Суббота, 12 июня 2021

На Пружаншчыне пачалася нарыхтоўка бярозавага соку

1 189

На дзялянцы паміж Кацёлкамі і Сярэднім шчыруюць двое сезонных рабочых. Пакуль толькі ў светлы час сутак: з-за начных замаразкаў, якія былі яшчэ напачатку тыдня, сок ішоў вельмі марудна. Як толькі надвор’е наладзіцца, мужчыны будуць знаходзіцца ў лесе круглыя суткі: кантраляваць напоўненасць пакетаў бярозавікам трэба пастаянна — у дрэў няма кранікаў, якія можна было б часова закрыць.

— Параўноўваючы з папярэднімі гадамі: летась, напрыклад, падсочка бяроз пачалася пятага сакавіка і працягвалася каля месяца, — сёлета мы прыступілі да нарыхтоўкі соку намнога пазней — ажно 25 сакавіка: сакагону перашкаджала позняя вясна, — расказвае ляснічы Пружанскага лясніцтва Іван Шыпуль. — І пакуль не магу сказаць, што сок ідзе поўным ходам: па стане на раніцу серады ў суткі збіралі ўсяго каля тоны карыснага напою.


У сераду лясніцтва нарыхтоўвала сок пакуль на адной дзялянцы: на ўчастку змяшанага лесу на плошчы каля чатырох гектараў было падсочана каля 800 дрэў. Але да выхадных, паводле слоў ляснічага, хутчэй за ўсё, будзе зроблена падсочка яшчэ на адной. Напой здабываюць толькі ў так званых перастаялых лясах — з дрэў, якія ў бліжэйшыя некалькі гадоў будуць высякацца.

Сказаць, колькі ўдасца сабраць соку, загадзя не возьмецца ніхто: год на год не прыпадае. Напрыклад, у самае спрыяльнае для нарыхтоўкі бярозавіку надвор’е за суткі з аднаго дрэва можа «накапаць» да сарака літраў напою. Сёлета Пружанскае лясніцтва працуе на патрэбы мясцовага кансервавага завода. Але запыты насельніцтва застаюцца ў прыярытэце.


— Відавочна, з-за параўнальна невялікай адлегласці нашых дзялянак ад горада попыт з боку насельніцтва кожны год вялікі. Сёння, напрыклад, патэлефанавала пакупнікоў столькі, што соку на ўсіх не нацякло, — гаворыць лесавод. — Людзі могуць, канешне, нарыхтаваць сок і самастойна, аформіўшы для гэтага ўсяго толькі адпаведны дазвол, але над гэтым замарочваюцца адзінкі: кошт соку даволі даступны — сёлета 18 капеек за адзін літр. А пры нарыхтоўцы без дазволу сок увогуле можа абысціся вельмі дорага: штрафы сёння прадугледжаны немалыя.


Не проста як спецыяліст, але і патомны лесавод і чалавек, што вырас у пушчы, Іван Уладзіміравіч ведае пра бярозавік намнога больш, чым многія яго аматары. Напрыклад, звяртае нашу ўвагу на мурашнікі — паказчык салодкасці соку: чым бліжэй да бярозы мурашы зрабілі свой дом, тым саладзейшы з яе напой нацячэ.

Перыяд інтэнсіўнага руху соку звычайна працягваецца каля 10-15 дзён — усё залежыць ад надвор’я. Які тэрмін адвядзе для нарыхтоўкі соку нябесная канцылярыя сёлета, можна толькі меркаваць. Пакуль перад кожным з лясніцтваў Пружаншчыны, дзе рабілася падсочка бяроз, пастаўлена задача сабраць па 50 тон соку.

У гэтым годзе ДЛГУ «Пружанскі лясгас» адпраўляе напой на перапрацоўку на ААТ «Пружанскі кансервавы завод» і ААТ «Маларыцкі кансервава-агароднінасушыльны камбінат».

Марына Вакульская. Фота Кацярыны Масік.
На здымку: ляснічы Пружанскага лясніцтва Іван Шыпуль.