Суббота, 12 июня 2021

Фэйк ці факт? Расказваем, як на самай справе наладжана падача кіслароду ў Пружанскай ЦРБ

2 069

Тэма каранавіруса, які нікуды не знік, застаецца ці не самай злабадзённай на дадзены момант. Людзі па ўсім свеце працягваюць хварэць. Урады розных краін прымаюць усемагчымыя, а недзе нават крайнія, меры, каб супрацьстаяць гэтай хваробе. Здавалася б, надышоў час, нарэшце аб’яднаць агульныя намаганні і перамагчы бяду. Аднак…


Аднак знаходзяцца людзі, якіх, аказваецца, зусім не хвалюе пагроза захварэць. А то і яшчэ жахлівей – яны не ведаюць спагады да тых, каго ўжо напаткала хвароба. Што ўжо казаць пра родзічаў, якія ў выніку таго ці іншага захворвання страцілі сваіх родных… Мяжу нармальных чалавечых адносін, дзе ёсць месца разуменню, жалю, спачуванню, аказваецца, так лёгка пераступіць. Дзеля чаго? Каб з дапамогай хлусні і неправераных фактаў зрабіць некаму яшчэ больш балюча? Каб злавіць імгненную, як камусьці здаецца, вядомасць? А можа, каб выліць чарговы цабэрак бруду на ўладу? Ну, тады розныя выдумкі, атрымліваецца, дарэчы…


Нешта падобнае давялося назіраць многім карыстальнікам сацыяльных сетак, тэлеграм-каналаў і нават некаторых сайтаў, калі ў мінулыя выхадныя па іх разляцелася “навіна-сенсацыя”, злепленая з поўнай лухты, дзе паведамлялася, што ў Пружанскай бальніцы адсутнічае падача кіслароду. Нахабныя дзялкі, якія распаўсюджвалі гэты фэйк дзеля сваіх паскудных мэт, не пасаромеліся згадаць нават вядомых у Пружанах людзей, якія нядаўна пакінулі гэты свет. І ўсё дзеля нагнятання абстаноўкі, дзеля сацыяльнага напружання.


А нагодай для такой хлусні, хутчэй за ўсё, паслужыла інфармацыя з афіцыйнага тэндара аб закупках паслугі, на якім паведамлялася, што з мэтай мадэрнізацыі тэрапеўтычнага аддзялення бальніцы плануецца ўвесці дадаткова 34 кіслародныя кропкі. Праўда, інфармацыя пра ДАДАТКОВА па неэтычных прычынах тых, хто пісаў у тэлеграм-каналах, знікла. А сапраўднай інфармацыі з нагоды забеспячэння хворых кіслародам у Пружанскай бальніцы там днём з агнём не знойдзеш. Вось і атрымалася, што вырваныя з кантэксту сказы былі інтэрпрэтаваны ў сапраўдную хлусню, якая ўвяла карыстальнікаў інтэрнэту ў зман.


Аднак, на самай справе, і гэта пацвярджае галоўны ўрач Пружанскай ЦРБ А.І.Пачынчык, у цэнтральнай раённай бальніцы ёсць дастатковая колькасць кіслародных кропак, якія могуць быць выкарыстаны пры перапрафіліраванні ложачнага фонду для аказання медыцынскай дапамогі каранавірусным пацыентам. На дадзены момант даступныя 54 кіслародныя кропкі ў траўматалагічным, радзільным, інфекцыйным, тэрапеўтычным аддзяленнях, а таксама ў аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі і аперацыйнай.


Як удакладніў Андрэй Іванавіч, кіслародныя кропкі і кіслародная станцыя знаходзяцца ў спраўным стане і працуюць у штатным рэжыме. Праведзена іх планавае тэхнічнае абслугоўванне. У 2021 годзе запланавана мадэрнізацыя сістэмы падачы кіслароду ў тэрапеўтычным корпусе бальніцы. Існуючая там сетка падачы газаў была ўстаноўлена ў 80-х гадах мінулага стагоддзя, састарылася і апошнія 20 гадоў не выкарыстоўвалася. Таму плануецца там увесці дадаткова 34 кіслародныя кропкі, што зробіць сістэму больш устойлівай і мабільнай, гатовай да правядзення оксігенатэрапіі яшчэ большай колькасці пацыентаў. З гэтай нагоды адміністрацыяй УАЗ “Пружанская ЦРБ” запушчана працэдура закупкі паслугі мадэрнізацыі сістэмы. Фінансаванне яе пацверджана раённым выканаўчым камітэтам.


Як вядома, з 08.02.2021 года ў ЦРБ перапрафіліраванага ложкавага фонду для аказання медыцынскай дапамогі пацыентам з COVID-19 няма. Усе хворыя жыхары Пружанскага раёна з каранавіруснай інфекцыяй аператыўна гаспіталізуюцца ў міжраённыя цэнтры г.Брэста, дзе атрымліваюць неабходнае лячэнне. Таму і смерці людзей, пра якія паведамлялі інтэрнэт-крыніцы, не маюць ніякага дачынення да мадэрнізацыі сістэмы падачы кіслароду ў тэрапеўтычным корпусе цэнтральнай раённай бальніцы.


Скажоная, ілжывая інфармацыя, якая з’явілася на гэтых рэсурсах, выклікае абурэнне не толькі медыкаў. Яна яшчэ абражае пачуцці блізкіх памерлых людзей, якіх згадваюць у інтэрнэце. Але ж тым пісакам не баліць, як родзічам, што страцілі сваіх блізкіх. Калі страчана сумленне, не баліць…
Галіна Свідуновіч