Четверг, 15 апреля 2021

«Газетка-дзетка» падвяла вынікі конкурсу «Кветачка для матулі» (+відэа)

1 606

Дарагія нашы юныя чытачы! Завяршыўся наш конкурс, прысвечаны матулям, і мы гатовы назваць імёны пераможцаў. Але спачатку дазвольце падзякаваць за дасланыя нам лісты, якія вы аздобілі рознымі малюначкамі, аплікацыямі і нават фотаздымкамі. І тым самым, раскрылі сябе з самага лепшага боку. Вы – самыя выхаваныя, добрыя, працавітыя і таленавітыя дзеці на свеце. І мы ганарымся знаёмствам з вамі.


Вельмі прыемна было даведацца, што ўсе вы, без выключэння, імкняцеся дапамагаць матулям на кухні, у садзе ці на агародзе. Клапоціцеся пра меншых брацікаў і сястрычак, любіце жывёл, падкормліваеце птушак. І ўвогуле стараецеся быць добрымі, паслухмянымі і адказнымі.


Але конкурс — на тое і конкурс, каб назваць тых, каму больш усміхнулася ўдача і хто аказаўся на маленькі крок наперадзе.


Нашы апладысменты гучаць у гонар вучаніцы 4 класа СШ № 5 Ганны Афонінай, якая напісала свой ліст на цудоўнай беларускай мове і паабяцала, у прыватнасці, дапамагаць матулі на сняданак гатаваць амлет і блінчыкі, клапаціцца пра старых людзей і пераводзіць іх праз дарогу, а галоўнае — дарыць цацкі тым, хто мае ў іх патрэбу.
Выхаванец цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Мацвей Якаўчук расчуліў журы сваім абяцаннем часцей гаварыць маме кампліменты і кожны дзень дарыць ёй сваю любоў.

Гімназістка Маша Мікус распавяла нам пра сваю мару: каб ніхто ў свеце ніколі не хварэў, каб у яе сяброў усё атрымалася ў жыцці. Апошні пялёстак “кветачкі-вясёлкі” дзяўчынка гатова аддаць таму чалавеку, які апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, якога можа выратаваць толькі цуд.
Прыгожы верш прысвяціў сваёй матулі вучань 4 “А” класа СШ № 3 Максім Кульбеда, які марыць дапамагаць дзецям, якія жывуць у прытулку, клапаціцца пра бяздомных жывёл. І хоча, каб на ўсёй зямлі быў мір.

А другакласніца СШ № 3 Танечка Лаптановіч любіць няньчыць малодшага браціка, сябруе з катом Пушком і вельмі перажывае за птушак, для якіх уласнаручна зрабіла кармушку.

Вучаніцы 2 “Б” класа СШ № 1 Ксенія Сушчанка і Каця Рубель свае чароўныя пялёсткі аддалі б на тое, каб ва ўсіх было шмат сяброў і каб не было вайны…


Адно з самых прыгожых і шчырых пасланняў даслаў у рэдакцыю вучань 3 класа СШ № 4 Андрэй Барушка, менавіта яго ліст мы вырашылі надрукаваць поўнасцю (чытайце ў нумары газеты за 24 сакавіка).


Сямі пераможцам конкурсу былі ўручаны падарункі, а майкі з лагатыпам «Раённых будняў» атрымалі аўтары лепшых твораў — Маша Мікус, Таня Лаптановіч і Андрэй Барушка (на здымках).
Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік.