Пятница, 29 марта 2024

У Брэсце прайшла цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і лаўрэатаў абласнога этапу конкурсу «Жанчына года-2020»

501

У аўторак, 16 сакавіка, у Брэсце прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і лаўрэатаў абласнога этапу конкурсу «Жанчына года-2020», які ўжо трынаццаты раз праводзіць ГА «Беларускі саюз жанчын».


Падводзячы вынікі конкурсу, яго арганізатары заўсёды імкнуцца ахапіць усе накірункі і галіны, у якіх задзейнічаны жанчыны. Таму невыпадкова да традыцыйных пяці намінацый, у якіх дагэтуль вызначалі пераможцаў, сёлета ўпершыню была далучана новая — «Сэрца аддаю людзям». У існуючых рэаліях палічылі актуальным адзначыць і тых, хто штодзень ахвяруе сябе на карысць грамадства: медыкаў, якія аказаліся на перадавой у барацьбе з пандэміяй, настаўнікаў, што ўнеслі ўклад у патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення, жанчын-праваахоўнікаў.


Сёлета ў рэгіянальным этапе прыняло ўдзел каля паўсотні жанчын, аб’яднаных актыўнай жыццёвай пазіцыяй, з усіх раёнаў вобласці — харызматычных, яркіх, таленавітых, прыгожых, мудрых прадстаўніц жаночага руху Брэстчыны, кожная з якіх была дастойна перамогі. Годнымі канкурэнткамі сярод іх аказаліся прадстаўніцы Пружаншчыны. Старшая медсястра абласной псіхіятрычнай бальніцы «Магілёўцы» Ліка Гусак (на здымку злева) аказалася ў ліку пераможцаў — дыпламантам трэцяй ступені ў намінацыі «Сэрца аддаю людзям». А дырэктара Пружанскай цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Таццяну Гуторкіну, якая заяўлялася ў намінацыі «Духоўнасць і культура», журы адзначыла дыпломам лаўрэата конкурсу.
Марына Вакульская.