Четверг, 15 апреля 2021

Выхавальніца Вераніка Ермак пра сваю прафесію: «Трэба быць з дзецьмі «на адной хвалі»

652

Некаторыя героі нашай рубрыкі “Першае працоўнае месца” ўжо расказвалі, што спачатку імкнуліся да адной прафесіі, а даводзілася выбіраць іншую і шлях да работы-мары аказваўся даволі пакручастым. Прыкладна так адбылося і ў жыцці выхавальніцы дашкольнай адукацыі ДУА “Яслі-сад №4” Веранікі Ермак, якая бачыла сваё прызванне ў прафесіі настаўніцы пачатковых класаў, але па спецыяльнасці не прарабіла ні дня. Сёння яна ні аб чым не шкадуе.

— Чаму менавіта пачатковыя класы?
— Мне вельмі імпануе дзіцячая непасрэднасць. Ніякай іншай работы, акрамя як з дзецьмі, я не ўяўляла. Прыступка за прыступкай ішла да сваёй мары: спачатку скончыла каледж, пасля — універсітэт. Але ў мае строга размеркаваныя планы ўмяшалася каханне. Я выйшла замуж. Прыехала ў Пружаны, і высветлілася, што ў школе няма вакантных месцаў. Мне прапанавалі часова папрацаваць у дзіцячым садку. Дыплом гэта дазваляў.

—Як праходзіла “перакваліфікацыя”?
— Літаральна з першых дзён я зразумела, што гэта — “маё”. Дзеці вельмі адкрытыя, шчырыя. Яны зараджаюць энергіяй. Каб малыя не згубілі цікавасць да заняткаў (так-так, у дзіцячага садка ёсць свая праграма, па якой выхаванцы набываюць багаж ведаў), неабходна пастаянна прыдумваць нешта новае. Я так у гэта ўцягнулася, што праз два гады паступіла ў акадэмію паслядыпломнай адукацыі, каб папоўніць прабелы ў сваіх ведах і стаць сапраўды кваліфікаваным выхавальнікам дашкольнай адукацыі.

— Для гэтага Вам давялося сумяшчаць вучобу і работу?
— Так. Вучоба была вочнай: месяц я знаходзілася ў Мінску на тэарэтычных занятках, месяц у Пружанах — на практычных. І так 1,5 года. У той час у мяне ўжо была маленькая дачка. На выратаванне прыйшлі бабулі, якія дапамагалі мужу спраўляцца з выхаваннем. Мне пашанцавала: сям’я заўсёды з разуменнем ставіцца да майго захаплення работай. Нават на “бальнічныя” не хаджу: калі дзеці хварэюць, з імі застаецца муж.

— Выхавальнік у садку — гэта такая прафесія, у якой, здаецца, няма таямніц: накарміў, спаць паклаў, на прагулку вывеў. А што застаецца “за кадрам”?
— Сапраўды, нават у многіх бацькоў такое ўяўленне пра садок. Не трэба забываць, што дашкольная адукацыя — гэта першая прыступка агульнай сярэдняй адукацыі. У садку дзеткі развіваюцца, мала хто з бацькоў можа даць дзіцяці такую базу ведаў, як кваліфікаваны выхавальнік. Я працую ў інтэграванай групе, дзе ёсць дзеці з парушэннямі мовы. З такімі хлопчыкамі і дзяўчынкамі актыўна працуюць таксама спецыялісты, якія выпраўляюць хібы ў маўленні і інш. Але, што мяне асабліва турбуе, дзетак з падобнымі парушэннямі з кожным годам усё больш і больш. З вышыні свайго вопыту магу выказаць здагадку, што гэта адбываецца не без удзелу новых тэхналогій. Калі раней бацькі размаўлялі з дзецьмі і чыталі ім казкі, то цяпер бацькоўскую ўвагу замяняюць розныя прыстасаванні, накшталт смартфонаў, планшэтаў, гульнявых прыставак…
Некаторых бацькоў здзіўляе, што работнікі садка ведаюць дзетак лепш за іх. А гэта, на самай справе так: мы праводзім з імі больш часу, абмяркоўваем іх інтарэсы, заўважаем здольнасці, прымячаем іншыя асаблівасці. Не трэба раўнаваць, але трэба намагацца больш гутарыць з дзецьмі. Я, як маці, выдатна разумею, што пасля працоўнага дня не заўсёды хапае сіл і часу, але паспрабуйце планаваць свае справы так, каб дзеці не заставаліся без увагі.
Не падумайце, што ў сучасным свеце ўсё так дрэнна, але папярэджаны — значыць узброены. У маёй групе бацькі досыць актыўныя. Разам з імі мы ўдзельнічаем у разнастайных конкурсах: ад “Настаўніка года” да здымкаў відэаролікаў. І заўсёды займаем прызавыя месцы. Пры падрыхтоўцы да такіх мерапрыемстваў аб’ядноўваемся ў вялікую дружную каманду, дзецям гэта вельмі падабаецца.

— Каму б Вы параілі абіраць такую спецыяльнасць?
— Будучы выхавальнік павінен не толькі любіць дзяцей, але і ўмець гуляць з імі, быць з імі “на адной хвалі”, умець ставіць сябе на іх месца, думаць, як дзеці. У рабоце з малымі неабходна мець вялікае цярпенне. Ну, і павінна ў чалавека быць творчая жылка. Кожны занятак павінен быць асаблівым і нагадваць міні-свята.
Гутарыла Кацярына Пашкевіч. Фота Кацярыны Масік.