Суббота, 12 июня 2021

У Пружанскім раёне знайшлі золата… арганічнае

930

Крыху больш за 10 гадоў таму было створана сумеснае беларуска-польскае прадпрыемства «Адоб-Агра», якое размясцілася ў в.Аранчыцы. Кампанія, якая акцэнтавала сваю дзейнасць на выпуску борных угнаенняў па ліцэнзіі замежных партнёраў, увесь гэты перыяд стабільна развівалася і асвойвала новыя рынкі збыту. Сярод спажыўцоў яе прадукцыі — аграпрамысловы сектар не толькі нашай краіны, але і суседніх Расіі і Украіны. Попыт на прапанаваны мікраэлемент вельмі высокі, асабліва ў галіне раслінаводства, што і забяспечыла канкурэнтназдольнасць маладога прадпрыемства.


Але сёлета СТАА «Адоб-Агра»… спыніла сваю дзейнасць. Што паўплывала на такое, на першы погляд, незразумелае рашэнне? Як расказвае начальнік вытворчасці Р.В.Пераход, напачатку бягучага года было вырашана выкупіць «польскую» долю ў статутным фондзе таварыства, што вымусіла ўнесці юрыдычныя змены. І замест сумеснай кампаніі цяпер у Аранчыцах дзейнічае поўнасцю беларускае таварыства з дадатковай адказнасцю «Агранасенпрадукт». Між тым, змены адбыліся не толькі юрыдычныя.


— Справа ў тым, што выраб борных угнаенняў мае сезонны характар, з-за чаго некаторую частку года вытворчасць прастойвае,— тлумачыць Рыгор Васільевіч.— Таму паралельна адшуквалі іншыя магчымасці загрузіць лініі і персанал работай.


І такі шанец не так даўно з’явіўся. На адным з радовішчаў торфу ў Пружанскім раёне адкрылі залежы сапрапелю.Трэба прызнаць, што для Беларусі гэта не дзіва, яшчэ ў савецкія часы на тэрыторыі нашай рэспублікі штогод здабывалася да мільёна тон сапрапелю. Але напрыканцы мінулага стагоддзя галіна прыйшла ў заняпад, і на сёння гэты паказчык не перавышае 50 тысяч тон у год. Асноўная частка дзеючых радовішчаў знаходзіцца ў Віцебскай вобласці. На Брэстчыне перспектыўнымі для распрацоўкі лічацца залежы ў Івацэвіцкім раёне. Аднак, як тлумачыць начальнік вытворчасці ТДА «Агранасенпрадукт», якасць пружанскага сапрапелю істотна вышэйшая. У ходзе даследаванняў навукоўцы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ўстанавілі, што мясцовы сапрапель узнік у выніку прыходу ледніка і яго ўзрост перавышае 10 тысяч гадоў. У сапрапелі радовішча «Удходва» выяўлена ўтрыманне больш за 63% гумінавых рэчываў, у тым ліку гумінавых кіслот 51,3%, фульвакіслаты — 12,1%, а таксама больш за 100 карысных элементаў. Гэты паказчык перавышае магчымасці здабываемага рэчыва ў іншых радовішчах краіны. Але ж больш цікавіць не тэарэтычнае, а практычнае прымяненне знаходкі. На яго і звярнулі ўвагу заснавальнікі аранчыцкай кампаніі, якія ініцыіравалі адпаведныя даследаванні. І адкрылі для сябе адразу некалькі накірункаў дзейнасці.


— Нярэдка сапрапель выкарыстоўваецца ў прыгатаванні буравых раствораў, бо мае паніжаную шчыльнасць і каштуе ў пяць разоў менш за іншыя сумесі, якімі апрацоўваюцца свідравіны для прадухілення забруджвання,— расказвае Р.В.Пераход.— Таму мы адразу звярнуліся да айчынных нафтавікоў, якія распрацоўваюць некалькі нафтавых радовішчаў на тэрыторыі Беларусі.


Прапанаваная прадукцыя за-цікавіла айчынных нафтавікоў «Беларуснафты», і ў снежні мінулага года прадпрыемства заключыла дагавор і ўжо паставіла першую партыю прадукцыі. У той жа час каштоўных уласцівасцей іншага характару ў сапрапелю больш, пры гэтым аддача ад іх павінна быць у разы вышэйшая, чым толькі ад буравога раствору.


Напрыклад, дзякуючы свайму складу, сапрапель можа выкарыстоўвацца ў якасці дабаўкі ў кармы для буйной рагатай жывёлы і свіней. Такое даследаванне правялі ў РУП «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па жывёлагадоўлі». Вынік, які даў пружанскі сапрапель, здзівіў навукоўцаў. Пры ўключэнні яго ў рацыён БРЖ гумінавыя кіслоты садзейнічаюць страваванню жывёлы і нармалізуюць страўнікавую мікрафлору. Прадукцыйнасць і прывагі павялічваюцца на 8-15%, узрастае тлустасць малака, і адначасова зніжаюцца выдаткі. Дзякуючы антыбіётычнаму эфекту, сапрапель стымулюе імунную сістэму і садзейнічае прафілактыцы захворванняў БРЖ. За тры месяцы даследаванняў навукоўцы адзначылі паніжэнне рызыкі мастыту на 96%, у 3-5 разоў зніжаецца ўтрыманне саматычных клетак у малацэ. Падобны эфект назіраўся пры выкарыстанні дабаўкі для птушак і свіней. А яшчэ сапрапель дае магчымасць адмовіцца ў камбікармах ад кампанентаў збожжавай групы, поўнасцю іх замяняючы.


Адпаведныя выпрабаванні былі завершаны напрыканцы мінулага года і зараз вядзецца афармленне дакументацыі для рэгістрацыі харчовай дабаўкі. Доследную партыю аранчыцкія вытворцы ўжо накіравалі патэнцыяльным пакупнікам — «Савушкін прадукт» і «Парахонскае», некаторую долю адправілі расійскім жывёлаводам, які выказалі зацікаўленасць у наладжванні пастаянных паставак.
Ёсць яшчэ адна асаблівасць у пружанскага сапрапелю, якую прасцей асвоіць. Разам з прадстаўнікамі Гомельскай ДНУ «Інстытут лесу НАН Беларусі» на базе Кобрынскага доследнага лясгаса былі праведзены іспыты выкарыстання сапрапелю ў галіне раслінаводства. У гадаваль-ніку пад саджанцы дрэваў было падрыхтавана некалькі відаў падкормак, сярод якіх пружанскі сапрапель даў самы высокі вынік па развіцці каранёвай сістэмы, росце і стане раслін. Магчымасці новага арганамінеральнага ўгнаення, якое дапамагае засвойваць раслінам да 95% элементаў сілкавання ад мінеральных угнаенняў, падштурхнулі да больш актыўнага працэсу рэгістрацыі адпаведнай падкормкі з папярэдняй назвай «Ферціліс». Яшчэ адна карысць ад выкарыстання натуральнага рэчыва — у экалагічнай бяспецы. Спалучэнне сапрапелю з мінеральнымі элементамі дае магчымасць выпускаць арганамінеральныя ўгнаенні, якія ў пераважнай большасці будуць «працаваць» на расліны, а не трапляць у падземныя воды або ў паветра. Варта ўзяць да ўвагі і патэнцыяльную эканомію «мінералкі», якая з улікам цяперашняга кошту будзе складаць мільёны рублёў. А пры той жа норме ўнясення прагназуецца рост ураджайнасці ўсіх без выключэння культур у 2-3 разы. Адпаведныя заключэнні па выкарыстанні арганамінеральных угнаенняў з пружанскага сапрапелю далі навукоўцы з РУП «Інстытут прыродакарыстання НАН Беларусі». Цяпер адпрацоўваецца тэхналогія вытворчасці
Сёння ў кампаніі працуе 18 чалавек, летась з дапамогай той тэхнікі, што ёсць на балансе, змаглі здабыць крыху больш за 10 тысяч тон. Набыта неабходнае абсталяванне, на якім вядзецца перадпродажная падрыхтоўка сапрапелю, адведзены складскія памяшканні, частка сыравіны закладзена на захоўванне.


— У планах далейшы рост вытворчасці з павелічэннем працоўнага персаналу да 30 чалавек,— зазначае Рыгор Васільевіч.— Мы мяркуем, што хутка попыт на прадукцыю з сапрапелю будзе павялічвацца, таму паступова рыхтуемся да гэтага, развіваючы ўласныя магчымасці.
Будзем спадзявацца, што «арганічнае золата», якое падарыла нам пружанская зямля, абавязкова прынясе значную карысць. Прычым не толькі ў плане паляпшэння сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна, але і ў плане экалагічнай бяспекі.

Даведка «РБ»:
Сапрапель — гэта шматвяковыя донныя адкладанні прэснаводных вадаёмаў, якія сфарміраваліся з астаткаў расліннасці, жывых арганізмаў, планктону, дзякуючы чаму ўтрымліваюць вялікую колькасць арганічных рэчываў. Па каштоўнасці гэты здабытак яшчэ называюць «арганічным золатам». Аднак такая назва састарэла, у выніку новых адкрыццяў сапрапель можна смела прыраўноўваць да алмазаў.


Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік.