Суббота, 10 апреля 2021

“Хто каго чубіць, той таго і любіць”. Ці згодны з гэтым жыхары Пружан?

687

Дзе ёсць насілле — там няма сям’і
Пад такой назвай у краіне распачалася інфармацыйная кампанія, накіраваная на прафілактыку насілля ў сям’і. Але што супрацьпаставіць хатняму насіллю, калі яно замацавана нават у прымаўках: “б‘е, значыць, кахае”, “мілыя сварацца — толькі цешацца”, “хто каго чубіць, той таго і любіць” і іншых. Ці згодны з гэтымі народнымі выказваннямі нашы жыхары? Пра гэта журналісты “раёнкі” пацікавіліся ў іх на вуліцах горада.

Генадзь:


— Я такі народны “вопыт” пераймаць не збіраюся і іншым не раю. Калі мужчына б’е жанчыну, прычым усё роўна: сваю ці чужую, — гэта адназначна слабы мужчына. Што б ні здарылася, трэба быць мудрэй у любым выпадку і ўсе пытанні вырашаць з дапамогай гутаркі, а не кулакамі. Слабы пол трэба абараняць, а не крыўдзіць.

Галіна:


— Хай людзі што хочуць прыдумляюць, але ў Бібліі сказана, што жанчына — гэта “далікатны посуд” — і абыходзіцца з ім трэба разважліва і асцярожна, нібы з пасудзінай з тонкага шкла. Для чаго гэта параўнанне? Напэўна, для таго, каб усе зразумелі: сям’я, у якой б’юць слабога, не можа лічыцца сям’ёй. Насілле нельга трываць, пра гэта нельга маўчаць.

Станіслаў:


— Я бацька чатырох дзяцей. У шчаслівым шлюбе пражыў ужо дванаццаць гадоў. За гэты час нават у думках не асмеліўся падняць руку на жонку… Але, на жаль, у нашым грамадстве ёсць сем’і, дзе насілле цалкам дапушчальнае. Дапусцім, дарослыя прымаюць гэта, як нешта звыклае. А пра дзяцей яны падумалі? Навошта іх маральна знішчаць? Каб выраслі няўпэўненымі і закамплексаванымі людзьмі і сталі паўтараць памылкі бацькоў?

Ірына:


— А чаму ўсе кажуць толькі пра фізічнае насілле? Насілле ў сям’і — шматаблічная з’ява. Яно можа быць і псіхалагічным, калі чалавека прыніжаюць маральна. І эканамічным, калі адзін аднаго папракаюць кавалкам хлеба… У падобных выпадках выйсце адно: пачаць жыць па іншым сцэнарыі, дзе прапісана павага да вашых правоў і годнасці. Няхай у свой адрас вы пачуеце: “Не выносьце смецце з хаты!”. Спяшайцеся выносіць, каб не засмярдзела!

Алёна:


— Я згодная толькі з тым, што чужая сям’я поцемкі. Цяжка меркаваць, як ставяцца там адзін да аднаго толькі па відавочнай адсутнасці боек. Бывае ж нябачны з боку сістэматычны псіхічны ўціск адным членам сям’і іншага шляхам прыніжэння, абразы і папрокаў. Знешне, здаецца, усё выдатна, а ў рэальнасці… Пакутуюць дарослыя, пакутуюць дзеці, якія вырастуць і будуць паводзіць сябе гэтак жа, паколькі нічога іншага не бачылі і не ўяўляюць.

Віталь:


— Што б ні здарылася ў доме, трэба заўсёды знаходзіць мирныя шляхі да паразумення. Насілле ні ў якім выгля-дзе не прымальнае, і не толькі ў адносінах паміж дарослымі. Чаму, узгадваючы пра сямейнае насілле, звычайна не бяруць у разлік дзяцей? Любая агрэсія ў іх адрас альбо проста ў іх прысутнасці накладвае адбітак на развіццё. Часам не ведаеш, як і заступіцца за малых. Гэта ж не дарослага б’юць! Напрыклад, бачыш, як у магазіне маці моцна трасе малога за каўнер, і не ведаеш, што рабіць, паколькі пачуеш: “Не ўмешвайся ў асабістую прастору”.
Думкамі цікавілася Алена Зялевіч.
Фота Кацярыны Масік.