Пятница, 16 апреля 2021

Зельзінскія старажылы. Пра жыццё ў паўпустой вёсцы расказалі Віктар і Ніна Жукі

877

Зельзін — далёка не самая маленькая вёска на Ружаншчыне. Праўда, на сённяшні дзень тут засталося ўсяго каля трох дзясяткаў жыхароў. Віктара Юльянавіча і Ніну Мацвееўну Жукоў называюць мясцовымі старажыламі: яны адны са старэйшых вяскоўцаў.


Простыя, працавітыя, шчырыя — так у Зельзіне гавораць пра сямейную пару Жукоў. На што яны самі сціпла зазначаюць: «Гэта не якасці, а стаўленне да сітуацыі». Сапраўды, сядзець склаўшы рукі ім ніколі не дазвалялі абставіны. Віктар Юльянавіч нарадзіўся ў вогненным 1941-м — пятым, самым малодшым дзіцем у бацькоў. Як і многім яго аднагодкам, хлопчыку рана давялося спазнаць, што такое сельская праца, якой цаной дастаецца кавалак хлеба, і здаваць многія іншыя пасляваенныя жыццёвыя экзамены.


— Закончыўшы сем класаў, пайшоў на трактар у Зеляневіцкую МТС, — расказвае Віктар Юльянавіч. — Шчыраваў там, пакуль не забралі ў армію. Пасля дэмабілізацыі восем гадоў працаваў у Магілявецкай псіхіятрычнай бальніцы. Наступным і апошнім месцам працы стаў саўгас «Праца». Працаваў там яшчэ некаторы час і на пенсіі, пакуль гаспадарку не ліквідавалі.


Сваю спадарожніцу жыцця Віктар Юльянавіч знайшоў непадалёку — у Ліберполі, які аддзяляла ад Зельзіна адлегласць у дванаццаць кіламетраў.


— Яшчэ ў маім дзяцінстве ў Ліберполі налічвалася ўсяго 21 хата, — успамінае Ніна Мацвееўна. — Сёння ўвогуле жыхароў не засталося: некалькі хутароў выкарыстоўваюцца пад дачы.


Каб атрымаць адукацыю, восем гадоў хадзіла ў Вільянаўскую школу, затым — у вячэрнюю ў Магілёўцы. Яе працоўная біяграфія цалкам звязана з Магілявецкай бальніцай, дзе яна працавала санітаркай больш за трыццаць гадоў.


Прыгожую, дагледжаную хатку Жукоў бачна здалёк.
— Жыць прыйшлі на бацькаўшчыну: ашалявалі хату, пераклалі печы, веранду прыбудавалі, пазней уставілі шклопакеты — расказваюць муж і жонка. — Праўда, спачатку за няхітрымі жыццёвымі клопатамі было не да прыгажосці: трэба было дзяцей гадаваць, вучыць, дапамагаць ім стаць на ногі. Таму, як і ўсе, трымалі вялікую гаспадарку. Гэта цяпер на падворку, акрамя курэй, ката ды сабакі, нікога не засталося.


Дзяцей у Жукоў трое. Бачна, як бацькі ганарацца кожнай з дачок. Старэйшая Алена жыве ў Пружанах, працуе галоўным эканамістам у райбальніцы. Сярэдняя Наталля засталася непадалёку ад бацькоў: жыве ў Магілёўцах, працуе бухгалтарам у псіхіятрычнай бальніцы. Малодшая Галіна перабралася ў Брэст. Яна — медык, працуе ў рэгістратуры. Багатыя Жукі і на ўнукаў.


— Ні на дзяцей, ні на ўнукаў не скардзімся — яны нас не абдзяляюць увагай: прыяз-джаюць, дапамагаюць. Хаця і самі стараемся не сядзець без справы: трэба варушыцца.


Тут у кожнага з пенсіянераў ужо свае інтарэсы. Ніна Мацвееўна, напрыклад, доўгія зімовыя вечары бавіла за вязаннем. А вось Віктар Юльянавіч, наглядзеўшыся па тэлевізары перадач пра скандынаўскую хадзьбу, больш падрабязна вывучыў яе тэхніку, змайстраваў сабе палкі і цяпер рэгулярна шпацыруе па вёсцы. Але пакрыху і жонку пры-вучае да гэтага карыснага занятку.


Акрамя сваякоў, сюды рэгулярна наведваюцца яшчэ пошта ды аўталаўка. Непатрабавальныя вяскоўцы не скардзяцца на жыццё: гавораць, прывязуць усё — толькі купляй. А вось на што балюча глядзець Жукам, дык гэта на тое, як дажывае свой век родная вёска: жыхароў у Зельзіне застаецца ўсё менш і менш…
Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча.