Пятница, 19 апреля 2024

Беларуская ветлівасць з амерыканскім акцэнтам. Знаёмцеся: Мікалай Слабада і яго сын Аркадзь

1 432

Той, хто знаёмы з навукай, ведае траекторыю руху атамаў. Яе можна параўнаць з хаатычным “малюнкам”, які часта любяць пакідаць на паперы, вокнах і шпалерах малыя дзеці. Ці ж не гэты малюнак – адлюстраванне нашага жыцця? Мне хочацца расказаць пра людзей, якіх лёс вадзіў па падобнай траекторыі. Яны мянялі краіны і нават кантыненты, але, у рэшце рэшт, прыехалі на сваю малую радзіму, у Пружанскі раён, дзе знайшлі занятак па душы і дзе пра іх загаварылі з гонарам і павагай.


Магазін, у якім прыемна
Крыху больш за год таму, здавалася б, звычайны фірменны магазін “Белморыс” нібыта ажыў. Мяркуйце самі: і ў будні, і ў выхадныя тут заўсёды шматлюдна. У дзень прывозу чарга выстройваецца нават на вуліцы. Гара-джан гандлёвы аб’ект прываблівае асартыментам мясной прадукцыі, выгаднымі цэнамі і акцыямі. А яшчэ чысцінёй, якасцю абслугоўвання і заўсёднай ветлівасцю, якая зыходзіць ад Мікалая Слабады і яго сына Аркадзія. Запрасіла сюды мужчын дырэктар ГЦ “Гефест”, у якім размяшчаецца магазін. На пытанне: “Чаму?” прагучаў адказ: “Пагаварыце з імі і самі зразумееце”.

Жыццё савецкае
На малую радзіму, у Пружанскі раён, Мікалай Слабада вярнуўся 14 гадоў таму. Пераехаў у Арабнікі з… Амерыкі. Але шляху праз акіян папярэднічала не адна краіна.
Мікалай Рыгоравіч – ураджэнец в.Котра. Калі хлопчыку было 10 гадоў, сям’я пераехала на Украіну. Там Мікалай скончыў школу, служыў у войску, ажаніўся.
Украіна была толькі адной рыскай у жыццёвай траекторыі. Разам з жонкай Наталляй Юр’еўнай давялося перабрацца ў Эстонію. Але пасля развалу Савецкага Саюза ў гэтай краіне сталі насцярожана адносіцца да людзей іншай нацыянальнасці. Тады сям’я зноў спланавала пераезд. Трапілі ў Аўстрыю, потым — у Італію. За кароткі час паспелі пазнаёміцца з эмігрантамі-яўрэямі, якія параілі пераехаць у Амерыку. Так пачаўся новы, амерыканскі, этап.

Беларускія «Амерыканцы»
Першыя восем месяцаў сям’я Слабада насіла статус бежанцаў і атрымлівала дапамогу ад дзяржавы. За гэты час муж і жонка падцягнулі ўзровень англійскай мовы і працягвалі рабіць гэта на працягу яшчэ 20-ці гадоў. Менавіта столькі пражылі ў Амерыцы.
Мікалай Рыгоравіч працаваў зваршчыкам. Затым рэзка змяніў сферу дзейнасці і стаў вадзіцелем таксі. Але адзін з сяброў запэўніваў у неабходнасці адкрыцця ўласнага бізнесу. Справа ў тым, што мужчына меў незвычайнае захапленне: вывучаў тэхналогію прыгатавання “савецкіх” каўбас, рабіў іх для сябе і сяброў. Так прыйшла думка адкрыць у Амерыцы ўласны магазін.
— Мы з сябрам сталі партнёрамі. Нягледзячы на фінансавыя цяжкасці, працаваць было цікава. Акрамя мяснога магазіна, працаваў каўбасны цэх. Адкрыў і невялікі рэстаран, — успамінае Мікалай Рыгоравіч.
Праца адымала шмат часу, але яна навучыла «амерыканскаму» падыходу да кліента. Жыхары Злучаных Штатаў, па словах Мікалая Рыгоравіча, упэўнены: мэта любога бізнесу – не абагачэнне, а якаснае абслугоўванне. Такое, каб кліент вяртаўся зноў. Гэты тэзіс мужчына запомніў на ўсё жыццё.

Вяртанне дадому
Напачатку 2000-х Мікалай Рыгоравіч вырашыў з’ездзіць у адпачынак у Беларусь. Размераны тэмп жыцця вельмі спадабаўся амерыканскаму беларусу, і ён вырашыў вярнуцца на радзіму. Свой бізнес у ЗША прадаў.
Ізноў пачаў шукаць сябе: адкрыў уласны прадуктовы павільён, працаваў поварам.
Малодшы сын Мікалая Слабады таксама раздзяліў захапленне бацькі поварскай справай. Не ўтойвае: хацеў вярнуцца ў Амерыку, успамінаў жыццё ў штаце Арэгон, у якім нарадзіўся. Але… каханне перамагло. Аркадзь сустрэў сваю «палавінку» і застаўся ў Беларусі. Праўда, перыядычна працаваў за мяжой. Яшчэ год таму гатаваў у адным з рэстаранаў Літвы. Магчыма, разам з жонкай і сынам перабраўся б туды канчаткова, але ўмяшаўся каранавірус. Так Аркадзь ізноў апынуўся ў Беларусі, куды з мамай і татам пераехаў, калі яшчэ быў падлеткам. Тады ж, у пятым класе, пачаў вывучаць рускую мову. Зараз ён выдатна размаўляе па-руску, але прызнаецца: часам не можа ўспомніць некаторых слоў, а ў маўленні чуецца акцэнт.
За год працы бацькі і сына пастаянных пакупнікоў тут стала намнога больш. Прыцягваюць не толькі ўсмешка, ветлівае абслугоўванне. Слабады змаглі больш зручна арганізаваць працу, напрыклад, увялі магчымасць папярэдняга заказу. Мікалай Рыгоравіч і Аркадзь упэўнены: такая форма дазволіла вывучыць попыт пакупнікоў і пазбавіла ад накаплення незапатрабаванай прадукцыі.

Замест пасляслоўя
— Можна сказаць, што я жыву ўжо трэцяе жыццё. І ў кожным было нешта сваё, непаўторнае. У першым, савецкім, мне падабалася жыць у ціхай і спакойнай Эстоніі. Дзякуючы другому жыццю, амерыканскаму, я навучыўся граматна абслугоўваць кліентаў, пабываў у лепшых рэстаранах свету, пасябраваў з людзьмі самых розных нацыянальнасцяў… Ну, а цяпер радуюся поспехам дзяцей і ўнукаў. Дочкі Элеанора і Крысціна жывуць у ЗША. Дарэчы, Крысціна не здрадзіла сямейнай традыцыі, працуе поварам. Старэйшы сын Данііл – шэф-повар у кафэ ў Польшчы. Ну, а Аркадзь тут, побач са мной, — разважае Мікалай Рыгоравіч.
— Застаўся і не шкадую, — дадае Аркадзь. — Тата заўсёды вучыў любіць людзей, адносіцца да іх з павагай, быць карысным для іх. Зараз я там, дзе больш за ўсё патрэбен.
Уладзіслаў Шпарла, тэкст і фота.