Воскресенье, 11 апреля 2021

Ад слесара да прараба. Прафесійны шлях Барыса Шпарло

545

Ад зладжанай работы камунальшчыкаў у многім залежыць камфортнае жыццё жыхароў раёна. Дзеля гэтага на пружанскім прадпрыемстве па сваіх накірунках шчыруюе некалькі службаў. Заўсёды хапае работы, напрыклад, у рамонтна-будаўнічага ўчастка «Камунальніка». А з надыходам вяснова-летняга перыяду дык увогуле хоць адбаўляй.


На днях работнікі рамонтна-будаўнічага ўчастка працавалі на вуліцы Кветкавай — пракладвалі водаправод і каналізацыю. Для вопытнага прараба Барыса Шпарло, які кіраваў і каардынаваў работу брыгады, гэта ўжо звычайны, радавы аб’ект, дзе пры выкананні работ складанасці ўзнікаюць вельмі рэдка.


— Куды адказней будаваць станцыі абезжалезвання, — прыводзіць прыклад для параўнання Барыс Мікалаевіч. — Сапраўдным іспытам на прафесіяналізм для мяне стала такая станцыя ў Новых Засімавічах. Гэта быў першы мой сур’ёзны аб’ект, да і ўмовы для будаўніцтва: «цяжкі» грунт, высокі ўзровень грунтавых водаў — ускладнялі працэс.

Сёння на прадпрыемстве падкрэсліваюць, што Барысу Мікалаевічу могуць давяраць самыя складаныя аб’екты: больш як за дзесяць гадоў работы ў «Камунальніку» ён зарэкамендаваў сябе як добры спецыяліст і адказны работнік, які дасканала ведае сваю справу. У прараба за плячыма не толькі тэарэтычныя веды, якія, да слова, ён набываў у Брэсцкім тэхнічным універсітэце, але і практычны вопыт: пачынаў свой працоўны шлях на прадпрыемстве са слесара, затым быў майстрам па абслугоўванні Шарашэўскага ўчастка, а некалькі гадоў таму перайшоў на будаўнічы ўчастак.


Невялікі калектыў з дзесяці чалавек, які займаецца рамонтна-будаўнічымі работамі пад кіраўніцтвам Барыса Шпарло, кіраўніцтва «Камунальніка» з упэўненасцю накіроўвае на самыя адказныя аб’екты: прараб дакладна ведае ўсе нюансы — ад тэхналогіі і арганізацыі вядзення работ да правіл іх правядзення.
Марына Вакульская, Кацярына Масік (фота).