Четверг, 15 апреля 2021

Дзе моладзі рэалізаваць сябе? Гэтае пытанне абмеркавалі падчас чарговай дыялогавай пляцоўкі

1 218

Маладзёжная дыялогавая пляцоўка прайшла 15 сакавіка ў вялікай зале райвыканкама. На гэты раз са старшакласнікамі гарадскіх школ гаварылі пра Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і дзейнасць маладзёжных грамадскіх арганізацый.


Адно з аб’яднанняў, дзе чакаюць ініцыятыўных і актыўных прадстаўнікоў моладзі, — гарадскі дзіцячы парламент, які функцыянуе ў Пружанах з 2009 года. Пра яго дзейнасць расказала Алёна Пухнарэвіч, якая курыруе гэтую работу. Больш за дзесяць гадоў існавання парламента маладыя людзі ўвасобілі ў жыццё шэраг праектаў, якія маглі ацаніць гараджане. У тым ліку дзякуючы дзіцячаму парламенту, Пружаны сталі трэцім у краіне горадам, які атрымаў статус сяброўскага дзецям. Да слова, сёння гэтым сімвалічным сертыфікатам валодае крыху больш за два дзясяткі гарадоў Беларусі.


«Нашы актывісты растуць, едуць вучыцца ў іншыя гарады, таму з моманту стварэння гарадскога дзіцячага парламента яго састаў, зразумела, памяняўся. Мы заўсёды рады ініцыятыўным маладым лю-дзям, якія гатовы рэалізоўваць свае слушныя ідэі», — зазначыла Алёна Міхайлаўна. Да слова, аб’яднаныя аднолькавымі інтарэсамі хлопцы і дзяўчаты сёння спрабуюць увасобіць у жыццё шэраг праектаў, сярод якіх правядзенне экалагічнага фестывалю, стварэнне прытулку для жывёл і іншыя.


Але, бадай, самай шматлікай, а таму і папулярнай маладзёжнай арганізацыяй не толькі ў раёне, але і ў краіне ўвогуле, застаецца Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. У асаблівай рэкламе ён не мае патрэбы, таму першы сакратар райкама БРСМ Аляксандр Бабігорац расказаў пра перавагі, якія маюць уладальнікі членскіх білетаў аб’яднання. Акрамя таго, Аляксандр Мікалаевіч расказаў, якім чынам райкам дапамагае арганізаваць другасную занятасць для маладых людзей. Дарэчы, высокую ацэнку работы па арганізацыі студатрадаўскага руху пружанскаму райкаму не раз давалі на абласным узроўні.

Паколькі ў гэты дзень традыцыйна па ўсёй краіне ішлі ўручэнні пашпартоў юным грамадзянам Беларусі, для дапытлівых удзельнікаў дыялогавай пляцоўкі быў падрыхтаваны наглядны экскурс у гісторыю пашпарта.


Начальнік аддзела па грамадзянстве і міграцыі РАУС Дзмітрый Касюк прынёс архіўныя дакументы, якія засведчвалі асобу з самага пачатку мінулага стагоддзя, і іх аналагі, у якія яны з цягам часу эвалюцыянавалі.
Марына Вакульская, Кацярына Масік (фота).