Воскресенье, 11 апреля 2021

Імгненне даўжынёй у пяцьдзясят гадоў. Пра сямейнае шчасце расказваюць Ніна і Аляксандр Грынкевічы з Шарашэва

473

Вясной кожны перажывае сваё каханне вастрэй. Для кагосьці яно толькі пачынае квітнець. Хтосьці яго з заміраннем сэрца яшчэ чакае. А вось Ніна Сцяпанаўна і Аляксандр Аляксандравіч Грынкевічы з першымі сонечнымі дзянькамі зноў і зноў перажываюць светлыя пачуцці, якім ужо шмат гадоў.


Больш за паўстагоддзя прайшло з таго часу, як мае героі, жыхары г.п. Шарашэва, сустрэліся на танцах у мясцовым клубе і больш не расставаліся.


Да таго часу Ніна Сцяпанаўна, ураджэнка в.Бортнавічы, паспела скончыць Гродзенскі кааператыўны тэхнікум. Пасля некаторы час працавала ў магазіне ў Арабніках. А калі ў 1969 годзе адкрыўся шарашэўскі ўнівермаг, пераехала ў пасёлак.


А вось давясельная “геаграфія” Сан Саныча, як яго называюць родныя і сябры, была значна шырэй. Нарадзіўшыся ў Шарашэве, амаль у сэрцы Белавежскай пушчы, ён, як і многія хлапчукі, у дзяцінстве марыў пра іншую стыхію — пра мора.


— Усе мае сябры марылі пра марскія прасторы. Хацелася насіць марскую форму — гэта ж рамантыка! — прызнаецца мужчына. — Таму пасля заканчэння школы невялікая шарашэўская кампанія з трох хлопцаў вырашыла паступаць у мараходную школу, якая на той момант знаходзілася ў г. Савецку Калінінградскай вобласці. Потым нас перавялі ў Кранштат. Пасля мараходкі працаваў у Таліне, на судне ваенна-дапаможнага флоту.


А ў 1965 годзе Сан Саныч трапіў з карабля на “баль”, дакладней, на … танк: маладога матроса прызвалі ў рады Савецкай арміі ў танкавыя войскі.


— Мабыць, лёс вырашыў, што мне трэба і ў дула танка паглядзець… У 1968 годзе нарэшце вярнуўся дадому, уладкаваўся працаваць на мэблевую фабрыку. А потым у адзін з выхадных — справа ж маладая! — вырашыў схадзіць на танцы, яны тады каля клуба праходзілі. Моладзі было шмат. Як цяпер памятаю, сярод дзяўчат асабліва вылучалася сваёй прыгажосцю і постаццю яна, мая Ніна. Ды можаце самі пабачыць, — кажа Аляксандр Аляксандравіч і паказвае фота паўвекавой даўнасці, якое захоўвае на сваім тэлефоне. А на здымку сапраўды — сама прыгажосць і пяшчота.


— А Саша які прыгажун быў! Не заўважыць такога хлопца было немагчыма, — прызнаецца Ніна Сцяпанаўна, для якой Сан Саныч і праз пяцьдзясят гадоў застаецца самым прыгожым і родным чалавекам…


Маладыя людзі пачалі сустракацца, а праз два гады, у 1971-м, пабраліся шлюбам.
— Некалькі месяцаў жылі ў бацькоў Сашы (там — сям’я вялікая, акрамя яго, яшчэ чацвёра дзяцей), потым перайшлі на здымную кватэру, — распавядае жанчына.


— А мой лёс, мабыць, — авантурыст па натуры, — смяецца Сан Саныч. — Мала мне, аказалася, было мора і танкаў, яшчэ да вяселля падпісаў кантракт на звыштэрміновую службу ў ракетнай часці, што размяшчалася паблізу Шарашэва.


Менавіта там да пенсіі і працаваў без малога дваццаць гадоў, знікаў на дзяжурствах цэлымі днямі. Маладая жонка сама гаспадарку вяла. А яна была немаленькая: свінні, куры, гусі, індыкі. Дзяцей гадавала…

Часам мужа нават у жарт называла кватарантам. Называла, але ж не страціла да мужа павагу. Яны даравалі адзін аднаму ўсе крыўды, стараліся своечасова гасіць сваркі, пазбягалі папрокаў. Да таго ж, Аляксандр Аляксандравіч вельмі любіў сына Віктара і дачку Святлану і пры любой магчымасці спяшаўся дамоў.


Аднойчы, 10 кастрычніка 1987 года (Ніна Сцяпанаўна і Аляксандр Аляксандравіч добра памятаюць той злашчасны дзень), матацыкл, на якім спяшаўся з працы старшы прапаршчык Грынкевіч, наскочыў на камень і ўрэзаўся ў сасну…


— Вярнуўшыся практычна з таго свету, я па-іншаму паглядзеў на сваё жыццё. Няма нічога даражэйшага за сям’ю, многае з будняў якой я ў сілу абставінаў прапусціў… Ужо даўно апусцелі лясныя бункеры, скончылася служба, а яны, жонка і дзеці, побач. І любяць мяне такім, які я ёсць. Адно магу сказаць: Ніна і дзеці прынеслі ў маё жыццё неверагодныя эмоцыі. Нашы нашчадкі выраслі годнымі людзьмі. Яны ўсё ўмеюць рабіць, таму што выраслі ў працы. Сёння наш Віктар у Шарашэве на пілараме працуе, а дачка Святлана — настаўніцай пачатковых класаў у пружанскай гімназіі. Нарадзілі нам пяць унукаў, малодшанькай Ангелінцы 14 сакавіка споўнілася два гадкі. Хіба гэта не шчасце?! — кажа мужчына.


— Шчасце, — згаджаецца з ім жонка. — Дзякуй Богу за тое, што жывём. За тое, што мы ўсё яшчэ разам… Калі шкадаваць, то толькі пра тое, што жыццё вельмі хутка бяжыць. Хочацца сказаць маладым: “Беражыце адзін аднаго. Нават 50 гадоў — гэта імгненне…”
Алена Зялевіч. Фота аўтара.