Четверг, 15 апреля 2021

На важныя пытанні пра вакцынацыю ад COVID адказвае загадчыца паліклінікі Пружанскай ЦРБ Вольга Барысюк

913

Ці баіцеся вы прышчэпак і ўколаў? Прызнаюся шчыра, такога страху, як у дзяцінстве, у мяне ўжо няма, але дагэтуль ад аднаго выгляду шпрыца па скуры прабягаюць мурашкі. Што ўжо казаць пра вакцынацыю ад каранавіруса…

Каб развеяць страхі, міфы і здагадкі, разам з загадчыцай паліклінікі Пружанскай ЦРБ В.П.Барысюк мы паспрабавалі разабрацца ў самых актуальных пытаннях, якія тычацца вакцынацыі ад каранавіруснай інфекцыі.

Як праходзіць вакцынацыя?
Пружанская ЦРБ пачала кампанію па вакцынацыі ад каранавіруса 4 лютага. Зараз, па словах Вольгі Паўлаўны, у медустанове чакаюць паступлення чарговай партыі “Спадарожніка V” для вакцынацыі насельніцтва раёна. Прышчэпка праводзіцца ў два этапы, пры гэтым запісвацца трэба толькі на першы.

Да ўвядзення сіняга кампанента ўрач робіць абавязковы агляд і вымярае тэмпературу цела пацыента. Вакцынацыя праводзіцца ўнутрымышачна, пры гэтым чалавек павінен сядзець або ляжаць. Укол робіцца ў верхнюю частку пляча, канкрэтней – у дэльтавідную мышцу ці ў бядро. Пасля гэтага на працягу паўгадзіны пацыента просяць застацца ў медустанове, каб паназіраць за ім.
Праз 21 дзень чалавек павінен ізноў прыйсці да ўрача для ўвя-дзення другога кампанента прышчэпкі, які запакаваны ў чырвоны флакончык.


Дарэчы, падчас даследаванняў «Спадарожніка V», якія праводзіліся ў тым ліку ў Беларусі, у пацыентаў не зафіксавана нечаканых і сур’ёзных адхіленняў.

Як падрыхтавацца да вакцынацыі і што рабіць пасля?
Нейкай асаблівай падрыхтоўкі да прышчэпкі не патрабуецца. Галоўнае – быць здаровым.
Як і пасля шэрага іншых прышчэпак, на працягу сутак нельга змочваць месца ін’екцыі, церці або націскаць на яго. Варта на некаторы час устрымацца ад наведвання саўны, лазні, пазбягаць празмерных фізнагрузак.
Людзі, якія маюць хранічныя бронха-лёгачныя, сардэчна-сасудзістыя захворванні ці хварэюць на цукровы дыябет, у першую чаргу, павінны пракансультавацца з урачом і зрабіць пры-шчэпку.

Ці магчымы пабочныя эфекты?
Пасля вакцынацыі ад каранавіруса, як і пасля ўвядзення любой іншай прышчэпкі, магчымы павышэнне тэмпературы, ліхаманка, “ламота” ў мышцах, галаўны боль і ўтварэнне пухліны ў месцы ін’екцыі. Але ўсе пералічаныя пабочныя эфекты сведчаць пра тое, што арганізм пачаў фарміраванне імунітэту да хваробы. Як правіла, непрыемныя адчуванні праходзяць за дзень-два. Іх узнікненне пасля ўвядзення першай дозы вакцыны не з’яўляецца супрацьпаказаннем для ўвядзення другога кампанента.

Вакцына поўнасцю абароніць ад «кароны»?
Прышчэпка не можа перашкодзіць вірусу трапіць у арганізм чалавека, але калі вы зрабілі яе, то пры заражэнні не захварэеце або перанесяце «карону» намнога лягчэй.
У той жа час нават пры адсутнасці праяў хваробы, калі вы вакцынаваліся, усё роўна можаце быць пераносчыкам віруса. Таму для абароны іншых людзей не грэбуйце нашэннем масак, сацыяльным дыстанцыраваннем, рэгулярна мыйце рукі і апрацоўвайце іх антысептыкам.
Каму лепей устрымацца ад прышчэпкі?

  • дзецям ва ўзросце да 18 гадоў,
  • людзям, якія маюць алергію, у тым ліку, алергічныя праявы былі на прышчэпкі раней,
  • тым, у каго ёсць захворванні ў вострай стадыі ці назіраецца абвастрэнне хранічных захворванняў,
  • цяжарным і жанчынам, якія кормяць дзіця.

Ці варта прышчэплівацца тым, хто перахварэў на COVID-19?
Інструкцыя да вакцыны не забараняе рабіць прышчэпку людзям, якія раней перанеслі каранавірусную інфекцыю. Аднак у такім выпадку вакцынацыю лепей адкласці на 3-6 месяцаў.
Пры лёгкім працяканні хваробы антыцелы фарміруюцца не заўсёды або хутка гінуць. Але перад прышчэпкай не трэба здаваць тэст на COVID, бо вакцынацыя падчас бессімптомнага працякання хваробы не прынясе шкоды здароўю.

Калі вы маеце жаданне зрабіць прышчэпку ад каранавіруса, можаце запісацца на яе ў Пружанскай ЦРБ па тэл. 3-05-60 або падчас кансультацыі ў любога ўрача-спецыяліста.
Падрыхтаваў Уладзіслаў Шпарла.