Четверг, 15 апреля 2021

На парадку дня… беспарадак. Невядомыя пашкодзілі тэхніку ў скверы Гудзімава

1 130

Мінулая зіма стала значным выпрабаваннем для гарадской камунальнай службы. У выніку рэгулярных снегападаў, нізкіх тэмператур і моцных вятроў не было магчымасці паступова прыбіраць вуліцы ад смецця. І таму адразу пасля раставання снегу ў горадзе пачаўся сапраўдны аўрал: неабходна за кароткі час навесці парадак на даволі вялікай тэрыторыі.

Адны чысцяць і рамантуюць
Як расказвае начальнік участка «Добраўпарадкаванне» КУВП «Камунальнік» С.Б.Грыбоўскі, у падначаленым яму калектыве працуе 22 чалавекі. Сямі работнікам пастаўлена задача навесці парадак на дваровых тэрыторыях шматпавярховак, а гэта азначае, што за кожным замацавана 45 гарадскіх двароў. Дзевяць дворнікаў шчыруюць на асноўных вуліцах райцэнтра. Нескладаны падлік паказвае, што кожнаму давядзецца прывесці ў парадак крыху больш за 10 кіламетраў вуліц.


Сітуацыя ўскладняецца тым, што снег, лёд і нізкія тэмпературы не вельмі добра паўплывалі на стан цвёрдага пакрыцця праезнай часткі. Асфальт аказаўся пашкоджаным практычна на ўсіх вуліцах, месцамі стварыліся сур’ёзныя перашкоды для руху аўтамабіляў і веласіпедаў.

Цяпер у кароткія тэрміны шасці дарожным рабочым неабходна правесці ямачны рамонт і аднавіць больш за 350 квадратных метраў пакрыцця. Пасля чаго надыдзе чарга рамонту вуліц з гра-війным пакрыццём, а гэта яшчэ каля 40 кіламетраў.


У дадатак навядзенне парадку патрабуецца на чатырох могілках, у месцах грамадскага карыстання і адпачынку, на больш як 70-і дзіцячых пляцоўках. Трэба таксама пры неабходнасці рамантаваць і фарбаваць малыя архітэктурныя формы і амаль дзве тысячы дарожных знакаў…


Як зазначае Сяргей Барысавіч, паступова камунальшчыкі справяцца з пастаўленай задачай. На сённяшні дзень ачышчаны ад смецця практычна ўсе цэнтральныя вуліцы, ямачны рамонт зроблены на Кастрычніцкай, Горына-Каляды, Свабоды, Леніна,

Інтэрнацыянальнай. Адноўлены дарожныя знакі, з якіх 22 давялося мяняць поўнасцю. У добраўпарадкаванні пэўную дапамогу аказваюць і самі жыхары, якія прыбіраюць дваровыя тэрыторыі або аднаўляюць малыя архітэктурныя формы — лаўкі, дэкаратыўныя агароджы і інш. На жаль, часцей дапамагаюць прадстаўнікі старэйшага ўзросту, а тыя, каму 30+, у пераважнай большасці ігнаруюць ініцыятыву пажылых суседзяў. І ўсё ж ёсць пэўныя спадзяванні, што хутка наш горад пазбавіцца ад зімовага смецця і апранецца ў прыгожую зеляніну.

Другія смецяць і ламаюць
І калі адны прыбіраюць, іншыя…


На ўвазе маюцца тыя, хто не толькі не жадае паўдзельнічаць у навядзенні парадку, але і літаральна перашкаджае рабіць гэта.

На мінулым тыдні, напрыклад, пакуль невядомыя вандалы «павесяліліся» ў скверы Гудзімава, дзе прычынілі шкоду выстаўленым экспанатам баявой тэхнікі. Былі пабіты шыльды, некаторыя з якіх давядзецца ўвогуле мяняць, паламаны выстаўленыя экспанаты. Як паведамляе намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце КУВП «Камунальнік» В.І.Казлоў, папярэдне ўрон ацэньваецца ў суму каля 100 рублёў. І гэта толькі тое, што ўдасца аднавіць. Напрыклад, пакуль невядома, як адрамантаваць пабітыя ілюмінатары ў верталёта.


— Засмучае не толькі тое, што давядзецца адрываць людзей ад карыснай справы і аднаўляць учыненае хуліганамі, але і тое, што грошы, патрачаныя на рамонт, спатрэбіліся б на іншыя карысныя мэты,— зазначае Віталь Ігаравіч.— Вельмі крыўдна, што вандалы не паважаюць працу іншых людзей, зняважліва ставяцца да тых жыхароў і гасцей горада, хто наведвае гэты сквер, праводзіць экскурсіі для дзяцей.
Вось і атрымліваецца, што адны прыводзяць горад у парадак, а іншыя знішчаюць зробленае.
Алег СІДАРЭНКА, Кацярына МАСІК (фота)
На здымках: на адных вуліцах будзе парадак, на іншых… быў.