Суббота, 12 июня 2021

Світанак над Брэсцкай крэпасцю. Да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі

1 713

Біяграфія Брэстчыны саткана з мноства падзей, кожная з
якіх пакінула незабыўны след у яе гісторыі. Але асаблівае месца, бясспрэчна, займае Брэсцкая крэпасць.

Як помнік Вялікай Айчыннай вайны, яна стала сімвалам гераізму і мужнасці савецкага народа і з’яўляецца агульным здабыткам адразу некалькіх краін: напачатку Вялікай Айчыннай вайны яе абаранялі прадстаўнікі больш як 30 нацыянальнасцяў з дзяржаў — цяперашніх удзельніц СНД.


У стварэнні мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» прымалі ўдзел рэспублікі СССР, якія адгукнуліся на заклік захаваць памяць аб нашым агульным гераічным мінулым, выканаўшы тым самым свой святы абавязак перад памяццю амаль тысячы загінуўшых абаронцаў цытадэлі.


Пра значэнне гэтага помніка ў інтэрнацыянальным і патрыятычным выхаванні сведчыць той факт, што яго штогод наведваюць дзясяткі тысяч чалавек не толькі з Беларусі, але і Расіі, іншых дзяржаў. Пандэмія, на жаль, унесла свае карэктывы ў гэтую статыстыку, але не паўплывае на галоўнае.


Абарона і небывалы гераізм
Пад руінамі Брэсцкай крэпасці быў знойдзены будзільнік. Пакрыўленыя ад выбуху стрэлкі спыніліся каля чатырох гадзін раніцы…


22 чэрвеня 1941 года. Пачатак вайны. Першымі прынялі ўдар захопнікаў пагранічнікі. Мала хто з іх застаўся жывы. Але як яны давалі адпор! Упершыню пра абарону Брэсцкай крэпасці стала вядома са штабнога данясення генерала нямецкага штаба Бранта, захопленага сярод іншых папер яшчэ падчас вайны: «Рускія ў Брэст-Літоўску змагаліся выключна ўпарта, яны паказалі цудоўную вывучку пяхоты і даказалі выдатную волю да барацьбы…».


Крэпасць стаяла на самай мяжы. Пасля магутнага артабстрэлу немцы пераправіліся сюды на лодках. Адной з першых яны занялі царкву-клуб, дзе наладзілі кіраванне артылерыйскім агнём. Як вядома, нямецкае камандаванне планавала, што перадавыя часці вермахта возьмуць крэпасць яшчэ ў той жа дзень, да 12 гадзін. Але ўсё пайшло зусім інакш. На працягу першага дня было адбіта восем нямецкіх атак. Захопнікам давялося адмовіцца ад лабавой атакі і перайсці да асады.


Фронт ужо адышоў на ўсход, а немцы ўсё ніяк не маглі ўзяць крэпасць: авіяцыя кідала бомбы, а ў перапынках паміж бамбёжкамі голас з рэпрадуктара ўгаворваў абаронцаў здацца. Але як толькі ўсё сціхала і падымаліся нямецкія аўтаматчыкі, абаронцы крэпасці давалі бой.


Сілы былі няроўнымі. Акружаныя з усіх бакоў, людзі не ведалі, што за сценамі, чакалі падмогі. Было некалькі спроб прарвацца, але ўсе безвыніковыя. Баі ў крэпасці прымалі зацяжны характар.
Гераічна змагаліся абаронцы крэпасці: байцы капітана Івана Зубачова, палкавога камісара Пятра Гаўрылава, капітана Уладзіміра Шаблоўскага, лейтэнантаў Андрэя Кіжаватава, Аляксея Наганава і іншых. Знаходзячыся ў акружэнні, адчуваючы недахоп не толькі боепрыпасаў, прадуктаў, медыкаментаў, але нават вады, воіны не толькі адбівалі атакі праціўніка, але яшчэ і рабілі вылазкі з крэпасці, наносілі ўдары па захопніках. Не было вады — спрабавалі капаць у казематах калодзежы, на вяроўках кідалі ў рэчку прасціны і, падцягнуўшы назад, адціскалі з іх у кацялок брудную вадкасць. З-за гару і трупнага смуроду было цяжка дыхаць. Але як толькі нямецкія аўтаматчыкі падымаліся, асуджаная на смерць крэпасць адкрывала агонь. Ужо быў узяты Мінск, а крэпасць працягвала змагацца…
Сілы немцаў, якія перавышалі ў дзясяткі разоў, раздзялілі савецкіх абаронцаў, але не маглі іх зламаць.


Тады да амбразур фашысты падвялі агнямёты. Страшна ўявіць сабе, што рабілася ў казематах. Ад агню плавілася нават цэгла. Але крэпасць не здавалася. Выбухі гармат і стрэлы не сціхалі. Дзе-нідзе агонь вялі адзіночкі. На сценах засталіся толькі апошнія пасланні самаадданых абаронцаў. Адно з іх: «Паміраю, але не здаюся! Бывай, Радзіма. 20/VII-41».


Мужнасць і гераізм абаронцаў Брэсцкай крэпасці фашысты не змаглі зламаць на працягу некалькіх тыдняў. Устаноўлена, што яшчэ на 32-і дзень вайны воіны вялі апошні бой у крэпасці — да апошняга патрона, да апошняга ўдару сэрца.

Нашы сустрэчы з ветэранамі
Брэсцкая крэпасць для народаў Беларусі, Расіі ды і іншых краін былога СССР — сімвал самаадданай любові да Айчыны. У мірны час былыя абаронцы Брэсцкай цытадэлі не раз наведвалі крэпасць. Прыязджалі з розных канцоў неабсяжнага Савецкага Саюза. Каб абняцца, паплакаць, пакланіцца залітай крывёю зямлі.


Быў час, калі кожны год наведвалі легендарную крэпасць школьнікі: тут праходзілі юбілейныя сустрэчы з ветэранамі, яе абаронцамі, вялася перапіска з імі, рабіліся тэлефанаванні.


Краязнаўцам нашай Магілявецкай школы ўдалося наладзіць сувязь з былым радавым акруговай школы шафёраў пагранічных войскаў М.І.Мясніковым, які з групай воінаў-пагранічнікаў абараняў крэпасць да 5 ліпеня — часу прарыву з асаджанай крэпасці. Міхаіл Іванавіч расказваў, як Брэсцкую крэпасць штурмаваў узмоцнены 12-ы армейскі корпус, у склад якога ўваходзілі 31, 34 і 45 пяхотныя дывізіі. 45-ю дывізію сфарміравалі на радзіме Гітлера, у гарах Верхняй Аўстрыі. Фарміраванне было ўзмоцнена трыма артылерыйскімі палкамі, дзевяццю марцірамі, мінамётнымі батарэямі. На крэпасць было накіравана каля 500 гармат, якія былі здольны зрабіць каля 4000 стрэлаў у мінуту, скінута да 600 авіябомбаў. Ад гэтага шквалу бомбаў і снарадаў разбураліся сцены, зямля ўмомант засцілалася забітымі. Але гэта ўсё роўна не дапамагло немцам імгненна ўзяць крэпасць.


За Мазыром, калі група пагранічнікаў вырвалася з акружэння, байцы перайшлі лінію фронту і ўліліся ў рады Савецкай арміі. А ў 1944 годзе пры вызваленні Севастопаля М.І.Мяснікову было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Р.К.Семянюк, які пасля вайны працаваў на Кузнецкім металургічным камбінаце, расказаў, як праз 15 гадоў ён прыехаў у Брэст і знайшоў схаваны ім падчас абароны крэпасці баявы сцяг. За гэты подзвіг ён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.


А Р.І.Абакумава з Арла расказвала пра дзяцей, якія былі сярод абаронцаў крэпасці: Пеця Клыпа, Пеця Васільеў, Валодзя Ізмайлаў, Валодзя Казмін, Коля Новікаў, Пеця Кацельнікаў. Яны, як сапраўдныя салдаты, прабіраліся да заваленых складоў, каб прынесці снарады, да ракі — каб прынесці вады, дапамагалі параненым.


Блізкі кантакт удалося наладзіць з П.П.Кацельнікавым, якому мы не толькі тэлефанавалі, але і сустракаліся з ім. Да слова, лёс гэтага абаронцы крэпасці быў звязаны і з Пружаншчынай. У 1940 годзе ў дзіцячы дом станіцы Канстанцінава Растоўскай вобласці прыехаў афіцэр з Брэсцкай крэпасці, які шукаў для музычнага ўзвода падлеткаў, што ўмелі іграць на музычных інструментах. Такіх у дзетдоме вылучылі пяцёра і прывезлі іх у беларускі ваенны гарадок Слабудка. Сярод іх быў і Пётр Кацельнікаў. Хлопцы сталі «сынамі палка», насілі ваенную форму, вучыліся ў мясцовай школе.


Вясной 1941-га Слабудка пачала пусцець: полк пераязджаў у Брэст. Пётр Кацельнікаў, якому тады ішоў 13-ы год, закончыў пяты клас. Разам з іншымі юнымі музыкантамі ён прыбыў да месца дыслакацыі 44-га палка, які знаходзіўся ў кальцавой казарме цытадэлі (сёння гэтай часткі збудавання няма). Хлопцаў размясцілі на другім паверсе казармы. У крэпасці ў юных музыкантаў было самае сапраўднае армейскае жыццё: пастраенні, рэпетыцыі, пад’ём і адбой…
І вось раніца 22 чэрвеня 1941 года. «Нас разбудзіў моцны ўдар. Прабіла дах. Убачыў параненых і забітых. У нашай казарме большасць салдатаў загінула адразу. Я апынуўся ў падвале казармы суседняга 333-га стралковага палка. Зброю нам не давалі. Мы рабілі вылазкі за боепрыпасамі, прабіраліся да ракі за вадой, перавязвалі параненых, дапамагалі байцам: зара-джалі абоймы, кулямётныя ленты, — успамінаў Пётр Пятровіч. — У апошнія дні чэрвеня былі спробы выйсці са шчыльнага кальца акружэння і злучыцца са сваімі часцямі. Але яны аказаліся няўдалымі».


Пётр Кацельнікаў апынуўся ў лагеры для ваеннапалонных у Бяла-Падлясцы. Былі няўдалыя ўцёкі, турма, голад, пабоі, здзекі… Але сваё пасляваеннае жыццё Пётр Пятровіч звязаў з арміяй. Дарэчы, ён адзіны з уцалелых абаронцаў Брэсцкай крэпасці, хто застаўся жыць у Брэсце.

Жывая легенда
Гаварыць пра Брэсцкую крэпасць можна шмат. Яна стала жывой легендай і напамінам нашчадкам шанаваць мір. Гэты невялікі кавалачак зямлі спазнаў столькі гора і столькі гераізму! Старэйшае пакаленне шанавала памяць пра абаронцаў, ведала пра іх подзвігі. Нягледзячы на тое, што тыя падзеі ўсё больш аддаляюцца і сёння ў моладзі іншае жыццё, хочацца, каб гэтая старонка гісторыі не аказлася забытай.


Хутка зноў 22 чэрвеня. Брэсцкая крэпасць сустрэне новы світанак. Мірны, але такі журботны.
Вера Церахава.