Воскресенье, 13 июня 2021

Беласнежная блузка, стыльная прычоска, лёгкі макіяж… Журналісты завіталі да 85-гадовай Зінаіды Татуевай

683

Былых выхавальнікаў, як і былых настаўнікаў, не бывае… Жыхарцы Пружан Зінаідзе Уладзіміраўне Татуевай на днях споўнілася 85 гадоў, ужо даўно жанчына адышла ад “выхаваўчых” спраў, аднак сустрэла журналістаў пры такім парадзе, што здавалася, зараз расчыніць дзверы — і ўвойдуць яе новыя выхаванцы: беласнежная блузка, стыльная прычоска, лёгкі макіяж…


— Так, жыццё абавязвае трымаць марку і не здавацца, паколькі самае цяжкае ўжо ззаду, — упэўненым тонам сустракае нас паважаны ў горадзе педагог, якая выхавала не адно пакаленне пружанскіх дзетак.
У самой Зінаіды Уладзіміраўны, ураджэнкі вёскі Непамацынаўка, дзіцячага садка — з выхавальнікамі і нянечкамі, цацкамі, песнямі — у жыцці не было. Нарадзіўшыся ў 1936 годзе ў простай сялянскай сям’і, у пяцігадовым узросце яна падзяліла сумную долю большасці тагачасных беларускіх дзяцей, якім давялося перажыць жахі нямецкай акупацыі, прымусовае высяленне на чужыну, голад і холад.


— І расставанне з бацькам… Ён жа ў мяне быў старшынёй калгаса, немцы хацелі яго расстраляць, але заступіўся мясцовы асаднік — і тату пакінулі ў жывых. Пазней вывезлі ў Германію, а нас з братам і маці — у Беласток. Больш мы з татам не бачыліся…


Мама зрабіла ўсё магчымае, каб дзеці выраслі добрымі і шчаслівымі людзьмі. Ды і сама Зінаіда Уладзіміраўна, па ўласным прызнанні, жыла сумленна і старанна вучылася, каб атрымаць адукацыю і вырвацца са, здавалася, вечнай галечы. Атэстат аб заканчэнні Сухопальскай сярэдняй школы, які наша гераіня беражліва захоўвае, — таму сведчанне.


Праўда, зноў-такі з-за недахопу грошай пасля школы нікуды не паступала. Уладкавалася на працу, а потым, назапасіўшы грошай, з’ехала вучыцца ў Брэст. Па заканчэнні педвучылішча малады спецыяліст некаторы час працавала піянерважатай, затым настаўніцай пачатковых класаў у Папялёўскай школе. Пазней яе прызначылі загадчыцай пачатковай школы ў в.Скорцы.


У 1961 годзе Зінаіда Уладзіміраўна выйшла замуж за жыхара Пружан і пераехала ў райцэнтр. Так тут і засталася.


Асноўным месцам яе працы стаў дзіцячы садок № 4 па вул. Чырвонаармейскай — у тым будынку насупраць стаматалогіі, дзе зараз размяшчаецца насенная лабараторыя.


— Ніякіх зручнасцей тады ў садку не было, аднак, дзякуючы печкам, у нас заўсёды было цёпла. Магчыма, таму многія бацькі імкнуліся ўладкаваць сваіх дзетак менавіта да нас. А можа, таму, што калектыў работнікаў быў вельмі добры? Меркаваць не мне… Ва ўсялякім разе, пры сустрэчы са мной былыя выхаванцы, ужо дарослыя людзі, заўсёды кажуць “дзякуй”. Хіба гэта не ўзнагарода? Але ў маёй памяці яны застаюцца маленькімі гарэзамі.


— Як я іх любіла! Памятаю хлопчыка Алежыка, які на маю просьбу вучыцца самастойна апранацца адказаў: “Я прыйшоў у дзіцячы сад, вось вы мяне і навучыце”. Памятаю і тое, як неяк павяла дзяцей на экскурсію ў гарадскі парк. Па дарозе распавядала пра карысць, якую птушкі прыносяць. Бачым: ляцяць галкі і ў дзюбах нясуць нейкія палачкі для гнязда. Дзеці як закрычаць: “Глядзіце! Птушкі карысць панеслі!”. Колькі такіх вясёлых момантаў было! Мілыя мае дзеткі, — з непрыхаваным замілаваннем Зінаіда Татуева распавядае пра сваіх выхаванцаў.


— А сваіх дзяцей у мяне было двое: старэйшы Гена ўжо сышоў назаўсёды, пакінуўшы пасля сябе чатырох сыноў… Малодшы Алег з чырвоным дыпломам скончыў інстытут замежных моў, ажаніўся. У яго нарадзілася дачушка, бабуліна ўцеха вачэй. Зараз чакаем праўнучку. Дзеці — гэта felicita, шчасце, іх трэба проста любіць, — на здзіўленне, на прыгожай італьянскай мове дае ўніверсальную параду наша цікавая субяседніца.


Усе трыццаць гадоў, што Зінаіда Уладзіміраўна знаходзіцца на заслужаным адпачынку, яна імкнецца зрабіць разнастайным свой вольны час. Шмат чытае, спявае, па магчымасці наведвае клуб “Гімнастыка для розуму”, які дзейнічае пры дзённым аддзяленні для пажылых людзей тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання. Там і пачала вывучаць італьянскую мову.


— Нават спявала на сцэне Палаца культуры знакамітую “Felicita”! — усміхаецца жанчына. — Каб ні хваробы, то і не задумвалася б ніколі пра свой узрост. La vita va avanti — жыццё працягваецца!
Аліна Майская.
Фота Кацярыны Масік.