Четверг, 15 апреля 2021

Стараста аг.Кабылаўка Аляксандр Ануфрэйчук: «Паступова мы вырашым усе праблемы»

671

З Аляксандрам Мікалаевічам Ануфрэйчуком мы сустрэліся падчас абедзеннага перапынку. Мужчына працуе электраманцёрам участка “Квартальная”. Гэтае падраздзяленне “Камунальніка” адказвае за абслугоўванне кацельні і некалькіх прылеглых дамоў. Але на гэтым абавязкі Аляксандра Мікалаевіча не заканчваюцца: адказны і актыўны мужчына з’яўляецца старастам аг. Кабылаўка.


Гэты “пост” мужчына займае на працягу пяці гадоў. Прызнаецца: спачатку адмаўляўся, бо разумеў, што работа складаная, але калі людзі аказалі давер, то трэба яго апраўдваць.


— Асноўная задача старасты – дапамагаць у вырашэнні праблем жыхароў, даводзіць усе заўвагі да мясцовых улад і разбірацца ў сітуацыі. Толькі за апошні час разам з вяскоўцамі мы ачысцілі аграгарадок ад зараснікаў, пасадзілі на іх месцы дрэвы. Амаль закончылі ўсталёўваць агароджу на могілках у Смаляніцы, паставілі там кантэйнеры для смецця, спілавалі дрэвы, — дае своеасаблівую справаздачу Аляксандр Мікалаевіч.


Як прызнаецца стараста, зараз праблема №1 у Кабылаўцы – ліўневая каналізацыя. Справа ў тым, што на ўездзе ў вёску, прама каля крыжа, пасля дажджу ўтвараецца вялікая лужына. Вырашыць пытанне спрабуе сельсавет. Наракаюць людзі і на адсутнасць аўтобуснага прыпынку перад будынкам кіраўніцтва ААТ “Айчына”, ёсць пытанні па рабоце лазні, наведаць якую можна толькі пры наяўнасці васьмі заявак.


Паступова, упэўнены Аляксандр Мікалаевіч, удасца вырашыць і гэтыя праблемы. Падтрымлівае старасту ў такой даволі складанай рабоце жонка Іна Мікалаеўна, якая працуе ў мясцовай амбулаторыі. Прыязджае да бацькоў сын Яўгеній, зараз – вядучы спецыяліст БелАЭС у Астраўцы. Ёсць у старасты занятак для душы – рыбалка. Асабісты рэкорд, успамінае Аляксандр Мікалаевіч, — шчупак вагой амаль 9 кг, ён устанавіў таксама пяць гадоў таму, акурат на 23 лютага.


— Па жыцці я добры чалавек, вельмі люблю дапамагаць людзям. І вельмі спадзяюся, што мне гэта ўдаецца.
Уладзіслаў Шпарла, Кацярына Масік (фота).