Воскресенье, 20 мая 2018

В Мокром прошел районный этап республиканского конкурса «Властелин села»

1 658

Шматлюдна ў мінулую нядзелю было ў Мокраўскім СДК. Групы падтрымкі  сабраліся, каб пабалець за свайго “ўладара сяла”. Менавіта так называўся раённы этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага конкурсу, які прайшоў у нашым раёне ўпершыню.

Спаборнічалі Міхаіл і Марына Ганчары, Мікалай і Таццяна Кунды з “Жураўлінага” і Вячаслаў і Аксана Пасько з “Белавусаўшчыны”. Удзельнікам давялося прайсці ажно пяць этапаў конкуру. І тое, што адной з мэтаў мерапрыемства ставілася выхаванне ў моладзі павагі да працы і захаванне традыцый беларускай вёскі, адчулася адразу: мужчыны ўзяліся за косы. У гэтым конкурсе ім патрэбна было скасіць траву з адведзеных  участкаў, а жанчыны складвалі яе ў стажок. У другім і трэцім этапах конкурсу сямейныя пары распілоўвалі бярвенні (на здымку),  распальвалі касцёр, напаўнялі чыгункі пачышчанай бульбай. Пасля чыгункі — і жонак разам з імі — мужы няслі да фінішу.

На конкурс “Смачна есці!” удзельнікі прадставілі цудоўны каравай. Былі там і дранікі, ды не “пустыя” — а з грыбамі і курыцай. Вось дзе сапраўды смакоцце! У “візітнай картцы” свае  таленты раскрывалі жанчыны. Марына Ганчар пакарыла гледачоў выкананнем усходняга танца, Таццяна Кунда павесяліла жартоўным маналогам, а Аксана Пасько парадавала песняй.

Наогул, як адзначылі  старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК С.С.Лаўрыновіч і першы сакратар РК БРСМ Т.А. Дзядзюн, якія займаліся арганізацыяй мерапрыемства, конкурс прайшоў надзвычай весела. Асаблівую ўдзячнасць арганізатары выказвалі дырэктару Мокраўскага СДК Валянціне Немцавай за падтрымку музычнымі нумарамі і дапамогу.

Думаецца, засталіся задаволенымі ўсе канкурсанты, якіх шчодра ўзнагародзілі падарункамі. А сям’я Ганчар, як пераможца, у дадатак да прыза атрымала яшчэ і тытул “Уладар сяла”. Міхаіл, які працуе інжынерам, і Марына – кладаўшчык ААТ “Жураўлінае”, — прадставяць наш раён на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу.

Поспеху вам, маладыя і шчаслівыя!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *