Суббота, 12 июня 2021

З-за халоднага надвор’я на Пружаншчыне да сяўбы прыступілі пазней. Прымаюцца меры для скарачэння працягласці пасяўной кампаніі

1 041

Халоднае надвор’е ў сакавіку ўнесла свае карэктывы ў сёлетні графік веснавых палявых работ. Да сяўбы ранніх яравых культур у гаспадарках раёна прыступілі прыкладна на чатыры тыдні пазней, чым у мінулым годзе: ворыўны пласт зямлі павінен быў прагрэцца і прасохнуць. Таму зараз прымаюцца ўсе меры для скарачэння працягласці пасяўной кампаніі.


Тэхнічная аснашчанасць сельскагаспадарчых арганізацый раёна дазваляе правесці сяўбу яравых каласавых культур за дзесяць дзён пры забеспячэнні штодзённага прыросту 1100 га (10%).


На 30 сакавіка з улікам надвор’я для гэтых мэт узарана 28 тыс. га (73% плошчы яравой сяўбы), што на 7 тыс. га менш, чым у мінулым годзе.
Вывезена 947 тыс. тон арганічных угнаенняў, што складае 106% да плана. У сувязі з неспрыяльным надвор’ем мае месца адставанне па ўнясенні арганічных угнаенняў. Пакуль унесена 369 тыс. тон арганікі, што практычна ўдвая менш за ўзровень мінулага года, гэта складае толькі 41% да запланаванага аб’ёму.

Сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна забяспечаны насеннем збожжавых і зернебабовых культур і лёну ў поўным аб’ёме. На сённяшні дзень насення яравых збожжавых і зернебабовых культур засыпана 3095 тон, або 100% да патрэбнасці, з іх кандыцыйнага — 100%.


Для насычэння ўласнага зернефуражу бялком зернебабовых у чыстым выглядзе плануецца пасеяць на плошчы не менш за 1750 га (51% плошчы сяўбы зернебабовых).


Насеннай бульбы засыпана пад поўную патрэбнасць у колькасці 2,3 тыс. тон, у тым ліку другой рэпрадукцыі — 32%. Стан захоўвання насення бульбы ацэньваецца як добры.


Насенне цукровых буракоў дзвюма гаспадаркамі закуплена самастойна, а дзвюм гаспадаркам, згодна з іх заяўкамі, будзе пастаўлена з Жабінкаўскага цукровага завода.

Для арганізацыі палявога і лугавога травасеяння засыпана насенне шматгадовых траў у аб’ёме 195 тон, з іх насення бабовых траў — 44 тоны. Патрэба ў насенні люцэрны складае 32 тоны (на 1600 га), наяўнасць насення ў гаспадарках на бягучую дату — 23 тоны.


У тройку гаспадарак, якія лідзіруюць па тэрмінах падрыхтоўкі глебы і сяўбы ранніх яравых збожжавых і зернебабовых культур, на сённяшні дзень уваходзіць і ААТ “Шані-аграпрадукт”, дзе ўжо апрацавана больш за 80% вылучаных палёў — 610 га і пасеяна 20% культур.


Як кажа начальнік участка “Гарадзечна” Мікалай Аляксеевіч Пекун, сёння ў гаспадарцы працуюць дзве сеялкі. Зараз сеюць авёс, пад які выдзелена невялікая плошча — усяго 50 га. Далей пачнецца пасеў ячменю і яравой пшаніцы.
Алена Зялевіч.
НА ЗДЫМКАХ: На перыяд пасяўной кампаніі вадзіцель дырэктара ААТ “Шані-аграпрадукт” Сяргей Мікалаевіч Дудко “перакваліфікаваўся” і сёння займаецца падвозам і загрузкай збожжа;

На трактары “John Deere” з сеялкай “Kuhn Speedliner” працуе Ігар Іванавіч Ціханчук. Малады чалавек родам з вёскі Смаляны, скончыў дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці ў г.Высокае і за два гады працы ў ААТ «Шані-аграпрадукт» паспеў зарэкамендаваць сябе як адказны працаўнік. Сёння каля вёскі Гарадзечна ён сее авёс.
Фота Кацярыны Масік.