Суббота, 10 апреля 2021

Пятнаццаты сезон у зелянагасе. Знаёмцеся: Любоў Велясевіч — адна са стваральніц прыгажосці на нашых вуліцах

469

Работу «зялёнай» службы «Камунальніка» відаць няўзброеным вокам: стракатыя клумбы, арыгінальныя малыя архітэктурныя формы, дагледжаныя зялёныя насаджэнні… Уся гэтая прыгажосць у нашым горадзе ствараецца калектывам зялёнай гаспадаркі, якая налічвае ўсяго шэсць чалавек.


Варта адзначыць, што гэтае падраздзяленне камунальнай службы адказнае за парадак не толькі на гарадскіх вуліцах, але і на шэрагу ўчасткаў у Ружанах, Шарашэве, Клепачах і Мокрым. Часта мы ўспрымаем вынікі шчыраванняў работнікаў зелянгаса як належнае і не ведаем, якая каласальная праца стаіць за гэтым. Кожны год, каб на гарадскіх вуліцах з вясны да позняй восені радавалі вока кветкі, ужо зімой у цяпліцы рыхтуюцца дзясяткі відаў сезоннай расады.


— Аксаміткі, пятуніі, сальвіі, цынерарыі, цылозіі… Усіх разам — некалькі дзясяткаў тысяч, — зазначае Любоў Велясевіч, якая працуе ў зелянгасе ўжо пятнаццаты сезон. — Пасеяць, падкарміць, папікіраваць, перасадзіць — гэта вельмі карпатлівая праца, якая патрабуе і часу, і пэўных ведаў. І ўсю гэтую прыгажосць пасля высадкі на клумбы і ў падвясныя кашпо трэба будзе пастаянна даглядаць, падтрымліваць у належным выглядзе.


У прафесіяналізме калектыву і мастацкіх здольнасцях, патрэбных пры афармленні кветкавых кампазіцый, не варта сумнявацца: участак зялёнай гаспадаркі Пружанскага КУВП «Камунальнік» заўсёды вяртаецца з прызавымі месцамі з абласных прафесійных конкурсаў, якія традыцыйна праводзяцца напярэдадні «Дажынак».


Вось толькі шкада, што некаторыя гараджане не толькі не шануюць работу стваральнікаў прыгажосці, але і марнуюць яе. Нярэдка работніцы зелянгаса вымушаны дасаджваць кветкі, кусты і дрэвы там, дзе іх выкопваюць нядобрасумленныя людзі.
Марына Вакульская, Кацярына Масік (фота).