Четверг, 15 апреля 2021

Рамантыка і небяспека марской службы. Расказваем, як юнак з Лінова спраўдзіў сваю мару, стаў мараком і даслужыўся да капітана 3 рангу

666

Наша краіна — не марская дзяржава. Аднак беларусы ва ўсе часы годна неслі поўную рамантыкі і небяспекі марскую службу. Сярод тых, хто штогод 19 сакавіка з гонарам адзначае Дзень марака-падводніка, а 2 красавіка — Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі, ёсць і наш зямляк, капітан 3-га рангу запасу, які служыў на падводным атамаходзе, Валянцін Яўгенавіч Малашка. Ён праходзіў службу на Ціхаакіянскім і Паўночным флоце, удзельнічаў у шэрагу найважнейшых ваенных аперацый. Мае дзяржаўныя ўзнагароды Савецкага Саюза і Расійскай Федэрацыі.


Валянцін Малашка нарадзіўся ў Лінове, там жа вучыўся ў школе. Выхоўваўся на прыкладах мужнасці і гераізму савецкіх воінаў: родныя дзядзькі па лініі мамы Ліліі Аляксееўны вярнуліся з франтоў Вялікай Айчыннай вайны з узнагародамі, а бацька Яўген Васільевіч быў афіцэрам запасу.

З дзяцінства Валянцін марыў быць мараком. Яго настольнымі кнігамі былі “Два капітаны” Веніяміна Каверына і “20 тысяч лье пад вадой” Жуля Верна. У 17 гадоў выпускнік Ліноўскай школы, прайшоўшы вельмі сур’ёзны адбор на медыцынскай камісіі, паспяхова здаў уступныя іспыты і, нягледзячы на вялікі конкурс, стаў курсантам Севастопальскага вышэйшага ваенна-марскога інжынернага вучылішча (яно мела яшчэ нефармальную назву “Галандыя” з-за размяшчэння ў аднайменным гарадскім раёне).


Службу на атамных падводных лодках пачаў у 1980 годзе на самым далёкім — Ціхаакіянскім — флоце на пасадзе інжынера групы дыстанцыйнага кіравання БЧ-5 — галоўнага баявога падраздзялення.

Дзякуючы дасведчаным настаўнікам, атрыманым ведам і стараннасці, Валянцін Малашка увайшоў у баявы строй экіпажа падлодкі. Падчас свайго першага апускання на падлодцы ён прайшоў абрад пасвячэння ў падводнікі: выпіў з асвятляльнага плафона вялікую порцыю вады з-за борта — і атрымаў сімвалічнае “пасведчанне падводніка”. Так пачала здзяйсняцца дзіцячая мара хлопца з Пружаншчыны.


Праз некаторы час наш зямляк, які зарэкамендаваў сябе з лепшага боку, становіцца камандзірам рэактарнага адсека. Цяпер ён нясе адказнасць за стан “сэрца” атамахода, двух рэактараў, і бездакорную работу ўсіх дапаможных сістэм і механізмаў.

Тры гады службы на Ціха-акіянскім флоце прайшлі ў частых выхадах атамахода на баявое патруляванне, трэніроўках па сігнале “Трывога”, выкананні баявых стрэльбаў, у тым ліку з ракетных супрацьлодачных комплексаў “Шквал”. Валянціну Яўгенавічу асабліва запомнілася апусканне падлодкі на лімітавую глыбіню 480 метраў.


Наперадзе было сапраўднае выпрабаванне для ўсяго экіпажа падлодкі праекта 671 РТМ — выкананне ўрадавага задання пад назвай “Літая іголка” па пераходзе атамахода падлёднымі лабірынтамі на Паўночны флот, перад 33-й дывізіяй якога была пастаўлена задача “астудзіць” баявы запал падводнікаў ЗША, якія ўжо накіравалі балістычныя ракеты на нашу краіну. І задача была выканана.

Пазней экіпажу падлодкі Валянціна Малашкі давялося ахоўваць цяжкі атамны падводны крэйсер ТК-20, з шахты якога ў раёне Паўночнага полюса адбылося выпрабаванне савецкай міжкантынентальнай балістычнай ракеты. А з 1986 года, калі лодку перадалі ў супрацьавіяноснае злучэнне, давялося нават “удзельнічаць” у амерыканскіх вучэннях і назіраць за манеўрамі авіяноснай амерыканскай групы. Адметна, што амерыканцы далі савецкім лодкам праекта 671 РТМ назву “Viktor”, фактычна прызнаўшы іх перавагу і высокі прафесіяналізм персаналу…
Валянцін Яўгенавіч Малашка ўзнагароджаны медалямі “За бездакорную службу” 3-й і 2-й ступені…

Ён звольніўся, калі ўжо быў капітанам 3-га рангу і выконваў абавязкі камандзіра дывізіёна руху той самай БЧ-5. Вярнуўся з сям’ёй у Беларусь, але марское братэрства не забывае. Падтрымлівае сувязь з калегамі, актыўна ўдзельнічае ва ўсіх мерапрыемствах, якія праводзіць Беларускі саюз ваенных маракоў.
Уладзімір Касьянаў, падпалкоўнік у адстаўцы.
Фота розных гадоў з архіва Валянціна Малашкі.