Четверг, 15 апреля 2021

Трактарысты ААТ “Пружанскі райаграсэрвіс” актыўна ўключыліся ў сеў ячменю

633

Пыл слупом стаіць над полем Высокая гара, што каля пушчанскай вёскі Доўгае. Увішныя трактарысты ААТ “Пружанскі райаграсэрвіс” актыўна ўключыліся ў пасяўную кампанію, якая поўным ходам ідзе ў раёне.

Сёння на парадку дня ў мясцовых механізатараў — ячмень. Палова поля ўжо засеяна.


Згодна з аператыўнай сводкай, у таварыстве падрыхтавана ўжо 78,5% тэрыторыі, выдзеленай для пасеву ранніх яравых збожжавых і зернебабовых культур. Вывезена і ўнесена 82% арганічных угнаенняў. У поўным аб’ёме пасеяны авёс, менш за палову засталося пасеяць зернебабовых культур і ячменю.


— У тэрміны, спадзяюся, укладзёмся. Ва ўсякім разе, нашы жалезныя “коні” — “John Deere” ў калегі і мой “Беларус 3022” – дагэтуль не падводзілі. Працуем ад цямна да цямна, але вынік таго варты, — запэўнівае Андрэй Леанідавіч Карповіч, які шчыруе ў сельгаставарыстве без малога 30 гадоў. Фактычна, з ім звязана ўсё працоўнае жыццё механізатара. Дарэчы, цяпер побач з бацькам працуе і сын.
Аліна Майская.
На здымку: механізатар А.Л.Карповіч.
Фота Кацярыны Масік.