групы “Дзьмухаўцы” Хараўской СШ.


Затым школьнікі прадэманстравалі калектыўныя творчыя справы. Кожная група падышла да іх даволі арыгінальна. Напрыклад, “Непаседы” са Слабадской СШ расказалі казку пра матылькоў, якія сталі рознакаляровымі і падарылі радасць людзям. Менавіта ў тым, каб дарыць шчасце і радасць адзін аднаму, вучні са Слабудкі і бачаць мэту жыцця чалавека. Школьнікі з Лінова (акцябрацкая група “Вясёлка”) прызналіся, што калі б злавілі залатую рыбку, то папрасілі б у яе, каб ва ўсіх дзяцей былі сем’і, на планеце панавалі мір і згода, а ў кожнага чалавека меліся надзейныя сябры.


Цікава было “праверыць” хатняе заданне, якое падрыхтавалі вучні. Так называўся заключны конкурс. Ён пацвердзіў: акцябраты Пружаншчыны – сапраўдныя суперзорачкі. Так члены каманды “Дабрыня” СШ №4 падрыхтавалі танец. Бадай, самай запамінальнай стала казка “Без сяброў нам не пражыць” акцябрацкай групы “Сонейка” Мураўскай СШ.


Па выніках раённай “Суперзорачкі” бронзавым прызёрам стала група “Вясёлка” з Ліноўскай СШ. На другім месцы – “Сонейка” (Мураўская СШ). Абсалютнымі пераможцамі прызнаны вучні Хараўской СШ з акцябрацкай групы “Дзьмухаўцы”. Менавіта яны прадставяць раён на абласным этапе конкурсу, які павінен адбыцца ўжо ў красавіку.
Натхніўшыся талентам дзетак, журы вырашыла ўвесці спецыяльную намінацыю “Суперпраменьчыкі”. У ёй былі адзначаны Маргарыта Губарык (Хараўская СШ), Міхаіл Пацапня (Мураўская СШ) і Сафія Кушня са Слабадской СШ.
Уладзіслаў Шпарла, Кацярына Масік (фота).