Суббота, 10 апреля 2021

Больш цынізму — менш рамантызму. Разважанні над паліттэхналогіямі

369

Хто піша на чыстай дошцы?
У жніўні – верасні па Беларусі пракацілася хваля масавых выступленняў, якія атрымалі розную ацэнку з боку палітыкаў, палітолагаў і проста грамадзян краіны. Адны ўбачылі ў іх стыхійнае народнае абурэнне, іншыя – сцэнарый «каляровай рэвалюцыі».
Лідары пратэстных выступленняў, якія суправаджаліся беспарадкамі, часткова затрыманы, часткова эмігравалі. У поле зроку сродкаў масавай інфармацыі часцей, чым іншыя эмігранты, трапляе Святлана Ціханоўская, былы кандыдат у прэзідэнты.


Пра Ціханоўскую розныя СМІ вялі гутарку неаднойчы ў мінулым годзе. Пісалі часта жвава, недзе з іроніяй, недзе з сарказмам. Сёння жартуюць менш. Таму што сітуацыя, створаная з удзелам Святланы, не надта вясёлая: спакойная еўрапейская краіна ў адно імгненне стала тэмай вядучых сусветных СМІ.
Іронія і сарказм у давыбарны час былі цалкам дарэчныя: ідэя паставіць на чале краіны хатнюю гаспадыню многім здавалася недарэчным жартам. Ціханоўская свой імідж жанчыны з народа адпрацоўвала цалкам: бянтэжылася перад натоўпамі пры-хільнікаў, не ведала, як сябе паводзіць у непрадугледжаных сцэнарыем сітуацыях, не ўмела знаходзіць кантакт з аўдыторыяй.
У стаўленні да такіх людзей ужываецца лацінскі тэрмін «tabula rasa» – чыстая дошка, пад якім звычайна маюць на ўвазе чалавечы розум без якіх-небудзь светапоглядных прынцыпаў.
Цяпер на гэтай «дошцы» з’явіліся знакі. Хто іх піша? Самыя розныя дзеячы. Ад бліжэйшага асяроддзя, такіх жа эмігрантаў, да прэзідэнтаў краін.
Сярод прэзідэнтаў першы – кіраўнік Літвы Гінтанас Наўседа. Што яму абяцае пасля прыходу да ўлады Святлана Ціханоўская – мы сапраўды не ведаем, але падазраём. З відавочнага можна прагназаваць фінал беларускага атамнага праекта, які для Літвы як костка ў горле. А гэта, нагадаем, дзесяць мільярдаў долараў, укладзеных у Беларускую АЭС. Так сабе пачатак для новага кіраўніка дзяржавы – зрабіць каралеўскі падарунак суседняй краіне.
Але гэта ў будучыні, і невядома, ці падобнае здзейсніцца. Сёння ж гульні з «абраным прэ-зідэнтам» адгукнуліся Літве пераарыентацыяй беларускіх грузаў з літоўскай Клайпеды на расійскія порты.
Відавочна, што пішуць на «дошцы» яе калегі па эміграцыі, якіх безыдэйнымі не назавеш ніяк. Таму і стала Святлана часцей выкарыстоўваць у адзенні бела-чырвоныя тоны, ужываць у зваротах беларускую мову, разважаць на тэмы, ад якіх яшчэ год назад была вельмі далёкая.

Наступіць увесну на восеньскія граблі
Сёння Святлана Ціханоўская заклікае беларусаў рыхтавацца да Дня Волі. Разважае пра тое, што значыць дзень 25 сакавіка ў беларускай гісторыі. Яшчэ год назад, я ўпэўнены, яна пра гэты дзень і не падазравала. Ды і сёння наўрад ці ён стаў для яе сакральнай датай.
Але трэба выкарыстоўваць любую нагоду для аднаўлення вулічных пратэстаў. Таму вось ужо некалькі дзён актыўна ў галовы карыстальнікаў інтэрнэту ўкладваецца думка пра тое, што неабходна масава выйсці на вуліцы менавіта 25 сакавіка, у дзень абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе. Як заўсёды, спрабуюць уздзейнічаць на эмоцыі.
Нагадаю чытачам, як прахо-дзіла імпрэза стагоддзя незалежнасці БНР у 2018 годзе. Выканкамы ў розных гарадах Беларусі задаволілі заяўкі на правядзенне святочных мерапрыемстваў. Канцэрты, выставы, мітынгі прайшлі з рознай ступенню шматлюднасці, але ў цэлым усё выглядала цалкам годна. Улада, хоць і скептычна ста-віцца да спадчыны БНР, не перашкаджала ўспомніць юбілей. Здавалася б, грамадства ідзе да нейкай адноснай гармоніі, да пагаднення розных светапоглядных прынцыпаў у імя адзінства народа. Але, мяркуючы па ўсім, не Ціханоўская і кампанія. Увесну яны з зацятасцю жадаюць ізноў наступіць на тыя ж граблі, што і леташняй восенню.
Былая кандыдат у прэзідэнты неаднойчы казала, як ёй шкада пацярпелых на мінскіх вуліцах. Але неяк не верыцца ў шчырасць гэтых кракадзілавых слёз. Калі табе сапраўды шкада людзей – не кліч іх на вуліцы, заклікай бацькоў берагчы сваіх дзяцей-студэнтаў. А калі ты іх заклікаеш выходзіць – значыць ніколькі табе іх не шкада.
І, акрамя таго, задамо сабе пытанне: у чым быў сэнс восеньскіх хаджэнняў? Каб як мага больш людзей сутыкнуць з сілавымі структурамі? Бо ніякай пэўнай праграмы сваім прыхільнікам у тыя дні лідары абурэння не прапанавалі. Проста хадзіць па вуліцах і атрымліваць удары дубінкамі?
Падобна, тую ж праграму прапануюць і ўвесну.
На што спадзяюцца? Не ведаю. Бо «рэжым» паказаў сябе цалкам устойлівым: дзяржаўнае кіраванне функцыянуе, эканоміка працуе, асобныя «крэатыўшчыкі» ў прынцыпе паўплываць на грамадства не могуць.

Прыгожы малюнак – зброя шэльмы
Вернемся да пытання, пазначанага напачатку артыкула: са стыхійным выступленнем ці падрыхтаванай акцыяй мы мелі справу?
Расійскі палітык Канстанцін Затулін меркаваў, што адсутнасць колькі-небудзь разумных дзеянняў з боку пратэстуючых зыходзіць са стыхійнасці пратэсту. Але магчымы і іншы варыянт: разумнага плана дзеянняў не было і няма з-за бесталковасці лідараў, іх мізэрнасці як арганізатараў.
А вось на карысць версіі пра падрыхтаванасць летне-восеньскага наступу на ўладу ёсць шэраг падазрэнняў. Нашым людзям у навінку шматлікія малюнкі з розных гарадоў Беларусі, а тым часам яны добра вядомыя тым, хто хоць крыху цікавіўся пытаннем інфармацыйнага суправаджэння «каляровых рэвалюцый».
Прыгожы малюнак у інфармацыйную эпоху – заклад спагады і суперажывання.
Многія з нас з суперажываннем успрымалі малюнкі, вядомыя пачынаючым паліттэхнолагам: самотная постаць са сцягам перад шарэнгай сілавікоў, дзяўчына на пратэстнай акцыі ўручае кветкі амапаўцу, інвалід у калясцы з атрыбутам, што сімвалізуе пратэст.
У нармальнага чалавека ўсё пералічанае выкліча адпаведную рэакцыю. Нармальны чалавек не дапусціць думкі, што ім маніпулююць шэльмы. Таму што нармальны не ўсведамляе глыбіні цынізму тых, хто спрабуе кіраваць яго эмоцыямі.

Свету робіць світа
Караля робіць світа. Гэта правіла дзейнічае і ў стаўленні нашай гераіні: Свету таксама робіць світа. Хто сёння толькі не акружае Ціханоўскую: прафесійныя рэвалюцыянеры, некаторыя ўжо ў другім пакаленні, людзі, якія не ведаюць, што такое праца. Але трэба аддаць належнае маніпулятарам: яны змаглі калі не раскалоць, то, ва ўсякім разе, надкалоць беларускае грамадства. Рэальнай сёння застаецца верагоднасць пагаршэння сітуацыі. Таму раскол трэба пераадольваць як мага хутчэй, пакуль не пачаліся неабарачальныя палітычныя і сацыяльныя зрухі. Абедзве часткі беларускага грамадства павінны быць зацікаўлены ў навядзенні мастоў. Пакуль жа эмігранцкая тусоўка наладжана на іх спальванне, ствараючы краіне адмоўны імідж за мяжой, дзе толькі гэта магчыма.
Гутарку мы пачалі з негатыву, які з’явіўся ў нашым жыцці летась. Тым не менш, сітуацыя, якая склалася, мае і свае плюсы. Да іх можна аднесці, напрыклад, адкрытую камедыйнасць структуры, якую ўзначальвае экс-кандыдат у прэзідэнты. Так, скажам, пытаннямі знешняй палітыкі загадвае ў Ціханоўскай трыццацідвухгадовы журналіст, які валодае англійскай мовай, Вячорка. Завуць загадчыка замежнымі справамі Франак Вінцукавіч. Для беларускага вуха гучыць прыкладна, як Урал Рамдракавіч. Але Урал Рамдракавіч Латыпаў, які быў некалі міністрам замежных спраў, па нацыянальнасці башкір, а Вячорка – беларус.
Урал Латыпаў прыносіў карысць беларускай знешняй па-літыцы. Франак Вінцукавіч і кампанія спрабуюць ёй наносіць як мага больш шкоды. Але не заўсёды атрымліваецца. Так, яшчэ адным для беларускага народа плюсам, а для эмігрантаў мінусам з’яўляецца адносная мяккасць уведзеных Еўрасаюзам санкцый. Адмовіліся ад якіх-небудзь кантактаў з самазванцамі ў Расіі, пра Кітай яны самі нават гаворкі не вядуць.

Збожжа і пустазелле медыйнага поля
Яшчэ адзін плюс можна ўбачыць у кансалідацыі беларускай дзяржаўнай прапаганды. Калі спачатку прапагандысцкі апарат быў адкрыта не гатовы да нападу ў стылі «каляровай рэвалюцыі», то цяпер ён стаў рэальным сапернікам замежных тэхналогій у інфармацыйным супрацьстаянні.
Таксама можна казаць пра кансалідацыю той часткі грамадства, якая стаіць за захаванне існуючых рэалій. Гэта частка народа цалкам рэальна ўсведамляе, што альтэрнатывай сучаснаму, хай не ідэальнаму, парадку можа стаць поўны хаос. У яго выніку знікнуць і парадак, і сацыяльныя гарантыі, і ўзровень дабрабыту.
Аператыўнасць і аргументаванасць дазволілі хутка выправіць памылкі і недапрацоўкі на медыйным полі, знаходзіць контраргументы на, здавалася б, бяспройгрышныя ўкіды апанентаў.
Спекуляцыям на тэму зніжэння жыццёвага ўзроўню ў нас супрацьпаставілі паказ жыцця «ў іх», дзе таксама не ўсё добра. Прычына гэтаму ва ўсіх адна – пандэмія. Сёння жыццё не паляпшаецца ні ў каго, таму што ўвесь свет сутыкнуўся з небывалымі выклікамі. І мы, дарэчы, спраўляемся з імі не так ужо дрэнна, таму што маем сучасную якасную медыцыну. У многіх горш.
Мы спазналі, што пратэсты, аказваецца, былі не такімі ўжо мірнымі, як нам хлусілі тэле-грам-каналы.
Мы ўбачылі, што групу дзеячаў, што аб’ядналася вакол Ціханоўскай, спрабуюць выкарыстоўваць сілы, якія не зацікаўлены ў існаванні моцнай беларускай дзяржавы. Гэта групка не падала не толькі якой-небудзь пераканаўчай праграмы развіцця краіны, але і выразнага плана ўласных дзеянняў. Пакуль усё ўпіраецца ў заклікі да лю-дзей выйсці на вуліцы.
Навошта? Калі ўлада выстаяла перад вулічным напорам увосень, чаму яна павінна саступіць увесну? Што змянілася прынцыпова? Нічога: ні зацятасць улады, ні ўпартасць сапернікаў. Тады навошта зноў падстаўляць пад дубінкі і вадамёты эмацыйных суайчыннікаў? Каб далей гастраляваць па Еўропе самазваным «прадстаўнікам» беларускага народа?

Быць рамантыкам не заўсёды добра
У згаданага Франака Вячоркі хутка будзе дзень нараджэння – 26 сакавіка. Ён рэвалюцыянер у другім пакаленні, яшчэ яго тата з маладых гадоў вадзіў натоўпы па Мінску. У тым ліку і 25 сакавіка. Франак у адным з інтэрв’ю казаў, што часта тата ў дзень яго нараджэння адсутнічаў: яго затрымлівалі на апазіцыйных акцыях напярэдадні, а як хацелася, каб ён быў побач у святочны дзень.
Жаданне цалкам зразумела і справядліва. Незразумелы паводзіны таты. Бо не міліцыянер вінаваты, калі дзіця пазбаўлена паўнаты сямейнага свята: ён не ведае пра дзень нараджэння. Ведае тата, які вядзе натоўпы на барацьбу, усведамляючы, што ў імкненні ашчаслівіць мільёны робіць няшчаснымі самых блізкіх.
Сёння мы мімаходзь закраналі тэму былога міністра замежных спраў і эфемернага загадчыка замежнымі справамі. Бог тройцу любіць: успомнім у кантэксце адносін «бацькі — дзеці» слова дзеючага кіраўніка МЗС Уладзіміра Макея. Разважаючы пра трывожныя падзеі ў нашай краіне, ён сказаў, што за свайго малалетняга сына гатовы горла перагрызці яго крыўдзіцелям. У маім разуменні, такім павінен быць сапраўдны бацька, а не той, які жадае ашчаслівіць цэлыя народы, не заўважаючы тых, хто бліжэй за ўсіх. Гэта маё суб’ектыўнае меркаванне, прашу прабачэння, калі яно кагосьці закранула.
І ў завяршэнні. Мінулы год выявіў шмат праблем. Адна з іх – праблема палітычнай культуры грамадства. Аказалася, што многіх з нас не так ужо і цяжка ашукаць розным авантурыстам, што інфантылізм, ці ў лепшым выпадку наіўны рамантызм, уласцівы многім са, здавалася б, сталых людзей. Таму мне хацелася б пажадаць гэтай групе грамадства нават не сталасці, а простага чалавечага цынізму. Трохі, зусім крышачку, далёка не ў такой колькасці, як у завадатараў новых выступленняў, якія сядзяць у поўнай бяспецы за межамі Айчыны. Не будзьце рамантыкамі ў стаўленні да тых, хто імкнецца спекуляваць на вашай шчырасці.
Алег Кунец.